Выбрать главу

— Дзякую, таварыш стараста, цяпер хоць буду ведаць, хто такі мой ліпавы бацька.

— Што ты, вось тут, у гэтай камеры сядзеў чалавек, якому прыпісвалі ў бацькі генерала Краснова і толькі за тое, што носіць такое ж самае прозвішча. Бачыш, якое супадзенне. У адной камеры двое двайнікоў.

— А дзе ён цяпер, той Красноў? — пацікавіўся Лёсік.

— А хто яго ведае. Колькі дзён таму назад яго павялі на допыт — і з канцамі… Ад таго Краснова застаўся толькі ўспамін ды яго рэчы — ручнік, мыла, зубная шчотка, парашок. Можа, яго ўжо адправілі да продкаў…

— А што, тут і так бывае? — спытаў нехта з навічкоў.

— Бывае! Тут, у гэтых сценах, усё можа быць.

Успомнілі

Прайшло не больш як месяц, і зноў амаль цалкам памяняліся насельнікі камеры. Яны былі яшчэ больш «стракатыя», чым папярэднія. Былі тут начальнікі цэхаў і радавыя рабочыя, старшыні сельсаветаў і калгасаў, простыя калгаснікі, вучоныя і інжынеры, журналісты і артысты. Трапіў і адзін малады пісьменнік, а таксама два настаўнікі. І амаль усе яны доўга не затрымліваліся. Іх выклікалі адзін-два разы на допыт, «пагутараць па душах», пасля чаго падсунуць ім паперку, і яны яе падпісваюць. Бо ведаюць (ім ужо пра гэта наперад скажуць суседзі па камеры), што ўпірацца няма ніякага сэнсу. Бо калі ўжо бяздушныя следчыя паставілі сабе за мэту сцерці вас у парашок, то абавязкова сатруць — любой цаной.

Так вось амаль штодзень, як на перавалачную базу, прыходзілі ў камеру новыя людзі і хутка выбывалі з яе, а куды — невядома. Словам, для ўсіх быў нейкі рух. Адзін толькі стараста камеры заставаўся на месцы каля трох месяцаў. Для Міхася гэта была загадка. Ён ужо ўсяго перадумаў і, нарэшце, дадумаўся да таго, што хутчэй за ўсё, яго рыхтуюцца вызваліць з гэтай пасткі. Бо ён добра ведаў, што за ім няма ніякіх грахоў, што ён чысты, як ранішняя раса.

І вось, нарэшце, пятага лістапада, напярэдадні 20-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, яго выклікалі ў кабінет следчага. «Ну, — думаў Міхась, — спяшаюцца вызваліць мяне перад юбілейным святам, хочуць паднесці сюрпрыз і мне, і маёй жонцы. Як яна там? Каго нарадзіла? Як яна жыве там з малым без матэрыяльнай падтрымкі?»

Але дарэмна Міхась напружваў сваю фантазію, дарэмна ён цешыў сябе марамі-ілюзіямі.

Яго ўвялі ў кабінет, дзе адразу прапанавалі сесці і адказаць на анкетныя пытанні. Яшчэ раз спыталі, дзе нарадзіўся, вучыўся, працаваў, жаніўся. Не забылі спытаць і аб складзе сям’і, а таксама месца сталага жыхарства. На ўсе пытанні ён адказваў дакладна, без памылак. Следчы ўсё акуратна запісаў і даў Міхасю падпісацца ў канцы анкеты, калі яе, тую паперку, можна было назваць анкетай. І тут Міхась зноў падумаў: «Выпусцяць, далібог, выпусцяць. Так ветліва не размаўлялі б, каб не збіраліся выпускаць. Яны гаварылі б са мной на іншай мове, як гэта рабілі з маімі таварышамі па камеры».

А таго Міхась не ведаў, што для яго рыхтавалі паперку на на «вылет», а на самыя цяжкія выпрабаванні, якія здольны пераносіць чалавек са здароўем волата. А што доўга не выклікалі, дык гэта быў проста манеўр. Па-першае, хацелі добра пайграць яму на нервах; па-другое, нагнаць страху (ён бачыў, якімі вярталіся з допытаў яго сябры па няшчасці); і па-трэцяе, трэба было падабраць следчага, які б ведаў беларускую мову, таму што мелі справу не толькі з будучым настаўнікам, але і з пісьменнікам, хай сабе і маладым. Такога следчага чакалі з Мінска. І дачакаліся — ён прыехаў у «Крыжы». Ім аказаўся нейкі Фамін.

Калі Міхась вярнуўся ў камеру, да яго адразу ж кінуліся з пытаннем:

— Ну як, стараста, хутка на вылет?

— Цяжка сказаць, але ж нейкая надзея ёсць, — адказаў Міхась і пачаў расказваць пра сваю размову са следчым.

— Вось шэнціць жа чалавеку, — пазайздросціў нехта Міхасю. — Хоць доўга чакаў, затое дачакаўся свайго — на свята дамоў.

Тут пачалі рыхтаваць пісьмы з адрасамі, якія Міхась павінен быў даставіць сем’ям і сваякам вязняў.

— Выручай, таварышок, можа, і мы калі-небудзь выручым цябе, — гаварыў журналіст Змітро Сарока. — За намі не прападзе.

З такімі думкамі жыла камера перад святамі і нейкі час пасля свят. Людзі суцяшалі сябе нейкімі надзеямі на справядлівасць, да якое ў той час было вунь як далёка.