Выбрать главу

Спецыяльнасць токара-шыечніка на першы погляд здаецца вельмі простай. Але гэта толькі здалёк. А на самай жа справе яна — вельмі складаная і адказная. Бо для таго, каб давесці сваю прадукцыю да патрэбнай кандыцыі, трэба было зрабіць некалькі аперацый: зняць «хворы», напластаваны «скуламі» слой, другім разцом выраўняць таўшчыню ўсёй шыйкі, потым прайсціся графчыкам (ручным разцом) па паверхні ўсёй шыйкі і пасля ўсяго гэтага спачатку ўручную адшліфаваць яе наждачнай паперай, а потым правесці такую ж аперацыю і з дапамогай ручных ціскоў-зажымак з дабаўленнем машыннага масла. І калі часам пакажацца хоць адзіная якая-небудзь драпіна, усё трэба перарабляць нанава — пачынаць з нуля. Патрабаванні вельмі жорсткія, ды інакш у такіх выпадках няможна.

Усё гэта не так было б і страшна, каб сам працэс працы быў па-сапраўднаму механізаваны і аўтаматызаваны. А якраз аўтаматызацыяй там і не пахла. Міхасю, як і яго папярэдніку, давялося працаваць на самаробным і прымітыўным станку, сканструяваным і зробленым адным інжынерам-зэкам без якіх-небудзь умоў для гэтай складанай справы. А таму амаль усе работы па такарнай апрацоўцы шыек колавых пар праводзіліся ўручную, калі не лічыць таго, што з дапамогай матора прыводзілася ў рух колавая пара, якая была ўстаноўлена на металічную станіну. А за ўсё астатняе адказвалі рукі, якім дапамагалі зоркія вочы, спрыт і кемлівасць самога токара.

І нягледзячы на ўсё гэта, Міхась як след засвоіў гэту справу і пастаўляў вагоннаму цэху якасную прадукцыю — па-сапраўднаму апрацаваныя колавыя пары. І не толькі якасна, але і колькасна: пры норме чатыры ён апрацоўваў восем колавых пар за змену, што яго зменшчыку не вельмі падабалася. А калі ён аднойчы за адну змену апрацаваў дванаццаць колавых пар, той занепакоіўся і нават абурыўся:

— Рот твой, перарот, што ты нарабіў? Цяпер і мяне прымусяць па столькі ж даваць за змену. Ты ведаеш, што робіш? Норму павялічваеш. Вешаеш лішні хамут і мне, і сабе. Нас цяпер заціснуць начальнікі-жываглоты.

— Ты, Іван, даруй мне, я рабіў гэта без задняй думкі. Спадабалася работа — вось і націснуў на ўсе педалі. Цяпер я буду разумнейшы, — апраўдваўся Міхась перад сваім зменшчыкам. — Ты даруй мне за маю блізарукасць.

Слова сваё перад напарнікам Міхась стрымаў: пасля гэтай размовы ён больш як шэсць пар за змену не даваў. Калі бачыў, што ўжо паспеў зрабіць многа, пачынаў часцей рабіць перакуры.

І ўсё ж такі да яго неўзабаве прыслалі хранаметражыста, каб павялічыць нормы выпрацоўкі. Хранаметражыст да пачатку змены прыходзіў да рабочага месца Міхася і да канца змены запісваў усе яго рухі, яго перакуры, вымушаныя перапынкі і абедзенны час. У канцы змены ён падводзіў вынікі і дакладваў начальству. Але тут ужо Міхась не прамазаў. Зменшчык папярэдзіў Міхася, што такога трэба чакаць пасля яго «стаханаўскай змены». У тыя дні, калі прыходзіў хранаметражыст, Міхась стараўся даваць толькі норму, каб не падвесці і сябе, і свайго зменшчыка Івана Іванавіча Іванова.

Замест павелічэння нормы выпрацоўкі Міхась налягаў на якасць працы. Ён рабіў так, каб, як кажуць, камар носа не падсунуў. І за гэта Міхася хвалілі не менш, чым за колькасць. Яго ўсюды ставілі ў прыклад.

— Вось так трэба працаваць, як працуе Асцёрскі,— гаварыў майстар, а за ім і начальнік дэпо.

Так і пайшла слава пра шыечніка Асцёрскага, спачатку па вагонным дэпо, а пасля і па ўсёй дарозе. Дайшла яна і да начальніка дарогі. Яго паважалі, яму давяралі. Калі здаралася, што па якой-небудзь прычыне не выходзіў на работу зменны майстар (а гэта, як правіла, здаралася ў начную змену), гэту справу даручалі Міхасю. Начальства ведала, што ён ніколі нідзе не пакрывіў душой. Ён і рабацягу не пакрыўдзіць, і парадак у дэпо будзе. Ведалі, што ён сумленна будзе выконваць свае абавязкі.

Міхась любіў працаваць у начную змену. За 12 гадзін ён удосталь і напрацуецца, і адпачне, паслухае радыё, асабліва апошнія паведамленні, у час якіх заўсёды перадавалі зводку Саўінфармбюро аб падзеях на франтах Айчыннай вайны. У кабінеце начальніка, які на ноч не замыкаўся, вісела карта, на якой ён сам, начальнік, ці галоўны інжынер пазначалі ўмоўнымі знакамі ход наступленняў ці адступленняў нашых войск. У першы год вайны — больш адступлення, што кожнага з іх раніла прама ў сэрца — і вольнанаёмных, і зняволеных. Не было такога выпадку, каб хто-небудзь радаваўся савецкім няўдачам. Патрыятычныя пачуцці заглушалі крыўду.

А колькі было радасці, калі пачалі перадаваць па радыё аб наступальных баявых дзеяннях часцей Чырвонай Арміі! Асабліва абрадавала і ўсяліла дух упэўненасці ў хуткую перамогу вестка аб разгроме немцаў спачатку пад Масквою, а пасля пад Сталінградам і на Курскай дузе. Пасля гэтых перамог ужо кожны быў упэўнены ў непазбежнай перамозе над гітлерызмам. Кожны хварэў за сваіх родных і блізкіх, за свой родны кут і ўвогуле за Савецкую Радзіму.