Выбрать главу

А таму па добрай волі ніхто не хацеў там заставацца. Наадварот, кожны думаў, як бы адтуль збегчы. Згаджаўся на любое месца, толькі каб не быць там, у тым пекле.

Спачатку Міхась не разумеў, у чым справа, але дні праз тры і да яго дайшло. Ён зразумеў, што зноў трапіў у пекла накшталт бурацкага дацана ў Гусіным Возеры і клуба воднікаў у Енісейску. Тое ж беззаконне, той жа бруд з паразітамі, тая ж непасільная і невыносная праца на аб’екце, тое ж сістэматычнае недаяданне, тая ж жорсткасць і прыніжэнне чалавечай годнасці. Жылі там толькі тыя, хто працаваў на будаўніцтве ЦЭЦ — тады галоўным аб’екце горнаметалургічнага камбіната. На работу вадзілі пад узмоцненым канвоем і з сабакамі. У час працы амаль над кожным рабацягам стаяў паганяла. Нормы вялікія, іх мала хто спраўляўся выконваць. А як ужо вядома, той, хто іх не асільваў, караўся штрафным пайком, а то і кандзеем.

Уявіце сабе вечную мерзлату ды яшчэ ў зімовы час. Яна падобна на жалеза. А на ёй жа трэба капаць катлаваны пад падмурак. Механізацыі ніякай, асноўныя і адзіныя «механізмы» — гэта лом, кірка і рыдлёўка. Але для гэтага трэба былі дровы, ды яшчэ і сухія. А іх не было дзе ўзяць. Вось і спявай рэпку. Сумленнаму чалавеку хоць самому лажыся ў катлаван. Падганялы не звярталі на тваю слабасць ніякай увагі. Ім пайка забяспечана — і добра. А як правіла, імі былі крымінальнікі, якія даўно страцілі ўсякія чалавечыя пачуцці і годнасць. Ты для іх — ніхто. Вышэйшыя ж, вольнанаёмныя, начальнікі таксама глядзелі на ўсё гэта праз пальцы. Ім даручылі пабудаваць «сэрца камбіната» — ЦЭЦ, і яны будавалі, а як, якімі метадамі — ніхто не цікавіўся. Людзей яны не шкадавалі і не бераглі. Замест тых, хто выходзіў са строю, прыганялі новую партыю. А калі пачнуць здаваць пазіцыі і гэтыя, іх таксама заменяць іншымі. Машын не хапала, а што датычыць рабочага, людскога цягла, дык тут ужо недахопу не назіралася. Яго, гэтае цягло, штодзень «штопалі» органы энкавэдэ, у падпарадкаванні якога знаходзілася і гэта будоўля, як і ўсе новабудоўлі краіны. Для работнікаў гэтых органаў не важна было, як, якой цаной даецца такая будоўля, для іх галоўным быў сам вынік. Адным словам, любой цаной, абы дасягнуць мэты. Так ішло зверху, так працягвалі рабіць і нізы. Бо яны добра ведалі, што ніхто за гэта не пакарае, а што датычыць узнагарод, дык яны іх атрымаюць.

Адпакутаваўшы месяц, Міхась прыйшоў да вываду, што ён не выжыве — загіне. Чатыры гады зняволення далі аб сабе знаць. І ён вырашыў накласці на сябе рукі — пакончыць жыццё самагубствам. Ён падумаў: «Рана ці позна, а ўсё роўна зрабіць гэта давядзецца. Усё роўна я не вынесу больш і таго, што да гэтага мог выносіць. Такія пакуты не па маім сённяшнім здароўі…» Рашэнне было прынята. Заставалася толькі прыдумаць, дзе і як гэта зрабіць. «Каб пусцілі на завод, падышоў бы да каўша з расплаўленым металам і нырнуў бы туды галавой. Адна мінута страху — і ўсё ў парадку. Ды туды ж ніяк не пройдзеш. Адна надзея — пятля. Сёння-заўтра зраблю гэта!» — сказаў ён самому сабе.

І ён бы зрабіў, каб не адна акалічнасць…

Выратаванне

Назаўтра, у час разводу, нейкі незнаёмы чалавек, стоячы ля вахты, гучна спытаў:

— Слесары і токары-чыгуначнікі сярод вас ёсць?

— Я, — доўга не думаючы, сказаў Міхась.

Пачулася і яшчэ некалькі галасоў.

— На работу не выходзьце, пойдзем у дэпо.

Калі ўсіх рабацяг павялі на абрыдлы аб’ект, Міхасю разам з чатырма такімі ж самымі смельчакамі загадалі збірацца з рэчамі. Але спачатку павялі іх на «собеседование» да спецыялістаў. Гутарыць давялося з двума начальнікамі дэпо — паравознага і вагоннага. У кабінет запрашалі па адным. Першым трапіў Міхась.

— Вы да лагера дзе і па якой спецыяльнасці працавалі? — спытаў у Міхася адзін з начальнікаў.

— Спачатку на ленінградскім заводзе «Электрапрыбор» у якасці слесара, а потым па той жа спецыяльнасці ў вагонным дэпо станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі, недалёка ад Маскоўскага вакзала. Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.