Выбрать главу

Зусім яшчэ маладзенькі хлопец, так прыкладна гадоў 20, загінуў пад вагонам, які ён рамантаваў у начную змену побач з дэпо. Ён, відаць, паміраў цяжкай, пакутлівай смерцю па віне і зменнага майстра, і інжынера па тэхніцы бяспекі. Вагонная рама, якую ён для зручнасці падымаў на дамкраце, сарвалася з гэтага няхітрага прыстасавання і ўпала яму прама на жывот. Колькі ён так пакутаваў, колькі заставаўся яшчэ жывы, ніхто не ведае. Яго знайшлі пад цяжарам гэтай вагоннай рамы толькі раніцай. Ніякага медыцынскага агляду, ніякай экспертызы ніхто не рабіў. Паднялі раму, выцягнулі мёртвае цела, адвезлі некуды і на гэтым паставілі кропку. Нават вымовы нікому не далі за такую бяспечнасць і абыякавасць да чалавека.

А хлопцу гэтаму таксама да канца тэрміну заставалася некалькі месяцаў. Яго судзілі за нейкую дробязь і далі тры гады. Гэта было ў час вайны. Яму тады толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. І вось два гады і тры месяцы адбыў. Ён расказваў, што на бацьку маці атрымала пахаванку і ён заставаўся за гаспадара. І каб выратаваць сям’ю ад голаду, нешта недзе ўзяў, і яго судзілі, пасля чаго прывезлі ў Нарыльск. Да лагера ён працаваў слесарам у нейкім вагонным дэпо Уральскай чыгункі. Звалі яго Якавам Зайцавым.

Смерць Яшы Зайцава і Міколы Царова змяшаліся ў адно непадзельнае цэлае і ляглі на сэрца Міхася цяжкім каменем у апошнія дні яго зняволення.

Свабода па-сталінску

Вось і надышоў дзень, якога Міхась так чакаў цэлых восем гадоў. Чакаў і не верыў, што дачакаецца. І вось ён, нарэшце, развітаецца з зонай, абнесенай калючым дротам, з узброенай аховай і яе агідным беззаконнем і гвалтам. Цяпер ён будзе вольным чалавекам і грамадзянінам сваёй Айчыны. Як гэта хораша! Як заманліва! Што можа быць вышэй і даражэй за свабоду чалавека? На такое пытанне ніхто не можа адказаць. Свабода — гэта свята, з якім нельга нічога параўнаць на Зямлі.

Раніцай 11 жніўня 1945 года ў барак, у якім жыў Міхась, зайшоў намеснік начальніка калоны па працы і спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?

— Ёсць, — адказаў Міхась.

— На работу не выходзь.

— Чаму? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.

— Пойдзеш на свабоду, — адказаў той.

— Во пашэнціла чалавеку! — не стрымаўся нехта.

— І табе вось так жа пашэнціць, як прыйдзе твой час, — абарваў хтосьці зайздросніка.

Сябры Міхася па чарзе пачалі віншаваць яго з вызваленнем і прасілі не забываць іх, гаротнікаў.

— Што вы, хлопцы, я заўсёды з вамі. Усё роўна з Нарыльска нікога нікуды не выпускаюць, — адказаў сябрам Міхась. — Я да вас яшчэ прыйду. Як кажуць, расстаёмся ненадоўга.

І ён не памыліўся. Калі Міхася прывялі ў аддзел кадраў (а вялі яшчэ пад канвоем), там сустрэлі яго па-іншаму, чым у зоне.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч? — для парадку спыталі ў яго.

— Так, я Асцёрскі Міхаіл Раманавіч.

— У сувязі з заканчэннем тэрміну зняволення вы вызваляецеся з Нарыльска, але з замацаваннем за Нарыльскім горна-металургічным камбінатам.

— Я вас не разумею, — сказаў Міхась, — вызваляюся і раптам з замацаваннем за камбінатам.

— А што тут разумець? — гаварылі яму. — Вы замацоўваецеся за камбінатам. Будзеце на свабодзе, але ў распараджэнні Нарыльскага горна-металургічнага камбіната.

— А што гэта значыць?

— А тое, што будзеце працаваць там, куды пашле вас кіраўніцтва Нарыльскага камбіната. Вось у гэтым выпадку вы павінны працаваць там, адкуль вас вызваляюць, — у вагонным дэпо.

— Паслухайце, у мяне ёсць спецыяльнасць настаўніка, якую я набываў у інстытуце.

— Мы гэтага і слухаць не жадаем. Пойдзеце ў вагоннае дэпо і будзеце працаваць токарам. Токары нам больш патрэбны, чым настаўнікі.

— Я буду скардзіцца! — заявіў Міхась.

— Каму? — спыталі ў яго.

— Ураду нашай дзяржавы.

— А гэта ж і ёсць урадавае ўказанне. Вось падпішыце ўмову на тры гады.

— Ніякай умовы падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.

— Не падпішаце — самі падпішам.

— Выходзіць, што гэта не вызваленне, а падман?

— Як хочаце, так і разумейце. Давайце ваш палец і ідзіце на ўсе чатыры бакі, толькі ў межах камбіната.

— А куды ж ісці начаваць? — спытаў Міхась.

— Гэта ўжо ваша справа. Жыллём мы не распараджаемся. Шукайце самі.

З гэтым і пайшоў Міхась на так званую «свабоду». Ён сказаў сабе: «Ёсць катлеты па-гамбургску, разводы па-італьянску, а гэта мая свабода — па-сталінску». І ён сур’ёзна задумаўся, дзе ж зрабіць прычал для начоўкі…

Слабодка — Нарыльск — Мінск