Выбрать главу

Гэты чалавек, як і нядаўна Карчоў, парог камеры пераступіў нясмела, насцярожана. Нават і тады, калі з громам зачыніліся акаваныя жалезам дзверы, ён з хвіліну пастаяў ля парога, абвёў поглядам камеру і яе насельнікаў, адкашляўся і ціха прамовіў:

— Здрасці!

— Здароў,— адказаў за ўсіх Карчоў,— праходзь, чаго стаіш? Размяшчайся, як табе зручней. Тут усе свае людзі. Ніхто цябе не пакрыўдзіць. Не кусаюцца.

— Дзякую, добры чалавек, — сказаў навічок і скіраваў да сцяны, ля якой ляжаў голы шчыток замест ложка і тапчана. Ён сеў на край шчытка і паклаў паміж ног саматканую торбачку.

— Ну, расказвайце, як і за што сюды трапілі? — спытаў Міхась.

— Дайце ж чалавеку агледзецца, — не стрымаўся Красноў,— паспееце са сваімі роспытамі.

— Ды не, нічога, я ўжо аглядзеўся, — пасмялеў навічок.

— Калі так, то назавіцеся, хто вы і адкуль…

— Я — калгасны пастух з Тосненскага раёна, з вёскі Дзябуны, а калгас носіць імя таварыша Сталіна. Зваць мяне Эрві, а прозвішча Калелайнен, — гаварыў ён на ломанай рускай мове.

— Вы — фін?

— Фін. Наша вёска ўся фінская.

— Вас што, проста ад кароў узялі і сюды прывязлі? — спытаў Міхась.

— Не, з дому, ноччу. Спачатку завязлі ў Тосну, у раённае энкавэдэ. Там ёсць невялічкая свая турма. Патрымалі з тыдзень, колькі разоў павадзілі на допыты і — у Ленінград, у гэтыя знакамітыя «Крыжы», якія я ўсё жыццё баяўся як чорт ладану.

— І ў чым жа вас абвінавачваюць?

— Ах, маўчыце, у дробязі, але гэтую дробязь раздзьмулі..

— А іменна?

— Аблаяў калгасную карову рускім матам…

— За што ж вы яе?

— Забралася ў канюшыну, і я па-добраму ніяк не мог адтуль яе выправадзіць. Ну, і не ўтрымаўся ад брыдкіх слоў. А вакол жа людзі. Куды ад іх дзенешся? Вось хтосьці пачуў, напісаў данос — і будзь здароў. З-за каровы і «загараю» па турэмных камерах.

— Так вам і на следстве сказалі?

— Так і сказалі: «Чаму ты аблаяў калгасную, а не чыю-небудзь асабістую карову?» — «Дык я ж асабістых кароў не пасу». — «Гэта няважна, што не пасеш, а сутыкаешся ж з імі кожны дзень. Ды і сваю маеш, але не лаеш. Шкадуеш? Ты ненавідзіш калгасны лад. Зразумеў? Калі не, дык мы цябе даўно зразумелі. Ты вораг усяго калгаснага, а значыць, вораг і нашага народа!»

І потым той жа следчы сказаў, што мяне будуць судзіць за контррэвалюцыйную агітацыю па артыкуле 58, пункт 10. «І ўлепяць табе, як багатаму, дзесяць гадоў», — сказаў ён на развітанне. Не ведаю, можа, тут разбяруцца і выпусцяць. Тут, па-мойму, следчыя разумнейшыя. Бо хто цяпер не лаецца рускім матам! Нават у следчых і ў тых з языка не сыходзіць. Пры гэтым яны яшчэ лепей за нас умеюць лаяцца.

— А білі вас там ці не? — спытаў Красноў.

— Іншых білі, а мяне не, бо я нічога не адмаўляў, акрамя таго, што ненавіджу савецкую ўладу і збіраюся ваяваць супраць яе.

— А вось тут могуць і біць.

— Я пастараюся, каб да гэтага не дайшло. Што прапануюць, тое і падпішу.

— А калі вам напішуць, што вы хацелі Смольны ўзарваць і Жданава забіць, вы таксама падпішаце?

— Не, такога не падпішу! Ды гэтага яны мне і не напішуць. Я не ленінградзец. Такое яны могуць пісаць вам, гараджанам.

— Ну што ж, пажывём — пабачым, — падвёў рысу Красноў.

— З вашай вёскі толькі вы трапілі за краты ці яшчэ хто? — зноў падключыўся Міхась.

— Чаму толькі я? Я там быў, можа, апошні. А першы трапіў калгасны старшыня, потым — два брыгадзіры і іншыя актывісты. З нас, мужчын, мала хто застаўся на свабодзе. Амаль усе «гасцююць» тут.

Божы чалавек

Тры чалавекі ў камеры — самы раз. А тут праз пару дзён на парозе зноў стаіць новы чалавек: нібы недзе там развязаўся мяшок і іх рассоўваюць па адным у кожны куток. Гэта быў чалавек гадоў трыццаці пяці, бландзіністы. Ён раскланяўся, ветліва павітаўся са «старажыламі» і папрасіў дазволу прайсці ў дальні кут, што супраць шчытка. Паставіў сваю торбачку і штосьці пашаптаў сам сабе. На ўсе пытанні адказваў коратка, лаканічна, але шчыра. Звалі новага жыхара Кальвам Адамсанам, ён быў эстонец.

— Адкуль вас бог прынёс, малады чалавек? — звярнуўся да яго Карчоў.

— З горада Гдова былой Пскоўскай губерні.

— А чым займаліся там?

— Цясляр я і часткова сталяр. Дамы будуем брыгадай братоў і сясцёр.

— Няўжо ў вас столькі братоў і сясцёр, што цэлую брыгаду стварылі?

— Многа, толькі не тых, пра якіх вы думаеце. Братоў і сясцёр у Хрысце.

— Як гэта «ў Хрысце»? — нічога не разумеючы, пытаўся ў яго Карчоў.