Выбрать главу

— Ты мне Маркса і Леніна не чапай, яны святыя для нас! — зароў следчы і пачырванеў, увесь наліўся крывёю.

— А мяне граззю можна абліваць? Знарок выхопліваеце з тэкста адну страфу і прышываеце мне контррэвалюцыю!

— Не адну страку, а сем! — абурыўся той.

— Сем строк, ці радкоў, а страфа ўсяго адна, — даказваў Міхась. — Гэта ж паэзія, а не проза.

— Ты мне зубы не загаворвай, страфа і страка — гэта адно і тое ж! Выкручваешся, хочаш уцячы ад адказнасці? Не выйдзе!

— Грамадзянін Фамін, паслухайце мяне. Я ніколі не браўся за справу, якой не разумеў, а вы ўзяліся, — асмялеў Міхась. — Як вам не сорамна! Паўтараю — гэта страфа, а не страка (радок), узятая з майго верша «Ліст з Амерыкі», дзе расказваецца пра былога падпольшчыка, удзельніка рэвалюцыі 1905 года, які ад царскіх жандараў уцёк у Амерыку, думаў, што там знойдзе прытулак, але памыліўся. Як кажуць, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Ён цалкам расчараваўся ў тым хвалёным «раі» і чакаў моманту, калі і амерыканскі народ разлічыцца са сваімі прыгнятальнікамі. Вось для каго прыйдзе час «крышыць і ламаць», а не для сыноў нашай Радзімы, якая мяне нарадзіла і ўзгадавала. Не трэба перакручваць сэнс. Гэта несумленна з вашага боку, грамадзянін следчы.

— Ты яшчэ будзеш мяне вучыць і сарамаціць, чарвяк няшчасны! Ты лепш назаві сваіх хаўруснікаў па падрыхтоўцы бруднай справы супраць нашай квітнеючай дзяржавы і яе выдатных дзеячаў,— наступаў на яго азвярэлы следчы.

— Няма ў мяне ніякіх хаўруснікаў, як няма і самой «бруднай справы». Няма і прыдуманай вамі беларускай нацыяналістычнай арганізацыі, а значыць, і яе членаў.

— Няма, кажаш? А Сапун, Пугач, Праташчык, Галуза, Жук? Хопіць ці яшчэ назваць?

— Гэта ж члены нашага літаратурнага гуртка пры Беларускім доме асветы ў Ленінградзе.

— Так, і члены тваёй антысавецкай, нацыяналістычнай арганізацыі. Ці ж не з імі ты хацеў ўзарваць вадакачку ў Колтушах, што непадалёку ад лабараторый акадэміка Паўлава?

— У Колтушах, побач з паўлаўскімі лабараторыямі, ніколі не было ніякай вадакачкі, як і самой чыгункі. Гэта чыесьці выдумкі,— адказаў Міхась.

— Канечне, цяпер няма, яе ўзарвалі твае хаўруснікі пасля твайго арышту. А ты кажаш, што і чыгункі там няма. Выкручваешся? Але пакінем пакуль вадакачку, — манеўраваў следчы. — Адкажы мне на такое пытанне: ты жывеш у рускім горадзе, а пішаш па-беларуску. Чаму? Што ці хто цябе прымушае рабіць гэта?

— Таму, што я беларус, і пішу на сваёй роднай мове. Гэта мова матчына. А што датычыцца адукацыі, дык яе можна набываць усюды, было б толькі жаданне.

— Добра, дапусцім, што гэта так. А чаму тваю кніжку вершаў рэдагаваў нацдэм Платун, які пралез быў у нарком асветы БССР? — не адставаў следчы.

— Па-першае, рэдактараў для сваіх кніжак, як і дзеці бацькоў, не выбіраюць. Іх назначае выдавецтва. А па-другое, вельмі здзіўлены і ўражаны, што нехта Платуна занёс у спісы нацдэмаў. Я ведаў яго як наркома асветы БССР. Адкуль у вас такія звесткі?

— Адтуль, што я вёў яго справу. Пэўна, невыпадкова і тое, што ты вучыўся ў педінстытуце, які носіць, вярней, ужо насіў імя ворага народа Бубнава.

— А што, і Бубнаў рэпрэсіраваны?

— Не прыкідвайся дурнем, ты і сам усё гэта ведаеш.

— Ну, тады давайце саджайце ўсіх студэнтаў былога майго інстытута, Ленінградскага універсітэта і Маскоўскага педінстытута, бо яны таксама носяць імя гэтага дзяржаўнага дзеяча.

— Каго трэба, пасадзім без тваёй парады і падказкі. Ты лепш раскажы нам аб сваёй варожай дзейнасці. А калі не хочаш расказваць, падпішы падрыхтаванае мною прызнанне. Адпірацца тут няма ніякага сэнсу, бо ты злоўлены з доказамі злачынства.

— Што вы прыдумляеце? Дзе і з чым я злоўлены? Сказанае вамі трэба яшчэ даказаць, а вы не можаце, таму што няма чым.

— Не будзеш? Упіраешся? Граеш на нервах?

— Ніякіх ліпавых паперак я падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.

— Падпішаш! Куды ты дзенешся? — здзекаваўся следчы.

— Не падпішу і нагаворваць на сябе не буду!

Пасля гэтых слоў Міхася следчы націснуў кнопку, і ў кабінеце паявілася фігура ў блакітнай фуражцы.

— На ветрык яго! — загадаў зларадна Фамін.

Міхася завялі ў суседні пакой, адчынілі дзверы і акно, што супраць дзвярэй, — зрабілі скразняк. Загадалі зняць вельветавую куртку. Было гэта ў тры гадзіны ночы, за акном быў мароз — мо якіх градусаў дзесяць, не менш. Турэмны двор быў пакрыты рэдкім снегам. Вецер, хоць і ноччу, не сціхаў — надвор’е было ветранае. Так што стаяць на скразняку некалькі гадзін для Міхася было немалою пакутай, але ён, сцяўшы зубы, трымаўся. «Толькі не прастудзіцца, — цвердзіў ён сабе, — толькі не прастудзіцца».