— Ніколі! Мой муж — сумленны чалавек, савецкі патрыёт, шчыры і добры сем’янін!
— Глядзіце самі, я вас не няволю, а толькі раю вам і клапачуся пра вас. Не забывайце, што вы камсамолка і студэнтка. А, як вам вядома, жонак ворагаў народа не трымаюць ні ў камсамоле, ні ў навуковых установах, тым больш у педагагічных. Падумайце як след, я пачакаю. Як толькі надумаецеся, так адразу ж і прыходзьце сюды.
На гэтым «задушэўная гутарка» закончылася. Таіса выйшла з гарадской пракуратуры, як п’яная. Ужо на вуліцы яна расплакалася і плакала да самага дома. Пра сваю гутарку з пракурорам яна нікому, акрамя бабулі, якая жыла ў суседнім пакоі гэтай жа кватэры, не сказала. Бабуля пахваліла яе, што не адраклася ад мужа:
— Не будзь дурніцай, не рабі глупства. Вернецца твой Міхась, вернецца, — сказала яна.
Але на гэтым усё не скончылася. Нягледзячы на тое, што яна яшчэ была ў дэкрэтным адпачынку, дні праз два пасля таго яе выклікалі ў інстытут, сабралі камсамольскі сход і выключылі з камсамола.
Потым запрасіла яе да сябе дырэктар і прапанавала зрабіць тое ж самае, што і пракурор, — публічна, праз друк адрачыся ад «ворага народа» — бацькі яе дзіцяці.
— Таварыш Асцёрская, калі вы гэтага не зробіце, мы будзем вымушаны пазбавіцца ад вас. Нам жа таксама хочацца жыць і працаваць — займаць свае пасады.
Так і сказала дырэктар, што ёй і калегам хочацца жыць і працаваць на сваіх месцах.
— Таварыш дырэктар! Ніна Барысаўна! Акрамя таго, што вы дырэктар, дык яшчэ і жанчына. А таму павінны зразумець мяне. Я не магу хаваць жывога мужа, бацьку майго груднога дзіцяці.
— Але і вы таксама павінны зразумець мяне, — адказала няўмольная дырэктрыса. — Ідзіце падумайце і вырашайце пытанне: муж арыштаваны за палітыку, ён, пэўна, будзе асуджаны, інстытут ці воўчы білет, з якім — на ўсе чатыры бакі! Што-небудзь адно з двух. Падумайце добра і пасля мне скажыце.
Таіса выйшла з кабінета дырэктара ў такім становішчы, што не бачыла ні людзей, ні дзвярэй, якія вялі на вуліцу. Па дарозе завітала да сяброўкі, расказала ёй пра сваё гора, і тая параіла ёй змірыцца, пайсці на капітуляцыю.
— Таіска, любая мая сяброўка, нічога ты сваёй наіўнай упартасцю не даб’ешся. Ці ж ты не бачыш, што робіцца на белым свеце? Павальныя арышты. Цяпер кожны дрыжыць за сваю скуру. А таму шкадаваць цябе ніхто не будзе, не асмеліцца.
— Дык што ж ты мне параіш?
— Пайсці на такую ахвяру, на такую подласць, каб уратаваць і сябе, і сына. Міхась цябе зразумее. Думаеш, ты адна такая — сотні, тысячы! Вось зайдзі ў бібліятэку, перагарні старонкі «Ленинградской правды» і «Красной газеты» і ты ўбачыш у кожным нумары падобныя адрачэнні. І ты думаеш, што чытачы вераць ім? Усе, акрамя дурняў, ведаюць, што гэта ліпа. А што зробіш — такі час. А які час, такія і песні.
Пасля гэтага Таіса яшчэ раз параілася з бабуляй, і тая на гэты раз дала згоду. Потым яна паступова падрыхтавала да гэтага суседзяў па кватэры, якія заўсёды дапамагалі ёй. І добрых знаёмых таксама.
Праз дзень яна пайшла ў тую ж гарадскую пракуратуру і заявіла аб сваёй згодзе. Пракурор павіншаваў яе з «разумным рашэннем», пахваліў за «разважлівасць» і даў падпісаць даўно падрыхтаваную стандартную паперку, у якой пісалася:
Я, грамадзянка Таіса Максімаўна Асцёрская, адракаюся ад свайго былога мужа, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, які ўпотайкі ад мяне займаўся бруднымі справамі і зрабіўся ворагам нашага, савецкага народа. Пасылаю яму сваё пракляцце і больш не жадаю насіць яго прозвішча!
21 верасня 1937 г.
Т. Асцёрская-Мартынава
Туман невядомага
У той час, як Таіса хоць трохі даведалася пра горкі лёс мужа, для Міхася ж і яго ўласны лёс, і лёс яго жонкі патануў у тумане невядомага… Ішлі дзень за днём, месяц за месяцам, а змен ніякіх не адбывалася. Прыходзілі і адыходзілі з камеры людзі, а ён усё заставаўся на сваім месцы, быццам пахілы крыж ля забытай магілы. Ніхто яго не турбаваў, ніхто ім не цікавіўся. Неяк ён адважыўся нагадаць пра сябе дзяжурнаму па корпусе, на што той суха і груба сказаў:
— Калі трэба будзе, паклічуць. Не думай, што пра цябе забыліся. Тут ні пра каго не забываюць. Сядзі і чакай сваёй чаргі!
І Міхасю нічога не заставалася, як сядзець і чакаць. А калі прыйдзе тая чарга і што яна прынясе яму, нічога не ведаў — усё знікала ў тумане невядомага… А невядомае горш за ўсякае пакаранне… На гэта і разлічвалі тыя, хто яго пасадзіў і хто разлічваў зламаць яго і дабіцца выдуманага прызнання.