— Я згодна. Чатырнаццатага дык чатырнаццатага. Праўда, ты спознішся на цэлыя суткі, але за гэта цябе не павесяць, — пагаджалася Таіса. — Толькі давай наперад вырашым адно пытанне: як мы назавём наша дзіця?
— Калі будзе дзяўчынка — бяры на сябе гэты абавязак. А народзіцца хлопчык — дай гэтае права мне.
— Ну, і як жа ты мяркуеш назваць свайго нашчадка? Пэўна, ужо думаў пра гэта?
— Думаў не думаў, а вось зараз, калі ты загаварыла пра імя, мне прыйшлі ў галаву радкі з любімага верша Пушкіна: «Как ныне сбирается вещий Олег отмстить неразумным хозарам…» Назавём Алегам. Ты не супраць?
— А ты ведаеш, Міхаська, добрае імя. Я згодна. Дай я цябе пацалую за гэта. Алег, Алёша, Алік… Цудоўнае імя! — яна абняла і моцна пацалавала мужа.
Не застаўся ў даўгу і Міхась. Ён пяшчотна прыгарнуў да сябе Таісу і тройчы пацалаваў.
Так яны блукалі па Марсавым полі, а потым і па Летнім садзе аж да ночы, як быццам адчувалі, што гэта была іх апошняя сумесная прагулка. Дамоў вярталіся ў дванаццаць гадзін ночы. Жылі яны на Ліцейным праспекце, які ў той час чамусьці называўся Валадарскім. Словам, побач з любімымі мясцінамі для прагулак — Летнім садам і Марсавым полем.
— Нешта есці захацелася, — сказаў жонцы Міхась. — Можа б, ты хоць чаю скіпяціла і да чаю чаго-небудзь сабрала?
— Чайнік ты і сам можаш падагрэць на прымусе ці на газоўцы, а ўсё астатняе я бяру на сябе. Дамовіліся?
— Разумная парада. Я згодзен. Калі дружна возьмемся ўдваіх, хутчэй павячэраем.
— Ну, тады ідзі распальвай прымус, а я займуся сваім. Ды глядзі, будзь асцярожны, не запэцкай свой парадны касцюм, — папярэдзіла мужа Таіса.
— Не турбуйся, усё будзе добра, — запэўніў Міхась жонку і хуценька пайшоў на кухню, якой карысталіся пяць гаспадынь камуналкі. Але ўсе яны, акрамя Асцёрскіх, ужо адпачывалі.
Не паспеў Міхась распаліць прымус, як прагучаў званок. «Каго ж гэта нясе ў такі позні час?» — падумаў Міхась. А калі адчыніў дзверы, то ўбачыў свайго домакіраўніка і двух чалавек у міліцэйскай форме.
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч тут жыве? — спытаўся адзін з міліцыянераў.
— Не, тут такі не пражывае, — жартам адказаў Міхась. — Можа, вышэй…
Домакіраўнік і малодшы па чыне міліцыянер павярнуліся былі ісці, але старэйшы стаяў нярухома і разважліва гаварыў:
— Не можа быць, ён павінен знаходзіцца іменна ў гэтай кватэры.
Тады Міхась засмяяўся і сказаў:
— Асцёрскі Міхась Раманавіч — гэта я. Чым магу служыць?
— Мы вось з домакіраўніком прыйшлі праверыць вашу прапіску, — сказаў той жа старэйшы па чыну міліцыянер. — Пашпарт у вас пры сабе?
— Пашпарт у мяне ёсць, але ён у пакоі. Я зараз прынясу, — наіўна адказаў Міхась.
— Не, лепш давайце туды зойдзем разам. Вы не супраць?
— Не, калі ласка. Я толькі папярэджу жонку, а то яна там пераапранаецца, збіраецца на кухню.
— Добра, папярэдзьце.
Калі зайшлі ў пакой, Міхась падаў свой пашпарт і спытаў:
— Жончын таксама трэба?
— Не, не трэба, хопіць аднаго, — іранічна вымавіў міліцыянер. Ён уважліва выверыў усе даныя і паклаў дакумент сабе ў кішэню, з якой дастаў паперку і гучна сказаў:
— Вось ордэр на вобыск і на ваш арышт. Прачытайце і распішыцеся.
— Вы спачатку растлумачце, у чым справа? — абурыўся Міхась. — Гэта нейкае напаразуменне.
— За што? Што ён каму дрэннага зрабіў? — не стрымалася і Таіса. — Я буду скардзіцца на недазволеныя начныя налёты! Гэта самавольства!
— У чым справа і за што, вы даведаецеся пасля. І скардзіцца — гэта ваша права. Калі памыліліся, папросім прабачэння. А пакуль суд ды справа, мы будзем рабіць вобыск. Можна пачынаць?
— А калі мы скажам — няможна, не адважыцеся? — падкалоў Міхась.
— Чаму не адважымся — адважымся.
— Дык навошта ж разыгрываць такую камедыю, паважаныя стражы парадку?
— Такая ўжо ў нас завядзёнка. Мы — людзі ветлівыя і тактоўныя, — адказаў старэйшы.
— Не давядзі божа знацца з такой тактоўнасцю, а яшчэ больш — ветлівасцю! — абураўся Міхась. — Пачынайце рабіць тое, што вы даўно вырашылі і чаго сюды прыйшлі,— закончыў Міхась.
І закруцілася даўно заведзеная машына.
Спачатку «стражы» абмацалі кішэні — і ў той вопратцы Міхася, у якой ён стаяў перад імі, і ў той, якая вісела ў шафе і на вешалцы. Потым перабралі кожную рэч у скрынях шафы і чамаданах. Дарэчы, як гаспадарчых, так і асабістых рэчаў у Асцёрскіх было не так ужо і багата, каб прымусіць няпрошаных гасцей доўга ў іх поркацца. Адкуль у студэнтаў будзе тое багацце? Ёсць на змену што-небудзь адзець і абуць — і добра. Ды і час такі быў, што і за грошы, калі яны меліся б, цяжка было знайсці патрэбную рэч. Напрыклад, касцюм, у які быў апрануты Міхась і які Таіса называла «парадным», набыць было не так проста. Для таго каб яго пашыць, Асцёрскія адстаялі ў чарзе ля швейнай майстэрні, што знаходзілася ў Апраксіным двары, роўна трое сутак. Затое пашылі «тройку». Гатовых жа нідзе не было. Матэрыял касцюмны таксама нельга было набыць ні ў якім магазіне.