— Іван Сямёнавіч, якая ў вас сям’я? — спытаўся ў яго Міхась.
— Тут я адзін як перст, а дома — жонка і двое дарослых дзяцей: сын і дачка. Дарэчы, яны ўжо самі маюць дзяцей і жывуць асобна сваімі сем’ямі.
— У чым жа вас абвінавачваюць?
— У грахах белагвардзейцаў. Тое, што рабілі яны са мной і маімі сябрамі, прыпісваюць мне — былому чырвонаму матросу.
Не менш цікавай была біяграфія новага вязня — былога загадчыка свінафермы Іванова. Яму таксама было каля паўсотні гадоў, і ён таксама ўступаў у рады партыі бальшавікоў у 17-м, у час ліпеньскіх падзей. Разам з іншымі камуністамі і беспартыйнымі бальшавікамі ахоўваў Леніна ў час знаходжання яго ў «Разліве», а потым і ў Смольным. Удзельнічаў у штурме Зімняга. Пасля прымаў удзел у разгроме белых банд Юдзеніча. Быў цяжка паранены пад Пулкаўскімі вышынямі, страціў правую руку і застаўся з пакалечанаю леваю нагой. Цудам уцалеў, як ён сам пра гэта гаварыў. Больш ваяваць яму не давялося з-за інваліднасці, і ён асеў у роднай вёсцы, заняўся сельскаю гаспадаркай.
— На маім вяку, — гаворыць Іваноў,— тройчы мянялася назва майго роднага раённага горада. Да рэвалюцыі яго называлі Гатчынай, пасля рэвалюцыі — Троцкім, потым Чырвонагвардзейскім, а цяпер зноў будзе называцца Гатчынай. Каму гэта трэба? Навошта так рабіць?
— Гэта, пэўна, і з’явілася прычынай вашага арышту? — спытаўся нехта з вязняў.
— Гэта і тое-сёе іншае.
— А што яшчэ? — пацікавіўся Міхась.
— Тое, што парасяты дохлі ад недаядання. А што ж мне было рабіць, калі корму не давалі? Не самому ж лажыцца ў карыта. І гэта яшчэ не ўсё. Кажуць: «Ты капітуляваў перад Юдзенічам. Параніўся, каб не ваяваць, самастрэлам заняўся…» Гэта я, значыць, спецыяльна сабе правую руку адрываў і нагу левую ламаў. Вось вам, дарагія таварышы, і законы.
— Ну, а як у вас з калгасам? Адразу пайшлі?
— А куды ж мне было дзявацца? Амаль першы запісаўся. Нават нейкі час старшыняваў, а потым папрасіў замяніць мяне здаровым чалавекам. Пасля таго я яшчэ трошкі быў брыгадзірам, а калі арганізавалася свінаферма, мяне, як камуніста, прызначылі ўзначаліць яе. Так я і «ваяваў» са свіннямі і свінаркамі аж да самага арышту.
— Ну, а як, цяжка было «ваяваць» на тым фронце? — зноў спытаў Міхась.
— Не лягчэй, чым з белякамі. Там я быў паранены ў руку і нагу, а тут — у сэрца. Добра, калі галава ўцалее, — загадкава закончыў Іваноў.
Студэнт Лёсік быў самым маладым вязнем у камеры. Ён меў дваццаць тры гады, быў узяты з трэцяга курса гістарычнага факультэта. Сам ён родам з Беларусі, але ні бацькоў, ні месца свайго нараджэння не памятае. Выхоўваўся ў дзіцячым доме пад Смаленскам. Чуў ад людзей, што нарадзіўся недзе ля Баранавіч. Яму гаварылі, што яшчэ ў часы першай сусветнай вайны ён разам з бацькамі-бежанцамі апынуўся на Смаленшчыне. Бацькі па дарозе загінулі, і ён маленькім дзіцем апынуўся на руках чужых людзей, якія адразу ж уладкавалі хлопчыка ў дзіцячы прытулак на Смаленшчыне.
Да пятнаццацігадовага ўзросту жыццё Лёсіка было звязана з гэтым домам-прытулкам. Пасля заканчэння сямігодкі ён нейкі час працаваў у Смаленску на швейнай фабрыцы, дзе набыў прафесію краўца. Паступіў на першы курс рабфака пры Ленінградскім універсітэце, потым на першы курс гістарычнага факультэта, дзе правучыўся два гады і пачынаў трэці, ды яго арыштавалі. Вось і ўся біяграфія юнака-арыштанта.
— За што ж цябе, юнача, запраторылі сюды, у гэтую камяніцу? — спытаўся ў яго Сяргееў.
— На папярэднім следстве ў Васілевостраўскім раённым аддзяленні энкавэдэ мяне абвінавацілі ў тым, што я быццам хаваю сваё сацыяльнае і нацыянальнае паходжанне. Прыпісалі мне тое, пра што я і ў сне не сніў: быццам я сын беларускага пана-нацдэма нейкага Язэпа Лёсіка, якога яшчэ раней «обезвредили». Хто такі Язэп Лёсік, што ён рабіў і дзе ён цяпер, мне невядома. У каго я ні пытаўся ў такіх жа арыштантаў, як і я, ніхто не ведае. Можа, ён і сапраўды мне сваяк, але ж для мяне гэта — казка, не болей. Няўжо можна саджаць у турму людзей толькі за тое, што іх прозвішчы супадаюць з іншымі? Я нават не ведаю, што зрабіў той чалавек, якога прыпісалі мне за бацьку.
— А сам следчы ведае пра гэта? — спытаў Міхась.
— Пэўна, не, таму што і ён не мог адказаць мне на гэта пытанне.
— Дык слухай, дарагі дружа, — пачаў тлумачыць Міхась. — Язэп Лёсік — беларускі вучоны-мовавед, акадэмік, аўтар адной з першых граматык беларускай мовы, па якой вучылася не адно пакаленне юнакоў-беларусаў, у тым ліку і я. Яму прыклеілі ярлык «нацдэма», значыць, нацыянал-дэмакрата, і выслалі за межы Беларусі, пасля чаго ён недзе ў РСФСР працаваў настаўнікам, выкладаў рускую мову ў сярэдняй школе. Калі не памыляюся — на паўночным Урале. А дзе ён зараз, не ведаю. Можа, і яго зноў напаткаў такі ж самы лёс, як і нас грэшных. Бо цяпер толькі за падабенства прозвішча піхаюць за краты, дык што ўжо гаварыць пра самога «віноўніка»?