Адрачэнне
Мінуў цэлы месяц пасля арышту Міхася, а ні жонка пра яго, ні ён пра яе нічога не ведалі. За гэты час жонка нарадзіла сына і ўжо знаходзілася дома, у сваёй кватэры. Дзе яна ні была, да каго ні звярталася, а лёс мужа застаўся загадкай. Ні ў пракуратуры горада, ні вобласці, ні ў Ленінградскім аддзяленні НКВД, ні ў адной з турмаў горада, куды яна неаднойчы звярталася і пісьмова, і асабіста — абівала парогі, ніхто ёй пэўнага нічога не сказаў. Усюды быў адзіны адказ:
— Не ведаем.
— Дык хто тады ведае? Што гэта такое? — абуралася яна.
І зноў быў стандартны адказ:
— Не ведаем. Чакайце, з цягам часу вам адкажа той, хто ведае.
Яна ўжо страціла ўсякую надзею на тое, што Міхась жывы і што яна атрымае пра яго якія-небудзь весткі.
Шукаў Міхася і яго брат Рыгор, студэнт педтэхнікума, і таксама без вынікаў: лёс брата Міхася заставаўся для яго таямніцай, пакрытай змрокам. А тут яшчэ Таіса па невядомай для яго прычыне адмовіла яму ў прытулку. І нават больш таго — забараніла яму пераступаць парог яе кватэры. Усё гэта лягло цяжкім каменем на яго юначае сэрца. Ён вымушаны быў забраць дакументы ў тэхнікуме і ехаць да сваіх бацькоў на Магілёўшчыну.
І вось нарэшце 15 верасня 1937 года Таіса атрымала позву за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася ёй 17 верасня ў дзесяць гадзін раніцы з’явіцца ў гарадскую пракуратуру, чаму яна была вельмі рада, бо спадзявалася атрымаць вестку пра Міхася.
Яна папрасіла суседку пабыць з дзіцем і сама амаль бягом паімчалася па названым адрасе. Яе не пакідала надзея, што ўрэшце нешта даведаецца пра мужа.
Пракурор сустрэў Таісу ветліва. І калі яна заплакала, пастараўся супакоіць яе.
— Я раздзяляю ваша гора і буду старацца зрабіць усё, каб яго не было, — пачаў ён здалёку.
— Вы скажыце мне, ці жывы ён, і калі жывы, дзе зараз знаходзіцца?
— Не спяшайцеся, грамадзянка Асцёрская, усё па парадку, на ўсё свой час, — паступова рабіўся сухім, афіцыйным і непрыступным малады пракурор. — Жывы ваш муж, жывы, але…
— Што «але»? Хворы, пакалечаны? Дзе ён? — наступала на пракурора Таіса.
— Я ж вам сказаў, што ўсё па парадку. А вы… Якая ж вы нявытрыманая!
— На маім месцы любы быў бы такім, у тым ліку і вы, таварыш пракурор.
— Толькі не любы, а я тым больш, — пакрыўдзіўся служака-пракурор. — Карацей кажучы, вы цяпер — жонка дзяржаўнага злачынцы. Зразумела? — І чакаў, якое ўражанне зробяць яго словы.
— Не, не зразумела, — суха сказала Таіса. — Вы павінны растлумачыць. У чым вы абвінавачваеце яго? Канкрэтна! І павінны сказаць, дзе ён, куды вы яго схавалі ад усяго белага свету і ад мяне, яго жонкі?
— Добра, я адкажу на вашы пытанні. Ваш муж рабіў падкоп пад нашу дзяржаву, удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэвалюцыйнага перавароту. У нас ёсць доказы. Гэта мацёры, спрактыкаваны вораг нашага народа!
— Вораг народа? — усклікнула Таіса. — І, кажаце, у вас ёсць доказы?
— Ёсць!
— Дзе яны, пакажыце? — не адставала Таіса.
— На судзе пачуеце і ўбачыце, калі вас туды пусцяць. А судзіць яго будзе ваенны трыбунал…
— Вы яшчэ не адказалі на маё пытанне, дзе ён?
— У следчай турме.
— У якой? Ці магу я з ім пабачыцца?
— У якой менавіта, не магу пакуль што сказаць. Пабачыцца таксама не магу даць дазволу, таму што следства яшчэ не закончана. Як толькі закончыцца, паведамім.
— Што, канспірацыя? — зноў наступала Таіса.
— Грамадзянка Асцёрская, з выразамі папрашу быць асцярожней. А то я таксама магу пакрыўдзіцца.
— Даруйце, калі што не так сказала з гарачкі.
— На гэты раз я вам дарую, а ў далейшым магу і не дараваць. Але я запрасіў вас сюды не для дэбатаў і не для пакарання. Я хачу гаварыць з вамі адкрыта, па-сяброўску, прытым для вашай жа карысці. Хачу выратаваць вас ад вялікіх жыццёвых непрыемнасцей…
— Я вас не разумею, таварыш пракурор, — насцярожылася Таіса.
— Я ўжо вам сказаў, у чым абвінавачваецца ваш муж — у цяжкім дзяржаўным злачынстве. А з гэтым, як вам вядома, не шуткуюць.
— І што далей? — не цярпелася Таісе.
— Набярыцеся цярпення і слухайце. Усё скажу па парадку. Дзеля вашага будучага і будучага вашага сына вам трэба будзе адмежавацца ад яго.
— Я вас не разумею: як гэта адмежавацца?
— Адрачыцеся ад яго афіцыйна, праз друк…
— Вы што, смеяцеся з мяне ці я, можа, не так зразумела?
— Я гавару вам сур’ёзна, па-сяброўску, што вам трэба праз друк адрачыся ад мужа дзеля вашага будучага і будучага вашага сына. Вы яшчэ маладая, у вас усё яшчэ наперадзе.