— А ў паравозным дэпо вы часам не працавалі? — спытаў другі начальнік. — Паравозы рамантаваць не даводзілася?
— Не, з паравозамі справы не меў,— шчыра прызнаўся Міхась. Ён добра ведаў, што паравоз — складаная машына, гэта не вагон. А таму можна лёгка заблытацца і пагарэць.
— Іваноў, гэта па тваёй спецыяльнасці — вагоннік, — сказаў свайму напарніку паравозны начальнік-экзаменатар.
— Якія работы выконвалі ў вагонным дэпо? — ужо звяртаўся з пытаннем да Міхася вагонны начальнік. Міхась зразумеў, што гэта і ёсць прадстаўнік ад вагоннага дэпо, і ён тут жа паўтарыў свой папярэдні адказ:
— Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.
— А з рэсорамі даводзілася мець справу?
— А як жа, рамантаваў і іх.
— Добра, пойдзеце ў вагоннае дэпо, — сказаў вагонны начальнік. — Пачакайце трохі ў калідоры, пакуль мы з іншымі пагутарым, і потым разам пойдзем у дэпо, на месца будучай работы, — тлумачыў «вагоннік».
«Няўжо прайшоў нумар? — думаў Міхась. — Я ж у гэтых вагонах разбіраюся столькі, колькі баран у Бібліі ці свіння ў апельсінах. Ды што тут зробіш, трэба неяк жыць. Ніколі ў жыцці сваім не хлусіў, а вось цяпер давялося саграшыць перад сумленнем».
А ў лагеры было так. Што ты скажаш, таму і павераць, калі гэта датычыць тваёй прафесіі. У першыя гады свайго паднявольнага жыцця Міхась не разумеў гэтай механікі. А таму, калі часам звярталіся наконт прафесіі, ён называў сябе настаўнікам. А каму ў лагеры патрэбная такая прафесія? За ўсе чатыры гады ён папрацаваў па ёй усяго толькі каля двух тыдняў. Ён зразумеў — само жыццё падказала, — што ў лагерных умовах трэба набываць рабочую прафесію. Ён спрабаваў набыць прафесію шафёра, ды правакатар перашкодзіў: напісаў данос, што ён хоча ўцякаць з лагера. Што-што, а правакатары ўсюды ёсць — і на волі, і ў турме, і ў лагеры. Яму гаварыў яшчэ Уладзіміраў: «Забудзь ты на сваё настаўніцтва, яно тут нікому не патрэбна». Амаль тое ж самае паўтарыў пасля ўжо ў Дудзінцы і Андрэй Александровіч. Ён папярэджваў Міхася: «Міхаська, глядзі не паўтары маёй памылкі — не называй інтэлігентныя прафесіі, з імі тут не лічацца. Старайся авалодаць якой-небудзь рабочай прафесіяй».
Міхась улічыў парады сяброў і пры першым жа выпадку скарыстаў іх.
Калі майстар вагоннага дэпо спытаў у Міхася, што ён можа рабіць, той адказаў яму хітра:
— Што пакажаце, тое і буду рабіць.
— А гайкі і балты можаш наразаць?
— Спрабаваў, пастараюся і тут.
— А калі пакажу, як буксы рамантаваць?
— Пастараюся.
Майстар засмяяўся і сказаў: «Добра».
Слесар вагоннага дэпо
Майстрам механічных майстэрняў вагоннага дэпо быў вольнанаёмны, паважаны ўсімі чалавек сталага ўзросту — гадоў пад пяцьдзесят — Гарулёў Сцяпан Рыгоравіч. Акрамя яго вольнанаёмнымі ў дэпо працавалі яшчэ тры чалавекі: начальнік дэпо і два цесляры-сталяры — Ступнікаў Іван Міхайлавіч і Дулесаў Мітрафан Пятровіч. І пятым паміж імі хадзіў па дэпо і яго майстэрнях стралок-ахоўнік. Астатнія — чалавек сорак, — у тым ліку і галоўны інжынер Ларын Сямён Пятровіч, былі зняволеныя. Але жылі яны і працавалі ў такіх узаемаадносінах, што цяжка было зразумець, хто з іх зэк, а хто вольны.
Першы дзень Міхась наразаў гайкі. Майстар паказаў яму, як гэта робіцца (на яго вачах нарэзаў сам тры гайкі), потым прапанаваў тое ж самае паўтарыць і Міхасю, і ён, на здзіўленне майстра і самога сябе, зрабіў гэта не горш за майстра. Гарулёў пахваліў Міхася і пажадаў поспехаў у асваенні новай прафесіі. Да канца змены Міхась нарэзаў цэлую кучу такіх гаек, адразу выканаўшы норму рабочага дня. Пасля заканчэння змены яго разам з усімі работнікамі павялі ў палатку, у якой жылі выключна чыгуначнікі, у асноўным — паравознікі і вагоннікі. Але перш чым пасяліць яго туды, завялі ў санпрапускнік, дзе памылі самога і прасмажылі адзенне, пры гэтым бялізну замянілі на новую. Таксама памянялі бушлат і ватныя штаны, хоць і на старыя, але ж не парваныя. Пасля ён асмеліўся папрасіць замяніць і валёнкі. Яму і тут пайшлі насустрач: замест старых, запэцканых і стаптаных валёнак далі падношаныя, але цэлыя, падшытыя лямцам. І толькі пасля ўсяго гэтага павялі ў палатку і адвялі месца на нарах, дзе ўжо ляжалі матрац, набіты саломай, і такая ж падушка. Далі таксама нешта падобнае і на коўдру. Ні прасцінаў, ні навалачак у той час і ў гэтай палатцы яшчэ не было. Яны з’явіліся там значна пазней. Міхась і такому камфорту быў вельмі рады.
Назаўтра майстар прапанаваў яму ўжо наразаць балты. І таксама спярша на яго вачах сам нарэзаў некалькі штук — паказаў на прыкладзе, як гэта робіцца. Работа таксама здалася Міхасю памяркоўнай. Да канца змены, як і напярэдадні з гайкамі, ён напаласаваў іх цэлую кучу.