У шэсць гадзін раніцы прагрымеў званок на пад’ём, і Міхася адразу ж перавялі ў калідор і загадалі стаць тварам да сцяны. Што гэта азначала, ён яшчэ не ведаў.
Разнеслі па камерах хлеб, баланду, кіпяток, а Міхасю ніхто нічога не сказаў — нібы яго і не было ля сцяны. Час цягнуўся марудна. Абед і вячэра таксама «прайшлі» міма яго.
Так ён прастаяў да 12 гадзін ночы. Спрабаваў звяртацца да дзяжурнага па корпусе («красаўчыка»), што яму рабіць далей, але той толькі гыркнуў:
— Стой і чакай таго, хто цябе паставіў!
Адзіным ратункам было тое, што ён мог папрасіць дазволу ў любога турэмшчыка, які праходзіў міма, схадзіць у туалет. Каб не гэта, можна было застаяцца і ўпасці. І Міхась стараўся скарыстоўваць такую магчымасць, каб ратавацца. Сілы яшчэ спатрэбяцца, па ўсім відаць, што гэта толькі пачатак.
У 12 гадзін наступнай ночы яго зноў павялі на допыт і паставілі перад следчым Фаміным.
— Зняволены Асцёрскі, адкуль у цябе такое хвацкае прозвішча? — спытаў Фамін.
— Пра гэта лепш было б спытаць у майго бацькі, ён лепш ведае.
— Не язві! Лепш скажы мне: ты — паляк?
— Я такі паляк, як вы француз, — дзёрзка адказаў Міхась.
— Тады адкуль у цябе такое польскае прозвішча на — скі?
— Такім пытаннем не займаўся, бо няма ніякай патрэбы.
— Ухіляешся ад прамога адказу! Навошта ты хаваеш сваё сапраўднае паходжанне?
— Мне няма чаго хаваць ад вас, я — беларус, і вы гэта добра ведаеце. Цікава, учора абвінавачвалі мяне ў беларускай нацдэмаўшчыне, а сёння ў тым, што я быццам бы — паляк. А што тут дрэннага, калі б і на самой справе я быў палякам? Ці ж палякі не людзі?
— Усе палякі — фашысты. Вось у чым справа, — патлумачыў Фамін. — Вы, нацдэмы, і паляка Кастуся Каліноўскага зрабілі беларусам, а таксама і Дуніна-Марцінкевіча.
— Яны і ёсць сапраўдныя беларусы, — не адступаў Міхась.
— Бачу я, што вы там — адна банда, — сказаў Фамін, не здолеўшы абвергнуць Міхася. — Ты быў членам праўлення Беларуска-польскага дома асветы ў Ленінградзе і пры ім Беларускага зямляцтва?
— Так, быў і ўдзельнічаў ва ўсіх масавых мерапрыемствах гэтых арганізацый. Дык што тут дрэннага?
— А сам ты не ведаеш, якую вы там шкодную палітыку праводзілі? Ведаеш! Ты ж, здаецца, і ў інстытуце арганізаваў беларускае студэнцкае зямляцтва. Можа, скажаш, што гэта не так?
— Чаму не так? Сапраўды, і ў інстытуце па маёй ініцыятыве было ўтворана беларускае студэнцкае зямляцтва, якое падпарадкоўвалася агульнагарадскому, што пры Доме беласветы.
— Вось ты і злоўлены, адпірацца няма чым! — усклікнуў Фамін.
— Як і кім я злоўлены? — спытаў Міхась.
— Фактамі, пан Асцёрскі.
— Якімі фактамі?
— Не прыкідвайся наіўным. Раскажы лепш, як ты разам з Каталынавым, кіраўніком трацкісцкага цэнтра, які лічыўся студэнтам політэхнічнага інстытута імя Молатава, дапамагаў Нікалаеву рыхтаваць забойства Сяргея Міронавіча Кірава.
— Што вы сказалі?
— Тое, што ты чуў: разам з ворагам народа Каталынавым рыхтаваў забойства Кірава. Каталынава адразу раскрылі і абясшкодзілі, а ты замаскіраваўся і хадзіў на свабодзе да апошняга часу. Мо не ты збіраўся зрабіць замах на таварыша Сталіна і яго паплечнікаў, калі яны ішлі за труною Сяргея Міронавіча?
— Грамадзянін следчы, вы ўжо другі раз хочаце прышыць мне гэту ахінею — учора і вось сёння, — выйшаў з раўнавагі Міхась. — Хто вам пра ўсё гэта наплёў?
— Не мае значэння хто, галоўнае, што гэта не ахінея, а праўда! І на гэта таксама ёсць факты. А факты, як ты ведаеш, упартая рэч.
— Ад такой «праўды» і вашых «фактаў» вушы вянуць! Вы і самі ведаеце, што гэта хлусня! Вы і самі гэтаму не верыце, але для выканання плана вам патрэбна і такая лухта.
— Асцярожней на паваротах, пан Асцёрскі, а то пашкадуеш, ды будзе позна, — пачырванеў Фамін са злосці.— Вось падпішы пратакол, і мы расстанемся сябрамі, а інакш зноў пойдзеш на скразняк.
— Я гатовы на ўсё, толькі не на гэта!
— Значыць, прадаўжаеш упірацца? Не падпішаш?
— Рэжце мяне на кавалкі, а гэтай хлусні я не падпішу!
І следчы націснуў на кнопку… Праз хвіліну Міхась зноў стаяў на тым самым месцы — у пакоі са скразняком. І зноў, як і ў мінулыя суткі, ён прастаяў там пад наглядам ахоўніка да шасці гадзін раніцы, а пасля быў зноў пастаўлены ў калідоры тварам да сцяны.
Мінулі яшчэ суткі без сну і ежы. І зноў яго прывялі на допыт у той жа самы кабінет і да таго ж самага Фаміна. На гэты раз яго мучыцель прыдумаў новае абвінавачанне для сваёй ахвяры. Сказаў, што Міхась — сын кулака, які да рэвалюцыі быў дробным памешчыкам — панам польскага паходжання. Што Міхасёў бацька да калектывізацыі меў 50 гектараў зямлі, 8 коней, 12 кароў і цэлы статак дробнай жывёлы, не лічачы соцень курэй, качак, гусей, індыкоў.