Выбрать главу

Ужо больш як год Міхась працаваў токарам-шыечнікам. Яго па-ранейшаму хвалілі пры любым выпадку. І зарплата яго таксама выдзялялася сярод такіх, як ён. Ва ўсім цэху больш за яго зарабляў толькі зваршчык Міця Гарбуноў, патомны рабочы аднаго з Алапаеўскіх заводаў на Урале: Але ўсю гэту сваю так званую зарплату, як і электразваршчык Гарбуноў, Міхась ахвяроўваў то на эксадрыллю самалётаў для абароны Ленінграда, то на танкавую калону для разгрому немцаў пад Сталінградам, то на «кацюшы», з дапамогай якіх вызвалялася яго родная Беларусь. Як ён перажываў, калі наступленне затрымалася пад Віцебскам і пад Магілёвам, у раёне Крычаў — Чавусы на цэлых 9 месяцаў! Бо непадалёку ад Крычава знаходзілася і яго родная вёска. Чамусьці здавалася, што і яго вёска застаецца яшчэ пад ботамі захопнікаў. Толькі ён памыляўся: вёска яго была вызвалена яшчэ ў верасні 1943 года, Крычаў таксама. А вось Чавусы вызваляліся яшчэ амаль праз год пасля таго — у ліпені 1944 года ў час аперацыі «Баграціён». Ён не ведаў, што ў тых баях тады загінуў і яго родны брат Мікола.

Электразваршчык Міця (Дзмітрый Мітрафанавіч Гарбуноў) быў чалавек сталага веку, вельмі працавіты і сур’ёзны. Ад яго ніхто ніколі не пачуў брыдкага слова, ён ніколі нікога не абразіў. Паважалі яго як рабацягі, так і кіраўніцтва дэпо. Здавалася, што ён і мухі не пакрыўдзіць, а не тое што чалавека, што ён не здольны сябе абараніць, пастаяць за сябе ў патрэбную мінуту. Але гэта так толькі здавалася.

Неяк раз з так званых «бытавікоў» — дробны жулік — рызыкнуў назваць яго «контрыкам», і вось тут электразваршчык паказаў сябе: ён схапіў сцяжку (ёмісты ланцуг), якую варыў для счаплення вагонаў, і рушыў на свайго крыўдзіцеля. Той зразумеў, што зваршчык не жартуе, давай уцякаць цераз колавыя пары, якія падрыхтаваў Міхась, і розныя іншыя жалязякі. А Міця — за ім. Так яны бегалі мінут дзесяць, пакуль не ўмяшаўся ахоўнік.

— Я табе пакажу «контрыка», падонак, шакал! — крычаў зваршчык. — Патрыёт знайшоўся. Вырадак роду чалавечага!

— Міця, кінь свае цацкі, я гэта так, а ты і за сур’ёз прыняў,— прасіў яго крыўдзіцель.

— Я пакажу табе жартачкі, паразіт, гніда! — не супакойваўся Гарбуноў.

Усім калектывам, разам з ахоўнікам, яны ледзь-ледзь супакоілі раз’юшанага электразваршчыка.

— Дзмітрый Мітрафанавіч, — звярнуўся да яго Міхась, — кінь ты гэтага неразумнага байструка. Не пэцкай аб яго свае чыстыя рукі. Гэта ж неразумная істота.

— Ад такіх істот трэба ачышчаць зямлю! Ці не з-за іх мы і пакутуем тут з ярлыкамі «контрыкаў» і «ворагаў народа». Бачыш, друг народа знайшоўся!

І калі ўжо той супакоіўся, Міхась падсеў бліжэй да яго і асцярожна спытаў:

— Скажы, Міця, што табе прыпісвалі, калі ўзялі ў «вожыкавы рукавіцы?»

— Нават прызнацца сорамна, — адказаў той. — Мая сястра была замужам за сакратаром Свярдлоўскага абкома партыі Кабаковым. Кабакова ўзялі і, кажуць, расстралялі, а сястры далі 10 гадоў, як жонцы «ворага народа». Пасля ўзялі і мяне, прама з завода. І таксама дзесяткай узнагародзілі. Ну, няхай сабе жонка, — гэта, як кажуць, «муж и жена — одна сатана». А мяне, патомнага рабочага, за што? Я гэтага Кабакова адзін раз за ўвесь час і бачыў, ды і то толькі на вяселлі. Яны жылі ў Свярдлоўску, а я ў Алапаеўску. Ніводнага разу ні я ў іх, ні яны ў мяне нават у гасцях не былі. І вось я «па-сваяцку» апынуўся ў ліку «контрыкаў», ці «ворагаў народа». Ты разумееш, крыўдна да слёз, а ён яшчэ, гэты «друг народа», абзывае мяне «контрыкам». І дзед, і бацька, і я працавалі на гэтым заводзе, а цяпер піша жонка, што і сын мой пайшоў туды ж. А ён «контрыкам» абзывае мяне, погань!

— Пабольш бы такіх «контрыкаў», як ты, Міця, дык даўно ўжо не толькі сацыялізм, але і камунізм пабудавалі б, — супакойваў яго, як мог, Міхась.

А Міхасёва слава расла. Аднойчы ён выпадкова трапіў у канцылярыю дэпо па нейкім пытанні і чуе, як начальнік дэпо з кімсьці гутарыць па тэлефоне і называе яго прозвішча. Міхась насцярожыўся і пачаў прыслухоўвацца.

— Вагоны глядзелі? — нехта пытаўся ў начальніка.

— Глядзелі,— адказвае начальнік.

— А колы?

— Таксама глядзелі.

— Асцёрскі глядзеў?

— Глядзеў.

— Ну, тады ўсё будзе ў парадку, — сказаў той.