Выбрать главу

— Завуць мяне Туя, а прозвішча Тая. Я слесар вагоннага дэпо.

— Да гэтага ты працаваў дзе-небудзь па гэтай спецыяльнасці? — спытаў у яго майстар.

— Мой працаваў у Варкута слесар вагоннага дэпо. Мой многа працаваў слесар вагоннага дэпо. Чатыры лет і зім працаваў слесар вагоннага дэпо.

— У лагеры даўно знаходзішся? — спытаў ужо Міхась.

— Мой чатыры лет і зім працаваў у Варкута слесар вагоннага дэпо.

— Калі цябе арыштавалі? — дапытваўся Міхась.

— У трыццаць сёмым год, снег таяў, і мяне ўзялі.

— А за што ўзялі?

— Я хацеў Сталін і Варашылаў забіць.

— І не забіў? — жартаваў ужо майстар.

— А навошта іх біць, няхай жывуць. Я хачу жыць, і яны хочуць жыць.

— Аленяў жа ты забіваў?

— Э-э, алені ж мяса даюць, а яны што?

— Якая ў цябе сям’я засталася? — спытаў майстар.

— Я слесар вагоннага дэпо.

— Жонка, дзеці ёсць?

— Адзін жон, два дзеці — сын і дзяўчынка.

— З кім яны цяпер жывуць без цябе?

— Мой слесар вагоннага дэпо.

— Я пытаюся ў цябе пра жонку і дзяцей.

— Мой нічога пра іх не ведае.

— Скора дамоў? — спытаў Міхась.

— Мой слесар вагоннага дэпо.

— Я пытаюся, колькі гадоў засталося быць у лагеры? Чатыры ты адсядзеў, а яшчэ?

— Яшчэ? — падумаў і паказаў на пальцах — шэсць.

— Туя, — звярнуўся да яго майстар, — будзеш працаваць разам з гэтым чалавекам, — ён паказаў на Міхася, — Міхаілам Асцёрскім.

— Карачо, мой будет працаваць Міхаіл Асцёрскі слесар вагоннага дэпо.

— Туя, заві мяне Міхасём, так лягчэй, — параіў яму Міхась, і той згодліва кіўнуў яму галавой.

Так і пачалася сумесная праца Міхася з Туем. І, трэба сказаць, Міхасю пашанцавала: Туя і на самай справе быў сапраўдным вагонным слесарам, у яго можна было павучыцца гэтай справе. Ці гэта букса, ці тормаз, ці рысора, ці нават падшыпнік — усё гэта скаралася яго залатым рукам.

І рабіў ён усё з ахвотай і нават з азартам.

Дзякуючы Тую Міхась хоць прыблізна, але пачаў разумець слясарную справу. Яму ўжо не сорамна было паказаць людзям, а тым больш таму, ад каго залежаў яго далейшы лёс — начальству, — сваю прадукцыю. Калі ўпершыню ён зайшоў у гэту майстэрню-цэх, не ўмеў трымаць у руках пілы і рашпіля, а таксама гаечнага ключа. А як папрацаваў разам з Туем усяго толькі адзін месяц, яму як быццам хто адкрыў вочы на ўсе слясарныя хітрыкі. І ўжо дайшло да таго, што яны разам са сваім напарнікам пачалі падрабляць на сваіх слясарных вырабах: каму зробяць замочны ключ, каму складаны ножык ці яшчэ якую рэч. Глядзіш, на махорку ці на лішні кавалак хлеба ўжо і ёсць. Так яны і падтрымлівалі сябе.

Міхась глядзеў на свайго напарніка і думаў: «Вось як могуць гінуць ні за грош таленавітыя і працавітыя людзі. Гінуць яны ў тундры «на волі» і гінуць у няволі — у шмат якіх лагерах, размешчаных па ўсёй Поўначы і Паўночнаму Усходу. Колькі такіх Туяў згінуць бясследна. А якую б карысць яны маглі прынесці сваёй краіне, свайму народу!»

З Туем цяжка было працаваць толькі ў адных адносінах: ён слаба разумеў па-руску, яшчэ горш гаварыў. Аб чым бы хто ў яго ні спытаў, ён, не разумеючы пытання, адказваў трыма словамі: «Слесар вагоннага дэпо». Такім быў яго славарны багаж. Больш слоў у яго не знаходзілася.

— Як справы, Туя? — пыталіся ў яго.

— Слесар вагоннага дэпо, — чуўся адказ.

— Як здароўе, Туя?

— Слесар вагоннага дэпо.

Міхась не кпіў з яго, наадварот, спачуваў свайму сябру і стараўся дапамагчы, як толькі мог.

Новыя прафесіі

Неяк раз да Міхася падыходзіць майстар і кажа:

— Як справы, Асцёрскі? Як працуецца? Якое самаадчуванне?

— Дзякую, Сцяпан Рыгоравіч, усё добра.

— Ну, і дзякуй богу, — сказаў той.

Потым ён пастаяў, пастаяў і нарэшце сказаў тое, чаго прыйшоў:

— Вось што, даражэнькі Міхась. Захварэў наш малатабоец Юмас, ты яго, пэўна, ведаеш. Яго паклалі ў бальніцу. А замяніць няма кім. Дык, можа, ты выручыш нас — заменіш яго на нейкі час?

— Я не супраць, але ж ніколі молата ў руках не трымаў. Баюся, што не спраўлюся, — сказаў Міхась шчыра, так, як і думаў.

— Гэтага ты не бойся, — супакойваў майстар. — Ты ж і да слясарнага верстака прыйшоў з такімі ж самымі ведамі, а цяпер, бачыш, як авалодаў справай. Я папярэджу каваля, ён чалавек добры, усё зразумее.

— Воля ваша, я згодзен.

— Ну, і добра. Заўтра адразу ідзі не ў цэх, а ў кузню.

Як і дамовіліся, назаўтра Міхась зранку скіраваў прама ў кузню. Каваль сустрэў зычліва і цёпла. Відаць, папярэдне майстар пагаварыў пра яго, як гэта і трэба было ў такіх выпадках. Звалі каваля Мікалаем Паўлавічам Макаравым. Сам ён ленінградзец, але не з самога Ленінграда, а з вобласці. Калі яны разгаварыліся, дык высветлілася, што адначасова знаходзіліся ў «Крыжах» і таксама ў перасыльнай ленінградскай турме. Толькі з Ленінграда іх адпраўлялі рознымі этапамі-эшалонамі і ў розныя месцы.