— Шкада мне пакідаць вас, — гаварыў Асцёрскі,— але што зробіш: жыццё наша такое — куды пашлюць, туды і пойдзеш. Ты — нявольнік.
— Ну, нічога, Міхась, спадзяюся, што мы яшчэ разам папрацуем і не раз адвядзём душу за расказамі. Ты толькі, браце, не забывай нас — пры выпадку заходзь, шкадаваць не будзеш, — жартаваў Макараў.
Токар-шыечнік
— Ну, Асцёрскі, чым цяпер будзем займацца? Зноў буксы рамантаваць будзем? — сустрэў Міхася майстар, калі ён пасля працы ў кузні вярнуўся ў цэх.
— Што загадаеце, тое буду і рабіць, — па-салдацку адказаў Міхась. — Я цалкам у вашай уладзе.
— Мы разам з начальнікам вось што тут падумалі,— пачаў майстар ужо сур’ёзна. — Нам патрэбен будзе калёсны токар, дык мы вырашылі прапанаваць табе асвоіць гэту прафесію. Ты — хлопец кемлівы, павучышся месяц-другі і будзеш працаваць самастойна.
— А хто будзе вучыць мяне? — спытаў Міхась.
— Князеў Віталій, — тлумачыў майстар. — Яго забіраюць ад нас у паравознае дэпо. Але мы паставілі такую ўмову перад кіраўнікамі-паравознікамі і перад ім самім, што пакуль ён не падрыхтуе сабе замену, згоды на яго перавод не дадзім. Спецыяліст ён добры і чалавек неблагі. Так што ўсё будзе ў парадку.
— Добра, я згодзен.
— Але ты, Міхась, запамятай, што тачыць будзеш не бандажы, а толькі шыйкі колаў. Зразумеў?
— Зразумеў — буду токарам-шыечнікам. Так?
— Правільна зразумеў: будзеш вучыцца на токара-шыечніка, — сказаў майстар. — Гэта работа пачэсная, але і адказная. Работа высокай кваліфікацыі — 6–7 разрадаў. А значыць, і аплата высокая.
— Буду старацца асвоіць і такую спецыяльнасць, — паабяцаў Міхась свайму шэфу.
Вось так і пачаў асвойваць новую спецыяльнасць Асцёрскі. Кім толькі не быў ён за чатыры гады лагернага жыцця — лесарубам, землякопам, мостабудаўніком, рэйкаўкладчыкам, абходчыкам, дрывасекам, мулярам, маляром, тынкоўшчыкам, грузчыкам, выхавацелем, настаўнікам, малатабойцам, слесарам… І нарэшце — токарам.
Такарная справа Міхася даўно цікавіла, толькі не такая аднастайная. Гадзіна ў гадзіну, дзень у дзень трэба было рабіць адно і тое ж — тачыць шыйкі колавых пар, пры гэтым не новыя, а тыя, якія сапсаваліся ў дарозе ад гарэння буксаў і іншых дэфектаў.
— Вось бачыш, з якімі шыйкамі прыходзяць колавыя пары? — паказваў Міхасю яго настаўнік Князеў.— Як быццам хто іх скуламі ўсыпаў. А ад чаго б, ты думаў, гэта? Ад гарэння буксы. Метал плавіўся і на падшыпніках і на саміх буксах.
— А чаму так магло здарыцца? — пытаўся Міхась.
— А вось трапілі ў буксу маленькія каменьчыкі ці буйныя пясчынкі, а вагоншчык, які сочыць за гэтым, своечасова не заўважыў, не памяняў паклю, не заліў туды масла-мазуты — і будзь здароў,— тлумачыў Князеў.— Тут, браце, трэба вока і вока! А вось другі прыклад, — працягваў ён. — Бачыш, з якой шыйкай вось гэта колавая пара? Як толькі яна дапяла да дэпо, — і ён паказаў на колавай пары шыйку, зведзеную на нітку.
Калі Міхась паглядзеў на тую шыйку, то ён не паверыў сваім вачам. У гэтай шыйцы, у самай сярэдзіне яе, была канава. Яна падзяляла шыйку папалам.
— З такой шыйкай нам рабіць ужо няма чаго, — зноў тлумачыў Міхасю яго настаўнік. — Тут спачатку трэба памяняць самую вось, а тады ўжо можна будзе і апрацоўваць яе. А вось гэту, — паказаў ён на шыйку з другой колавай пары, — нягледзячы на глыбокія «барозны», можна апрацаваць. Але май на ўвазе, — працягваў ён, — кожную шыйку, перш чым апрацаваць, ды і пасля апрацоўкі, ты павінен змераць штангелем ці ў крайнім выпадку кранцыркулем — азначыць яе дыяметр. Калі ён вытрымлівае ўстаноўленую норму, здавай вагоннаму майстру, як гатовую прадукцыю, а не — адрасуй на замену восі.
Такім чынам яны пераглядзелі цэлы тузін колавых пар, падрыхтаваных для апрацоўкі.
— Запамятай, Міхась, адно, што кожную каравую, скуластую шыйку ты павінен будзеш перарабіць у гладкую, як шкло, і бліскучую, як люстра. Зрабіць яе такой, каб ты мог бачыць у ёй адбітак свайго твару, — сказаў у заключэнне настаўнік.
— Дзякую, Пётр Пятровіч, за навуку і за парады, — гаварыў Міхась свайму настаўніку. — Я буду рабіць усё, каб вас не падвесці і сябе не зганьбіць.
Замест планавых двух месяцаў Міхась асвоіў новую спецыяльнасць за два тыдні. А калі шчыра сказаць, то пад наглядам свайго настаўніка ён працаваў усяго толькі тыдзень. А другі тыдзень дык ён ужо самастойна варочаў гэтыя колавыя пары, падымаў іх на ланцугу, ставіў на станок, замацоўваў і выконваў усе аперацыі. А настаўнік толькі час ад часу падыходзіў да яго і, калі гэта трэба было, даваў свае заўвагі і патрэбныя ўказанні.