Выбрать главу

Дзікуны

Як ужо зазначалася вышэй, у гэтай турме-камяніцы ўся аператыўна-следчая работа праводзілася толькі ноччу. Удзень следчыя адпачывалі ад сваёй нялюдскай і крывавай працы. Гаспадарамі ўдзень былі афіцыйныя асобы — начальнік турмы, начальнікі карпусоў, дзяжурныя па карпусах і наглядчыкі. У гэты час неабмежаванымі правамі карысталіся дзяжурныя па карпусах. На кожны корпус іх было тры. Яны і дзяжурылі па чарзе гадзін па 12 запар. Кожны з іх меў свой нораў і характар, а таксама сваю мянушку, якую давалі ім зняволеныя па іх «заслугах». У корпусе, дзе сядзеў Міхась, аднаго з дзяжурных ахрысцілі «крыкуном», другога — «красаўчыкам-зазнайкам», а трэцяга — «лібералам». Калі дзяжурыў «ліберал», зняволеныя маглі вырашыць амаль усе свае пытанні. У час дзяжурства «красаўчыка-зазнайкі» трэба было падладкоўвацца пад яго характар і настрой, хітрыць, што не кожнаму было пад сілу. Але цярпець яго яшчэ можна было. А вось як толькі заступаў на дзяжурства «крыкун», то сядзі як мыш пад мятлою — не рухайся і не пікні. Ледзь толькі хто асмеліцца заявіць аб сабе, падаць голас, ён, як драпежнік, улятае ў камеру, гатовы кінуцца на сваю ахвяру з разяўленай дзюбай і кіпцюрамі. Падыме крык, лаянку, адхвошча брыдкімі, нецэнзурнымі словамі.

Зняволеныя гаварылі паміж сабою:

— І як толькі зямля трымае такую поскудзь?!

Яго баяліся не толькі зняволеныя, але і калідорныя дзяжурныя, бо і да тых ён чапляўся, і яны яго ненавідзелі.

— Вунь ужо тая гадзюка, «крыкун», прыйшоў на дзяжурства, — гаварылі зняволеныя, калі чулі яго голас у калідоры.

А што рабілася ў калідорах, усё было чуваць і ў камерах. Ды і не толькі ў калідоры аднаго паверха, а нават на ўсіх.

Можна было падумаць, што ў часе будаўніцтва турмы дапусцілі памылку: не ізалявалі камеры ад калідораў, а калідоры ад камер і пакояў-кабінетаў следчых. Што рабілася на першым паверсе (у кабінетах следчых), усё было чуваць нават у камерах чацвёртага паверха. Ды ўдзень гэта яшчэ сяк-так, працоўны рытм гэтай фабрыкі жахаў прыглушалі навакольныя гукі, а вось ноччу дзікія крыкі катаў і іх ахвяр пранікалі за жалезныя запоры кожнай камеры-клеткі і наводзілі страх на ўсіх іх насельнікаў-пакутнікаў. А можа, гэта і спецыяльна было так зроблена, каб наперад запалохаць ахвяр, псіхалагічна падрыхтаваць іх да прызнання свае «віны». Хто ведае?

Дзякуючы такой акустыцы, зняволеныя ведалі натуры не толькі тых турэмных начальнікаў, з якімі яны мелі дачыненні на працягу дня, але і тых, з якімі ніколі не сустракаліся і ніколі не сустрэнуцца. І адразу пазнавалі па голасе, па крыку, па бруднай і брыдкай лаянцы ў сваіх кабінетах у час следства.

— Вунь ужо гэты драпежны звер пачынае свой «працоўны дзень», — гаварылі зняволеныя ў камерах. — Хутка ад яго вынесуць яшчэ адну знявечаную ахвяру.

А з першага паверха ляцелі брыдкія, нечалавечыя крыкі-словы, якія не кожнаму даводзілася чуць на свабодзе. Услед за імі чуліся крыкі ахвяры, якая прасіла ратунку. Ды толькі хто яе тут будзе ратаваць? Не для таго тут апынуліся людзі, каб з імі лічыліся і абыходзіліся па-людску. Тут панаваў закон джунгляў: моцны душыў слабага. Следчыя любымі сродкамі выбівалі са сваіх ахвяр «прызнанні».

«І адкуль толькі паназбіралася такая зграя, дзе іх павышуквалі, хто іх нарадзіў і ўзгадаваў?» — думаў Міхась.

Каб да жніўня гэтага года хто-небудзь сказаў яму, што дзесьці ёсць такія людзі-дзікуны, ён бы плюнуў такому чалавеку ў твар. А цяпер пераканаўся, што і сярод людзей ёсць дзікуны і драпежныя звяры.

Сярод усіх катаў асабліва вызначаўся адзін драпежнік-гарлапан, якога завочна ведала ўся турма. Сваім дзікім крыкам ён падымаў на ногі ўсіх насельнікаў турэмнага корпуса. Нікому не давалі спаць яго маты-пераматы. Яго пракліналі ўсе зняволеныя і малілі ўсявышняга паслаць на яго галаву самае вялікае пракляцце. І, можа, іх маленні хоць раз ды былі пачуты.

Аднойчы, гадзіны ў чатыры ночы, услед за наступальным крыкам гэтага ката пачуўся контрнаступальны крык ахвяры, а потым і дзікі, ашаламляльны крык першага, таго самага ката, які ўжо сам прасіў дапамогі і літасці. І калі тая дапамога падаспела, ён, чуваць было, па-воўчы выў, прыгаворваючы:

— Ён жа — кулацкая морда, шпіёнская контра!.. За што ён мяне?.. Што я яму зрабіў?.. У-у-у!.. Падонак смярдзючы!.. Ы-ы-ы!..

— Супакойся, супакойся. Не трэба. Перастань раўці,— угаворвалі яго. — Не забывай, што ты следчы. Не прыніжай сябе.

— Дык за што ж ён мяне? Ах, контра праклятая!..

— Пытаеш, за што? За тое, за што і ты яго, — адказалі яму па-сяброўску.

— Дык я ж за дзела контру!.. Ой, гадзюка!..