— Дарэмныя вашы старанні, грамадзянін следчы. Пад ліпай я падпісвацца не буду!
— Рагулін, — звярнуўся Фамін да свайго памочніка, — адвесці арыштаванага на тое ж самае месца — на свежае паветра.
І пайшлі чацвёртыя суткі скразняку, стаянкі ў калідоры і на допыце перад следчым — без сну, ежы і адпачынку для ног. Паступова пакідалі сілы: галава кружылася, у вачах цямнела, ногі пухлі і рабіліся чужымі, але ён трымаўся. Ён пачаў ужо траціць усякую веру ў справядлівасць. Прыйшоў да думкі, што жывым з гэтай камяніцы з кратамі яму не выйсці. І палохала яго не смерць, а цяжкія пакуты. А каб іх пазбегнуць, ён вырашыў зрабіць так, каб смерць наступіла імгненна. І вось калі яго яшчэ раз следчы выклікаў на чарговы допыт, Міхасю захацелася выкарыстаць гэты апошні шанец.
— Ну, як адпачывалася, пан Асцёрскі? — пазлараднічаў Фамін. — Галава пасвятлела на свежым паветры?
— Пасвяжэла і галава, і ногі, як у санаторыі,— адрапартаваў Міхась.
— Пакуль ты адпачываў там, у мяне прыбавіўся на цябе яшчэ адзін матэрыяльчык.
— Што там яшчэ за ліпа? — спытаў Міхась.
— Не ліпа, а дакументальны матэрыял. Ты пісаў паэму пра будаўніцтва дарогі?
— Пісаў, але цалкам яшчэ не апублікаваў.
— І не апублікуеш, бо тыя ўрыўкі з яе, якія з’явіліся на старонках перыядычнага друку Беларусі, гавораць за тое, што яна шкодная — нацдэмаўская, варожая.
— А канкрэтна — у чым заключаецца яе шкоднасць?
— У яе нацыяналізме.
— Вы канкрэтна гаварыце, а не агульнымі фразамі.
— Ты супрацьпастаўляеш беларускую мову рускай. У цябе там рабочыя гавораць на беларускай мове, а прараб — на рускай. Гэта ж кашчунства. Сам галава беларускай пісьменніцкай арганізацыі Міхась Клімковіч асудзіў яе на пленуме пісьменнікаў Беларусі. Вось табе і канкрэтна. Можа, і цяпер яшчэ будзеш адпірацца?
— Дзе гэта ўсё? Дакажыце! А я дакажу, што гэта не так.
— Не трэба мне твайго доказу, ужо ўсё даказана. Між іншым, калі ўжо табе так хочацца, я дам яшчэ адзін доказ.
— Калі ласка, я гатовы слухаць.
— Скажы, Асцёрскі, хто больш за ўсіх ведае сямейнага мужчыну, жонка?
— Жонка. Ну і што?
— А вось што, — Фамін дастаў з шуфляды стала нумар ленінградскай гарадской газеты «Красная газета», разгарнуў яе і ўслых прачытаў… адрачэнне Таісы ад яго, Міхася Асцёрскага.
— Не можа быць! — запратэставаў Міхась. — Таіса гэтага не зробіць! Давайце хоць пагляджу сваімі вачамі.
— Калі ласка, глядзі, чытай, любуйся творам роднай жонкі!
Калі Міхась убачыў, што гэта і на самой справе так, сумна вымавіў:
— Фальшыўка, але цяжка абвергнуць. Усё ж такі ўламалі слабую жанчыну. Зроблена гэта не па добрай волі…
— Як бачыш, твая карта бітая. Расколвайся, хопіць упірацца, — голасам пераможцы закончыў Фамін.
— Ваша ўзяло. Мне адпірацца няма сэнсу, — спакойна сказаў Міхась тонам пераможанага. — Я сёння многа думаў і вырашыў, як вы гаворыце, раскалоцца. Хопіць мне гуляць з вамі ў жмуркі.
— Ты гэта на самой справе, Асцёрскі, ці зубы мне загаворваеш?
— З такімі рэчамі і пры такіх абставінах не шуткуюць, — сказаў рашуча Міхась.
— Рагулін, ідзі па самавар, трэба чалавека накарміць! Не забудзь захапіць і пячэння.
Разам з самаварам у пакой следчага ўскочылі яшчэ тры чалавекі — сябры па «працы».
— Што, раскалоўся? — пыталіся яны ў Фаміна.
— Раскалоўся, куды яму дзявацца. Хоць не адразу, але ўзяўся за розум, — сказаў Фамін павучальна, як бацька блуднаму сыну, і ўжо Міхасю: — Еш, папраўляйся, а калі падсілкуешся, я прачытаю табе ўсё, што падрыхтаваў. Падпішашся і будзеш свабодны.
— Лепш давайце дамовімся так, што я сам напішу пра ўсё чыста. Так будзе лепш.
— Добра, я згодзен. Нам вядома, што ты чалавек адукаваны, з гэтым павінен справіцца.
А калі Міхась закончыў піць чай, Фамін сказаў яму:
— Вось табе папера, ручка, чарніла. Садзіся вунь за той стол і пішы.
— Ведаеце што, я за гэтыя дні так стаміўся, што не магу пальцам варухнуць. Дазвольце мне сёння адпачыць, а я заўтра зраблю гэта на свежую галаву.
— Згодзен. Зараз пойдзеш у сваю камеру, а потым мы паклічам цябе. Вазьмі з сабой пачак пячэння, цукерак, а таксама цыгарэт. Сам паласуешся і пачастуеш сваіх сяброў. Бо ты ж як-ніяк — стараста.
Міхась падзякаваў свайму «дабрадзею», і яго павялі ў камеру, дзе ён не быў чацвёра сутак.