Выбрать главу

А з якой жа радасцю стрэлі гэты Дзень літаральна ўсе: і вольнанаёмныя і «ворагі народа» — зняволеныя! Вольнанаёмныя спадзяваліся на жыццёвыя палягчэнні і паляпшэнні, а таксама і на тое, што цяпер ні іх саміх, ні іх родных не пашлюць туды, адкуль не кожны вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык увесь знявечаны. А зэкі думалі, што цяпер пачнуць разбірацца і невінаватых будуць вызваляць — пасылаць да сваіх сем’яў. Але памыляліся як першыя, так і другія. Калі першыя не дачакаліся свайго жыццёвага палягчэння, то зняволеныя — вызвалення.

Пасля Перамогі яшчэ больш былі закручаны гайкі, асабліва ў такіх месцах. Усе аказаліся напалову зняволенымі: забараняліся ўсякія пераезды з аднаго месца на другое і таксама пераходы з аднаго месца работы на другое. Краіна апынулася ў суцэльным лагеры і цалкам падпарадкоўвалася волі любімца Сталіна — Берыі і іншых яго памагатых. А што датычыць зняволеных, дык нават тых, хто адбыў свой «тэрмін пакарання», затрымлівалі ў лагеры «до особого распоряжения». А калі яно прыйдзе, тое «особое распоряжение», ніхто не ведаў і ведаць не мог, бо ўсё трымалася пяты год і ўсё «до особого распоряжения». Ад тых саманадзейных, занослівых афіцэраў, якіх Міхась бачыў у пачатку вайны ў Краснаярску, засталіся толькі прозвішчы ды імёны, а дакладней — іх цені. Хадзілі каля дэпо і прасілі ў такіх жа зняволеных кавалачак хлеба. Аднойчы Міхась не стрымаўся і сказаў, звяртаючыся да іх:

— А памятаеце, як вы пагардліва, з усмешкай глядзелі на нас — абарванцаў, у Краснаярску ў 1941 годзе?

— Не памятаем. Можа, гэта праўда, а можа, і не, — адказвалі яны стрымана.

Вось і яшчэ раз Міхась дачакаўся лета — апошняга лета ў нябачных путах і наручніках. Прыйшоў яшчэ адзін чэрвень са сваім кругласутачным днём. Да яго часцей пачаў прыходзіць з тундры Мікола. А жыў ён у бацькоўскай хатцы-балку побач з дэпо. І калі Міхась працаваў у начную змену, яны падоўгу сядзелі на адкрытым паветры, на тых дошках, якія чакалі рук яго бацькі. Грэліся на сонцы і дзяліліся думкамі па розных жыццёвых пытаннях. Нават і не верылася, што прыйшло лета. Ці даўно, тыдні два таму назад, ляжаў снег, і раптам ужо зазелянела трава. Гэта характэрная рыса Поўначы — там усё спяшаецца жыць. Вялікія гурбы снегу, ростам з сялянскі дом, растаюць за тры дні. А яшчэ цераз тры дні і трава ўжо заяўляе аб сабе — пачынае зелянець. Сонца таксама адорвае сваімі шчадротамі ўсё жывое і нават мёртвае. Глянеш вакол — прыгажосць, пяшчота. Як быццам сама прырода гаворыць нам: «Глядзіце, якая я прыгажуня!» Раптам усё зацвіце, забушуе! У такі час і сама тундра робіцца куды прыгажэйшай і больш ветлівай. Адкуль толькі і птушкі бяруцца! Сваімі песнямі яны абуджаюць «белую маўклівасць».

У чэрвені зелень і кветкі — своеасаблівыя, не падобныя на кветкі іншага часу. А вось у ліпені пачынаюць спакушаць чалавека і ягады, асабліва марошка — царыца паўночных ягад. Яе чырвоны колер не можа не радаваць вока. Пазней прыцягваюць да сябе чарніцы, дурніцы і журавіны, а вось у ліпені, асабліва ў канцы яго — марошка. Колькі прысвечана вершаў і песень гэтай спакусніцы! Яна для людзей Поўначы тое, што для еўрапейцаў маліна ці суніцы.

Марошка

Ішлі апошнія дні ліпеня — самага цёплага і, як яго называюць там, гарачага месяца на Таймыры. Калі ёсць жаданне і час, можна было загараць. Тэрмометр паказваў 20–25 градусаў вышэй нуля. Усё вакол зелянела і цвіло, нягледзячы на тое, што сям-там чырванелі і нават пачыналі чарнець ягады. І птушкі яшчэ не спынілі свае канцэрты.

Пасля аднаго з такіх гарачых дзён уночы ні з таго ні з сяго паднялася бура, якая прынесла з сабою чорную хмару. З гэтай хмары пайшоў ліўневы дождж, вада размывала ўсё, што траплялася на яе шляху. Лівень гэты прынёс шмат непрыемнасцей нарыльчанам, у тым ліку і чыгуначнікам. У прыватнасці, на перагоне Нарыльск — Валёк ён размыў слабазамацаваныя адхоны адной з выемак і цалкам забуціў яе ўсю. Ад зямлі, якая спаўзла ў выемку, не бачна было ні кюветаў, ні шпал, ні рэек. І гэта на адлегласці каля 200 метраў. Спыніўся рух цягнікоў. Трэба было тэрмінова вызваляць чыгуначныя рэйкі ад гэтага завалу. А здарылася ж гэта якраз з суботы на нядзелю — напярэдадні адзінага выхаднога дня за цэлы месяц і трэцяга за ўсе чатыры ваенныя гады. А калі сказаць шчыра, дык і да вайны зняволеных не песцілі выхаднымі. У некаторых месцах іх наогул не было.

Кіраўніцтва дарогі ў тэрміновым парадку прыняло рашэнне ліквідаваць завал сіламі работнікаў паравознага і вагоннага дэпо, аб’явіўшы гэты дзень «нядзельнікам». Атрымлівалася так, што як быццам ніхто не пазбаўляў гэтых людзей выхаднога дня. Маўляў, яны добраахвотна ахвяравалі яго, нядзельнік. А таму яны вывелі за зону да адзінага чалавека і пад узброеным канвоем пагналі за сем кіламетраў — да аварыйнага ўчастка.