— Дзякую за карысную працу, — сказаў ён. — А то мы тут так запрацаваліся, што не маем часу праверыць тое, што напісалі самі,— спрабаваў апраўдацца ў сваім невуцтве. — Цяжкая і няўдзячная наша работа. Самі бачыце.
— Дзякаваць няма за што. Вы ж самі сказалі, што мы павінны дапамагаць адзін аднаму, — працягваў хітрыць і Міхась.
— Слухайце, Асцёрскі, мне штосьці знаёмае ваша прозвішча. Гэта не ваш брат нейкі час знаходзіўся пад следствам у нашых органах? Толькі не ў Ленінградзе, а ў Мінску?
— Мой, толькі не родны, а стрыечны. Цяпер і я вас таксама ўспомніў. Я браў у вас дазвол на сустрэчу з ім у мінскай турме.
— А дзе ён, ваш брат, зараз? Ён жа, па-мойму, таксама літаратар?
— Не ведаю дзе, пэўна, у Мінску.
— Мы яго тады трошкі патрымалі і выпусцілі. Вас таксама выпусцім, калі будзеце гаварыць толькі праўду.
«Дык вось чаму яны так доўга рыхтаваліся да наступлення на мяне, чакалі з Мінска гэтага экзекутара, які праславіўся там сваім уменнем "размаўляць" з беларускімі пісьменнікамі сваёй жорсткасцю. Гэта трэніраваны садыст-інквізітар. Пра яго мне многа расказваў Мікола. Гэта ён катаваў Лукаша Калюгу, Змітрака Астапенку, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Кліма Грыневіча, Змітра Віталіна і іншых беларускіх літаратараў. Так, гэта той самы Фамін».
— Дык вось, Асцёрскі, сёння мы з вамі пагаварылі так сабе, па душах, а заўтра пачнем наступаць на вас, калі вы не будзеце памяркоўны.
— Я вас не разумею. Як гэта наступаць?
— Як? Даведаецеся, калі зноў прывядуць вас у гэты кабінет. А пакуль — бывайце здаровы!
Назаўтра, апоўначы, грымнулі запоры жалезных дзвярэй камеры, і канваір, трымаючы ў руцэ паперку, гучна спытаў:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе?
— Я, — адказаў Міхась.
— На выхад! — скамандаваў канваір і павёў Міхася той жа дарогай, што і ўчора. Як і ўчора, сам ішоў ззаду, а Міхась наперадзе.
— Вось бачыце, я не хлушу. Сказаў, што сустрэнемся сёння, і сустрэліся. А таму прашу і вас быць шчырымі — гаварыць толькі праўду-матку.
— А я і не збіраюся хлусіць. Гаварыць буду толькі праўду, як гэта я раблю ўсё маё свядомае жыццё.
— Вось і добра. Раскажыце нам, толькі шчыра, як вы дайшлі да жыцця такога?
— Я вас, грамадзянін следчы, не разумею.
— Не разумееце? Скажыце нам, як вы трапілі ў гэту турму?
— На гэта пытанне я папрасіў бы адказаць вас.
— Не я ж рабіў злачынствы, а вы, — прыкінуўся пакрыўджаным Фамін.
— Я ніякага злачынства не рабіў, а значыць, і расказваць няма пра што.
— Не рабілі, кажаце?
— Не! — катэгарычна адмовіўся Міхась.
— Ах, дык ты рашыў адпірацца?! Устаць! — закіпеў ад злосці следчы. — Калі ты забыўся, дык я нагадаю табе, што ты рабіў на працягу некалькіх апошніх гадоў.
— Калі ласка, мне і самому цікава будзе паслухаць, — не стрымаўся Міхась.
— Пэўна, не вельмі цікава. Страшна! Па-першае, ты ўзначальваў кіраўніцтва Ленінградскага аддзялення Беларускага нацыянал-дэмакратычнага цэнтра, якім кіраваў у Мінску мацёры, спрактыкаваны вораг нашай дзяржавы Цішка Гартны і членамі якога былі Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Платон Галавач і іншыя. Дык вось, ты са сваімі ленінградскімі нацдэмамі-галаварэзамі разам з Каталынавым і яго хеўрай падрыхтаваў забойства таварыша Кірава. Пасля рыхтаваў замах і на членаў Палітбюро на чале з таварышам Сталіным, якія суправаджалі труну з целам забітага вамі Кірава. Толькі гэтага ўжо вам зрабіць не ўдалося. Нашы органы падсеклі вам крылы — абясшкодзілі Каталынава з яго групай. Вы ж замаскіраваліся. Цяпер табе зразумела? Як бачыш, мы ўсё ведаем.
— А доказы дзе? — гнеўна спытаў Міхась.
— Доказы ёсць, хоць адбаўляй!
— Няма ў вас ніякіх доказаў і быць не можа, таму што гэта ліпа!
— Не хвалюйся, пакажам, калі трэба будзе. Усяму свой час.
— І ўсё ж я хацеў бы бачыць вашы доказы.
— Калі ласка, — ён дастаў з папкі аркуш паперы і прачытаў:
Твой верш? Пазнаеш?
— Не верш, а радкі з верша, — паправіў яго Міхась.
— Дык каго гэта ты збіраешся сам і заклікаеш іншых крышыць і ламаць? Нашу свяшчэнную Савецкую Радзіму?
— Што ж вы выхопліваеце асобныя радкі з майго вялікага верша, які я, дарэчы, нідзе не публікаваў, і ўкладваеце ў яго патрэбны вам сэнс, а мне прыклейваеце ярлык «ворага народа»? Давайце я вазьму любы твор Маркса ці Леніна, зраблю такую ж самую рэвізію, і атрымаецца тое ж самае — контррэвалюцыя.