Выбрать главу

— Хопіць распускаць нюні! — пачуўся начальніцкі голас. — Наперад разумнейшы будзеш.

Як пасля стала вядома, здарылася вось што. Гэты звяруга-следчы натрапіў на былога чэкіста першых паслярэвалюцыйных гадоў, які па стане здароўя ўжо звольніўся са свае службы і працаваў на сельскай гаспадарцы. Арыштавалі яго на пасадзе старшыні калгаса і прывезлі ў «Крыжы». Прымушалі прызнацца, што ён — шпіён, кулацкі сын і шкоднік калгаснай гаспадаркі, ад чаго ён рашуча адмовіўся. Тады «абаронца рэвалюцыйных заваёў» пусціў у ход кулакі — скарыстаў свой каронны нумар. І, канечне, адразу ж атрымаў контр-удар. Былы чэкіст аказаўся мацнейшым і спрытнейшым за сённяшняга чэкіста-садыста. За нейкую хвіліну ён ледзь не дастаў са свайго крыўдзіцеля яго чорную душу. Выратаваў яго крык аб дапамозе, якая была тут жа, блізка.

Пасля таго выпадку больш не чуваць было голасу звяругі-следчага. А чаму — невядома. Адно з двух: ці ён перайначыўся, паразумнеў, ці яго спісалі. А мо перавялі ў іншае месца.

Але неўзабаве пасля таго здарэння начны спакой зняволеных пачаў парушаць балючы да слёз крык пакутніка «шпіёна», якога колькі начэй запар катавалі на крузе корпуса (круг — гэта месца ў корпусе-«крыжы», адкуль разыходзяцца ў чатыры бакі яго чатыры крылы). Казалі, што там дапытвалі недазволенымі прыёмамі кітайца ці карэйца, якога абвінавачвалі ў шпіёнстве. Так працягвалася з тыдзень, і нарэшце ўсё сціхла. Ці ён «раскалоўся» і падпісаў на сябе пратакол, ці без подпісу пайшоў да сваіх продкаў. Іншага не магло быць: такая спускалася зверху ўстаноўка.

Міхась сядзеў (легчы не было як) і думаў: «Да чаго ж мы дажылі? Што ж гэта робіцца на белым свеце? Няўжо ў Крамлі не ведаюць пра гэта? Чаму ж маўчыць сам Сталін? Не, пэўна, яму невядома пра ўсё».

Садысты

Не паспеў Міхась давесці сваіх горкіх думак да ладу, як з громам адчыніліся жалезныя дзверы ў камеры. Ахоўнік-канваір у салдацкай форме, у шапцы з блакітным аколышам назваў яго прозвішча і скамандаваў ісці наперад. Міхась ішоў, куды яму загадваў канваір.

Яго прывялі ў той жа самы кабінет, у якім дзесяць дзён таму назад бралі анкетныя даныя. Кабінет быў той жа, а гаспадары — следчы і яго памочнік — другія. Яны ветліва прапанавалі яму сесці і павялі далёкую ад справы размову:

— Як самаадчуванне? Як здароўе?

— Дзякую, нішто сабе, — насцярожыўся Міхась.

— Пэўна, знудзіліся за гэтыя тры месяцы? І па сям’і сумуеце? — працягваў следчы.

«Ах, гадзюка, — падумаў Міхась, — адкуль пачынае пад’язджаць!» Але змоўчаў, не сказаў ні слова.

— Магу абрадаваць вас з прыбаўкай у сям’і і павіншаваць.

— Калі ведаеце, то скажыце, хто нарадзіўся?

— А ці ж вы не ведаеце? Ну і баця, не ведае, каго яму прывяла жонка! Добры гусь, выдатны сем’янін!

— Адкуль жа я магу ведаць, калі вы столькі часу трымаеце мяне ў гэтай мышалоўцы, хаваючы ад усяго белага свету, у тым ліку і ад сям’і?

— Ну, хопіць. Навошта так расстройвацца?

— І ўсё ж такі, хто ў мяне нарадзіўся? — не адставаў Міхась.

— Исполнились желания отца — сын.

— А як зваць, калі не сакрэт?

— Як і жадаў таго бацька — Алегам.

«Значыць, праўду гаворыць. Ён паспеў сустрэцца з Таісай», — зноў падумаў Міхась і сказаў:

— Дзякую за дарагую для мяне навіну.

— Бачыце, як мы пра вас клапоцімся?

Тут Міхась таксама змоўчаў. А «дабрадзей» працягваў:

— Мы да вас адносімся шчыра, па-сяброўску, і хацелася б, каб і вы з намі таксама былі ўзаемна шчырымі. Дарэчы, як у вас з рускай мовай? Беларускую-то вы добра ведаеце, бо на ёй пішаце.

— З рускай я таксама ў згодзе. Чатыры гады вучыў яе ў інстытуце і атрымаў права выкладаць у сярэдняй школе, але ваш «санаторый» перашкодзіў.

— Ну, нічога, у жыцці ўсякае здараецца. Яшчэ і ў школе паспееце папрацаваць. У Манчагорску пакуль што і без вас абыдуцца.

«Во падлюка, усё ведае, усе звесткі пра мяне пазбіраў. Недарэмна тры месяцы марынаваў», — падумаў са злосцю Міхась.

— Я вось чаму завёў гутарку на гэту тэму. Хачу папрасіць вас пачытаць пратаколы допытаў іншых асоб і паправіць у іх граматычныя памылкі. Як вы глядзіце на гэта? Можаце зрабіць нам такую паслугу?

— А чаму ж і не? Добрым людзям я заўсёды іду насустрач, — тут ужо хітрыў і Міхась. — Давайце вашы пратаколы, я гатовы.

Гадзіны тры-чатыры Міхась чытаў непісьменную мазню следчага. Паправіў сотні памылак — і арфаграфічных, і пунктуацыйных. Дзе трэба было, дабіраўся і да стылю гэтых «твораў». Да раніцы ўсё было гатова. Калі ж ён усё гэта перадаў следчаму, той спачатку пачырванеў, а потым збялеў, але стрымаўся.