— Маладзец, Асцёрскі! Бачу, што цябе недарэмна сюды ўзялі, апраўдаеш давер начальніка дэпо, — сказаў майстар.
І нарэшце, на трэці дзень, майстар прапанаваў Міхасю яшчэ адну новую работку.
— Ну, Асцёрскі, а цяпер паспрабуеш выконваць больш складаную і адказную работу, — будзеш рамантаваць буксы. Дарэчы, ты іх бачыў хоць калі-небудзь ці не?
— Адзін раз — гадоў шэсць таму назад, — шчыра прызнаўся Міхась.
— А дзе ж гэта табе пашчасціла ўбачыць?
І Міхась коратка расказаў пра выпадак з буксай.
— А было так, — пачаў ён, — ехаў я з канікул ад бацькоў — перад пачаткам заняткаў у інстытуце (я тады яшчэ быў студэнтам педінстытута ў Ленінградзе). Гэта было ў жніўні, здаецца, 1935 года. Падышоў да акна і пачаў любавацца прыродай. Нечакана ўбачыў, як з-пад вагона раптам паваліў дым. Побач са мной стаялі яшчэ два чалавекі — мужчына і жанчына. Вось я і пытаюся ў іх: «Адкуль гэта дым прэ?» — «Гэта, пэўна, букса загарэлася», — сказаў мужчына. «А гэта небяспечна?» — пытаюся. — «Можа быць аварыя», — адказаў той. «Дык што ж будзем рабіць?» — «Трэба затармазіць, націснуць на стоп-кран», — сказаў, а сам баіцца, як бы чаго не выйшла. Тады я, доўга не думаючы, сарваў пломбу і са ўсёй сілай націснуў на гэты стоп-кран. Не прайшло і пары мінут, як цягнік зарыпеў сваімі тармазамі і спыніўся. І тут адразу ж да вагона прыбегла ўся цягніковая брыгада. «Хто спыніў цягнік? — было першае пытанне. «Я», — адказваю смела. «Што прымусіла вас зрабіць гэта?» — «Пажар», — сказаў я. «Дзе?» — «Нейкая букса гарыць», — гавару я наіўна.
Калі гэтыя спецыялісты-вагоннікі паглядзелі на буксу, то проста ахнулі. Яны як толькі маглі пастараліся патушыць ахопленую полымем буксу, але цягнік пакуль што далей не пайшоў. Адразу ж было паведамлена ў дэпо, у Ленінград. І пакуль адтуль не прывезлі новую колавую пару, а таксама буксу, цягнік стаяў нерухома. На гэта пайшло 12 гадзін. А цягнік жа гэты, як на грэх, быў хуткі — Адэса — Ленінград. Людзі хваляваліся, кожны кудысьці спяшаўся, а тут на табе — вымушаная стаянка. Шчыра кажучы, я і сам ужо пасля праклінаў сябе, што зрабіў гэта. Бо да Ленінграда заставалася кіламетраў сорак, гэта недалёка ад станцыі Вырыца, дзе мы тады «загаралі». Ад чыгуначнай службы я атрымаў тады вусную падзяку, а ад дырэкцыі інстытута — пісьмовую вымову за спазненне на заняткі. Можа б, там, у інстытуце, і не даведаліся аб маім спазненні, дык падвёў мяне ліцерны (бясплатны) праязны чыгуначны білет, які я па прыездзе павінен быў паказаць у канцылярыю інстытута. Вось так я тады ўпершыню ў сваім жыцці і пазнаёміўся з буксай.
— Расказ цікавы, — сказаў майстар. — Малайчына! Ты тады выратаваў цягнік ад магчымай аварыі. Ведаеш, што магло б здарыцца? Мог бы загарэцца сам вагон, магла пераплавіцца і пераламацца сама шыйка восі, на якой круціцца кола, і тады — непазбежная аварыя ўсяго цягніка. А гэта значыць, незлічоныя чалавечыя ахвяры. Так што ты дарэмна шкадаваў страчаны час. Ды і вымова, якую ты тады атрымаў ад дырэкцыі інстытута, — нішто супраць таго, што магло б здарыцца, калі б ты не адважыўся на такі рызыковы, але пачэсны ўчынак. А цяпер давай зоймемся рамонтам самой буксы.
Майстар па-бацькоўску паказваў і тлумачыў Міхасю, што і як рабіць. Тут Міхасю было ўжо значна цяжэй. Трэба было ведаць, дзе і як трэба накласці металічны лапік на пакалечанае месца буксы. Трэба добра валодаць і пілой, і напілкам, і рашпілем, і нажоўкай, і зубілам, і малатком. Справа новая, да ўсяго трэба прывыкаць і прыстасоўвацца. Калі ўжо адвячоркам падышоў да яго майстар і паглядзеў на вынікі яго працы, то не вытрымаў і сказаў:
— Працаваць ты будзеш, але пакуль што ў цябе яшчэ не ўсё клеіцца. Ды гэта дробязь. Спадзяюся, што і гэту справу ты адужаеш.
А калі дні праз тры начальнік спытаў у майстра, як працуе яго «навічок», той адказаў:
— Прысылайце паболей такіх слесараў. Хлопец што трэба — і кемлівы, і працавіты.
— Ну што ж. Пайду табе насустрач: сёння ж прышлю табе яшчэ аднаго слесара, толькі ўжо не беларуса, а ненца, тутэйшага.
— Нешта я не чуў, каб хто-небудзь з ненцаў займаўся слясарнаю справай.
— Дык вось цяпер ты не толькі пачуеш, але і ўбачыш і разам з ім працаваць будзеш.
І сапраўды, у той жа дзень, праз якую-небудзь гадзіну ў цэх прывялі чалавека сярэдніх гадоў, невысокага росту, каржакаватага, з маленькімі, але жвавымі вачамі, з вусікамі. У цэх ён увайшоў нясмела, але і не баязліва. Тактоўна павітаўся і назваў сваё імя і прозвішча: