— Што ж, вольнаму — воля. Калі рашыў, падавай, — згадзіўся той.
І зноў закруцілася жыццёвае кола, падобнае на тое, якое круцілася на станку. Міхась, як і раней, старанна працаваў на сваім прывычным месцы, як быццам ён ніколі і не адлучаўся з гэтага дэпо і ад гэтага дапатопнага станка.
Усё было добра: яго гасцінна сустрэлі знаёмыя людзі, з якімі ён працаваў ужо больш за тры гады. Адно засмучала: пакуль ён знаходзіўся ў той трохмесячнай «камандзіроўцы», нядбайныя работнікі папсавалі ўсе разцы і графчыкі, расхісталі станіну самога станка, абарвалі ланцуг, з дапамогай якога ён устанаўліваў колавую пару на станок. Ён прыйшоў да гэтага станка, як быццам у дом пасля пажару. Колькі часу прайшло толькі на тое, каб пачысціць і змазаць як след станок. Адным словам, усё было дабіта да ручкі. «Вось чаму так занепакоілася начальства і прыняло ўсе захады, каб мяне вярнуць сюды, — думаў Міхась. — Іх, начальнікаў, непакоіў не столькі мой лёс, колькі свой спакой і дабрабыт».
А працавалі на гэтым станку ў адсутнасць Міхася яго ж былыя вучні, якіх ён рыхтаваў самым старанным чынам. Праўда, ён і тады не мог за іх паручыцца, хоць начальства і лічыла іх «надзейнымі бытавікамі». Адным словам, яны ўсе былі з кампаніі блатных, каго цікавіла не работа на станку, а нешта іншае — што бліжэй ляжыць пад рукамі. Яны не вылазілі з лагера. Не паспявалі адбыць адзін тэрмін, як тут жа зараблялі другі. Некаторыя з іх не мелі ніякага ўяўлення аб сапраўднай свабодзе. Яны з дзіцячых гадоў жылі ў такіх месцах, а таму турму і лагер лічылі сваім родным домам. Вось такіх «экспанатаў» і падсоўвалі ўвесь час Міхасю ў вучні на токара-шыечніка.
Праўда, былі выпадкі, калі прыводзілі вучыцца і былых фабзавучнікаў, але і з іх было мала карысці. Яны мала чым адрозніваліся ад зэкаў-«бытавікоў». Тых жа, каго хацеў і рэкамендаваў Міхась, начальства адмаўлялася браць: не дазваляў артыкул крымінальнага кодэкса і «тэрмін пакарання».
Штодзень прыходзілі добрыя весткі з франтоў. Часці Чырвонай Арміі даўно перасеклі дзяржаўную мяжу і ўжо ваявалі на тэрыторыі іншых дзяржаў — Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Балгарыі — вызвалялі іх народы ад карычневай чумы фашызму. Сям-там воіны нашай арміі перасеклі мяжу і самой Германіі, як, напрыклад, Усходняй Прусіі, якую яны амаль усю ўжо занялі, Сілезіі і Памераніі. Адчуваўся ўжо блізкі канец усёй гэтай чалавечай бойні. Адначасова блізіўся канец і фашызму.
Усё ішло, як трэба. Шкада, што побач з Міхасём не было юнага сябра: ён працаваў ужо ў тундры разам з партыяй тапографаў пасля тых курсаў, да якіх рыхтаваў яго сам жа Міхась. Не было з кім параіцца, пагаварыць пра розныя жыццёвыя праблемы. А тут яшчэ Таіса засыпала пісьмамі. І чым хутчэй набліжаўся дзень вызвалення, тым яна часцей і часцей турбавала яго сваёй пісанінай. Яна, нават не чакаючы адказу на папярэдняе сваё пісьмо, пісала новае. Разам з пісьмамі ў канверты клала фатаграфіі, свае і сынавы. Амаль у кожным пісьме пісала:
Хлопчыку трэба бацька, ён чакае і ніяк не дачакаецца цябе.
Адным словам, цяпер яны памяняліся ролямі: чатыры гады Міхась пісаў ёй рэгулярна, але адказаў не атрымліваў, а цяпер, наадварот, пісала яна. Розніца заключалася ў тым, што Міхась, хоць не на ўсе яе пісьмы, але зрэдку адказваў. Пры гэтым адказваў так, як думаў — адказваў груба, па яе заслугах. Толькі яе і гэта не вельмі кранала. «Так, душа яе, відаць, счарсцвела, — думаў Міхась. — З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Пажыла з бяздушным чалавекам — і сваю душу загубіла».
А канец вайны і канец Міхасёвага рабства набліжаўся.
Неяк раз аператыўны работнік лагера паклікаў Міхася і спытаў:
— Вы падавалі заяву аб пасылцы вас на фронт?
— Пасылаў, пісаў на імя самога Вярхоўнага.
— Дык вось заўтра вас і іншых такіх, як вы, сфатаграфуюць, і вы будзеце чакаць адпраўкі.
І сапраўды, назаўтра іх усіх 8 чалавек сфатаграфавалі і сказалі, каб яны чакалі выкліку і далей працавалі на сваіх месцах. Але выкліку такога Міхась не дачакаўся. Прайшоў дзень, тыдзень, месяц, а іх нікога не выклікаюць. Калі яны спрабавалі звяртацца па гэтым пытанні ў аператыўную частку лагера, ім адказвалі, што яны пакуль застаюцца да «особого распоряжения».
Здарылася акурат так, як у 1940 годзе з вызваленнем. Другі раз у лагерным жыцці Міхасю не пашанцавала.
Пакуль суд ды справа, дык Міхась дачакаўся не выкліку на фронт, а вестак аб хуткай перамозе, а потым і самой Перамогі. Толькі тады ён здагадаўся, чаму яго не выклікалі: там, на фронце, ён ужо быў не патрэбны. Без яго справіліся.