Выбрать главу

— Што я супраць тых, каго там трымаюць? Нуль. Там, браток, сядзяць шышкі!

— Напрыклад?

— Чудаў, Струпэ, Кадацкі, Тупалеў, яго памочнік Каралёў… Я з імі ўсімі па чарзе стаяў у калідоры тварам да сцяны. Бачыў там і пісьменнікаў — Лібядзінскага, Мустангаву, Уксусава, Бергольц… Што ж гэта робіцца, га? — жаласліва гаварыў Шчокін. — Ты таксама па гэтай справе — па пісьменніцкай? — спытаў ён у Міхася.

— Я яшчэ і сам не ведаю, па якой справе. Прывялі сюды, як барана за рогі, і будзь здароў.

— Дык што, цябе яшчэ не выклікалі на допыт і абвінавачванне не прад’яўлялі?

— Фактычна не.

— Ну нічога, скора выклічуць, пагавораць і выпусцяць на волю. Біяграфія твая чыстая, пасад ты таксама не займаў. А са студэнта многа не возьмеш. Ён — ніхто. Калі, можа, да вершыкаў прычэпяцца, але гэта дробязь. Ды ты іх шмат яшчэ і не паспеў напісаць, як, напрыклад, Дзям’ян Бедны, Мандэльштам ці Барыс Карнілаў. Адным словам, ты амаль што ўжо на адлёце.

— Дай бог нашаму ваўку ваша цялятка з’есці,— жартуючы, адказаў яму Міхась.

Красноў пасля адной-другой гутаркі са Шчокіным пачаў проста яго абыходзіць. Жыццё навучыла яго разумець і разгадваць людзей. Не спадабаўся яму гэты тыпус, не было да яго даверу.

Праз нейкі час ад Шчокіна адхіснуўся Смоліч. Ён таксама меў сякі-такі жыццёвы вопыт, меў нюх на людзей. І цяпер Шчокін прыліп як банны ліст толькі да Міхася, як больш даверлівага, быццам не заўважаючы таго, што яго пазбягаюць іншыя. Міхась у свае дваццаць шэсць год давяраў кожнаму чалавеку. Бо сам ён заўсёды і ўсюды быў шчыры, даверлівы, і яму здавалася, што і ўсе людзі такія ж, як ён сам. Ён глядзеў на жыццё праз ружовыя акуляры.

Аднойчы Шчокін прапанаваў:

— Таварышы, давайце будзем пець катаржныя і рэвалюцыйныя песні.

— Я з ахвотаю, — згадзіўся Міхась.

Міхася падтрымалі яшчэ сёй-той. І яны тут жа зацягнулі: «По диким степям Забайкалья, где золото роют в горах». А скончыўшы гэту, перайшлі на іншую: «Вихри враждебные веют над нами…»

Грымнулі дзвярныя запоры, і ў камеру ўляцеў наглядчык:

— Вы што мне наладжваеце тут канцэрты! Гэта вам не філармонія і не капэла! Спыніць недазволеныя ўчынкі! Інакш караць будзем!

— Грамадзянін дзяжурны, гэта мы ад суму і ад гора, — за ўсіх адказаў Шчокін.

— Гэта яшчэ не гора, усё ваша гора наперадзе, — сказаў загадкава наглядчык і зачыніў дзверы.

— У мяне ёсць прапанова, — сказаў Шчокін, — у другі раз спяваць цішэй.

І з ім зноў пагадзіліся. Так потым неаднойчы і рабілі.

Пасля адной з такіх спевак Шчокін падсеў да Міхася і сказаў:

— Дарагі Міхась, ты хутка будзеш на волі. Дык вось да цябе будзе такая просьба: зайдзі да маёй жонкі, яна жыве на Кірачнай, і скажы ёй, што яе любімы муж перад смерцю пеў рэвалюцыйныя песні.

— Як гэта перад смерцю? — не зразумеў той.

— А вось так. Мяне ўсё роўна хутка расстраляюць як трацкіста. Я гэта добра ведаю, — гаварыў ён гучна, каб усе чулі і паверылі. А сам прыслухоўваўся, хто і як будзе рэагаваць.

— Я гэтаму не веру, — сказаў Міхась. — Ты будзеш жыць.

Але Шчокін даказваў сваё.

Назаўтра яго выклікалі, і ён з усмешкай на твары пайшоў на допыт ці мо нават на расстрэл, як ён сам казаў.

Камера прыціхла. Усе маўчалі. Той-сёй паверыў словам Шчокіна і спачуваў яму. Да такіх адносіўся і Міхась. Адзін Красноў не паверыў ніводнаму яго слову.

— Таварышы, вы зразумелі гэтага «смяротніка» ў двукоссі? — звярнуўся ён да жыхароў камеры.

Усе маўчалі як быццам вады ў рот набраўшы.

— Гэта правакатар, ён знаходзіўся тут на падсадцы. Зразумелі ці не?

— Мне ён таксама штосьці не спадабаўся, — азваўся Смоліч.

— А я не веру гэтаму, — не згаджаўся Міхась.

— Хоць ты і стараста, і маеш вышэйшую адукацыю, але лапух, — папракнуў Міхася той жа Красноў.— Я ведаю, што ты паверыш толькі тады, калі пабудзеш у следчага, на допыце. І тады ты будзеш вельмі шкадаваць, што даведаўся пра гэта позна.

— А чорт яго ведае, можа, і так. Ці ж можна залезці ў душу чалавека, якога ты ўпершыню ўбачыў?

— Можна, калі добра прыглядзецца. Вось тут у нас засталося дзевяць чалавек, а такога тыпуса больш няма.

— І ўсё ж я не згодзен з такой думкай, — не здаваўся Міхась.

— Справа гаспадарская, — закончыў Красноў.

Хутка словы Краснова пацвердзіліся, асабліва калі пачалі цягаць на допыты адзін за адным вязняў з камеры. Кожны адчуў на ўласнай скуры і касцях «дабрыню» прысуджанага да «кары смерцю».

Праўда, Міхася чамусьці не турбавалі. А чаму — ён не ведаў, і гэта мучыла яго больш за ўсё: калі, калі? Было такое ўражанне, што пра яго забыліся. Няўжо выпрабоўваюць яго нервы?