Выбрать главу

— Дарагі таварыш, — сказаў яму Абульханаў,— у нас устаноўлены такі парадак: усё з прадуктаў і іншых спажывецкіх тавараў, што паступае ў камеру, уручаецца старасту, які размяркоўвае ўсё паміж жыльцамі.

— Прабачце, я гэтага не ведаў. Таварыш стараста, я перадаю вам усё, што прынёс. Дзяліце так, як у вас тут устаноўлена. — І ён адразу ж перадаў Міхасю клунак з прадуктамі.

— Папяросы і запалкі таксама, — не супакойваўся Абульханаў.

Навічок не спрачаўся — перадаў старасту і гэта, але папярэдзіў:

— Не ведаю, як з курэннем, а што датычыць запалак, то папрашу эканоміць. Справа ў тым, што апошнім часам у Ленінградзе і ў вобласці зніклі з прылаўкаў магазінаў запалкі.

— А не ведаеце чаму, па якой прычыне? — спытаў Міхась.

— Ходзяць такія чуткі, што на этыкетцы запалкавага пачка замест звычайнага агню-полымя намалявана бародка Троцкага. А таму паступіў загад зверху — зняць з продажу і знішчыць усе запалкі.

— Можа, і гэта ў нейкай меры паслужыла прычынай знішчэння запалак, толькі галоўнае ў іншым, — загаварыў ўпэўнена Красноў.

— А ў чым жа? — пачуўся здалёку голас бухгалтара Смоліча.

— А вось у чым, — працягваў Красноў,— запалкавая фабрыка, якая забяспечвала Ленінград і вобласць запалкамі, носіць, праўдзівей, насіла да гэтага імя Дзям’яна Беднага. Яна размяшчаецца ў Чудаўскім раёне.

— Ну, і што з таго? — не адставаў бухгалтар.

— Што, пытаецеся? Дзям’ян Бедны аб’яўлены «ворагам народа» і арыштаваны. Значыць, стала неяк няёмка і нават небяспечна мець запалкі, на якіх красуецца яго імя. Па гэтай прычыне і помнік Аляксандру ІІІ, што стаяў на плошчы Паўстання супраць Маскоўскага вакзала, не так даўно быў зняты з п’едэстала.

— А пры чым тут помнік?

— А пры тым, што на пастаменце яго былі высечаны вершаваныя радкі таго ж самага Дзям’яна Беднага. Пра ўсё гэта я чуў ад аўтарытэтных людзей яшчэ ў «Шпалерцы».

— Адзін чалавек прынёс гэтулькі страты! — азваўся пастух, які ўвесь час маўчаў.

— Не, хлопцы, тут нешта нядобрае выходзіць, а што — цяжка зразумець, — нарэшце падаў свой голас і качагар. — Дзям’ян Бедны — першы пралетарскі паэт. Кажуць, што ён у свой час разам з Леніным жыў у Крамлі. А ў грамадзянскую вайну мы песні яго спявалі. Што ж гэта такое робіцца на белым свеце?

Усе маўчалі. Бо ніхто не мог адказаць на такое балючае пытанне качагара Карчова. Запалкі, помнік ля Маскоўскага вакзала ў Ленінградзе і лёс самога знакамітага паэта пачаў пераблытвацца з лёсам саміх вязняў.

І першы пасля такой нечаканай навіны загаварыў «божы чалавек» — Адамс:

— Паколькі такі крызіс на запалкі, я прапаную кожную запалку дзяліць на часткі.

— А як гэта рабіць? — пачулася пытанне. — Хто зможа ўзяць на сябе такую складаную справу?

— Я, — упэўнена сказаў як адрэзаў, Адамс. — Усю гэту справу бяру на сябе.

— Я лічу, што трэба пагадзіцца з Адамсам і даручыць яму такую важную для нас місію, — выказаў згоду стараста Асцёрскі.

Так ціхі «божы чалавек», не спяшаючыся, пачаў дзяліць з дапамогай ляза брытвы, якое ён тайком пранёс праз турэмны заслон, кожную запалку на дзве, а то і чатыры часткі. Дзякуючы гэтаму вынаходству запалкавы крызіс не вельмі адбіўся на людзях камеры 889.

Матрос

Недзе на пачатку верасня пераступіў парог камеры яшчэ адзін, ужо дзевяты па ліку, «жыхар» — матрос Мітрафанаў. Ён служыў механікам на траўлеры Мурманскага рыбалавецкага флота. Судна гэтае ў пошуках добрага ўлову курсіравала па ўсёй экваторыі Атлантыкі і не вярталася ў порт прыпіскі па некалькі месяцаў. Гэта быў параход-завод са ўсёй тэхнікай і механізмамі.

Мітрафанаў быў не малады, але і не стары яшчэ чалавек, гадоў за трыццаць. Высокага росту — каля двух метраў, атлетычнага складу, мускулісты, рухавы, але не мітуслівы. Сам русавалосы, з прыгожым абветраным тварам, на якім нібы назаўсёды пакінулі свой след марскія штормы і буры. Відаць было, што ён зведаў шмат за сваё марское жыццё: і радасці, і крушэнне надзей, і адчай, бо плаваў ён больш як дзесяць гадоў.

У камеру Мітрафанаў увайшоў смела, але з тактам бывалага чалавека. З усімі асобна павітаўся і пазнаёміўся, як гэта звычайна і робяць бывалыя людзі. Расказаў сваім новым сябрам па няшчасці, што ён не так даўно пакінуў судна, паспеў пагуляць па-матроску, а пасля «пазагараць» у мурманскай акруговай турме. Праўда, нядоўга, усяго толькі два тыдні, пасля чаго мясцовае турэмнае начальства чамусьці вырашыла адправіць яго ў ленінградскія «Крыжы».