Затое, калі чарга дайшла да кніг і рукапісаў, тут ужо ў начных візіцёраў хапіла работы, бо Міхась Асцёрскі быў не толькі студэнтам педінстытута і будучым настаўнікам, але яшчэ і маладым беларускім паэтам, яго імя ў Беларусі было ўжо даволі вядома па тых творах, якія публікаваліся на старонках перыядычнага друку, і па вершаваным зборніку «Мазалёвыя рукі». Яго вершы неаднойчы гучалі па беларускім радыё, іх чыталі са сцэны прафесійныя і самадзейныя артысты. Ды і сам ён неаднойчы выступаў перад чытачамі сваёй рэспублікі, а таксама ў глядзельных залах Ленінграда, у тым ліку і ў Доме пісьменніка імя Маякоўскага. А таму яго невялікі пакой быў завалены рознымі кнігамі і рукапісамі. Асабліва багата было паэтычных кніг на беларускай, рускай і замежнай мовах, як сучаснай, так і класічнай паэзіі. Побач з выданнямі Белдзяржвыдавецтва, ГІЗа, «Акадэміі» і іншымі ляжалі кнігі, выдадзеныя выдавецтвам Сыціна, Маркса, Бракгаўза і Эфрона ў раскошных вокладках.
І вось гэтыя начныя візіцёры пачалі пільна прыглядацца і ў той жа час прыдзірацца да кожнай кніжкі, асабліва букіністычнай, якія Міхась гадамі і з вялікімі цяжкасцямі набываў.
— Відаць, мы невыпадкова трапілі сюды, — з адкрытай радасцю ўсклікалі яны. — У вас тут цэлая бібліятэка царскіх выдаўцоў. Сыцін, Маркс, Бракгаўз і Эфрон… Асабліва Маркс, які ганьбіць нашага Маркса. Што, у нас не хапае сваіх, савецкіх пісьменнікаў і выдаўцоў, што вы лезеце ў царызм?
— Гэта ж класіка, перад якой мы павінны здымаць шапкі і схіляць галовы! — пратэставаў Міхась.
— Якая там чорта лысага класіка! Ад такой класікі пахне гноем. Ну, няхай сабе Пушкін ці Лермантаў, а навошта вам Шэкспір, Байран, Шылер, Гётэ, Міцкевіч — гэты польскі пан? Няхай іх чытаюць капіталісты, а з нас Маякоўскага і Безыменскага дастаткова.
— Сапраўднае мастацтва патрэбна ўсяму чалавецтву, — спрабаваў пераканаць няпрошаных гасцей Міхась, але дарэмна. Як глуханямога не вылечыш ад глухаты і нематы, так і згубіўшага духоўныя вартасці чалавека — ад яго чэрствасці і тупасці. Бо сухі слуп не можа стаць жывым дрэвам.
Пачынаючы з вокладкі, перагортвалася і правяралася кожная старонка кожнай кнігі.
— Так і запішам, — гаварыў старэйшы па званні і па чыне энкавэдыст свайму малодшаму калегу, — што збіраліся і захоўваліся кніжкі царскіх часоў.
— Як гэта разумець: «кніжкі царскіх часоў»?
— Як хочаце, так і разумейце.
— У вас бога няма ў сэрцы! — не стрымалася Таіса. — Гэта ж букіністычныя кніжкі рэдкіх выданняў, на вагу золата.
— Якія там яшчэ букіністычныя? — не разумеючы значэння гэтага слова, спытаў старэйшы па званні. Ад такога пытання нават домакіраўнік пачырванеў, яму стала няёмка.
— Не, з вамі гаварыць цяжка, — выпаліла Таіса.
— Не цяжэй, чым з вамі! — агрызнуўся энкавэдыст. — Вы тут пабочная асоба. А таму я прашу вас замаўчаць!
— Гэта я пабочная? Я — гаспадыня кватэры, жонка таго, з каго вы здзекуецеся. Кніжкі гэтыя не толькі ён, муж, збіраў, але і я таксама.
— Ведаеце што, грамадзяначка, каб не ваша сённяшняе жаночае становішча, у якім вы зараз знаходзіцеся, я далучыў бы вас да вашага любімага мужа, — зароў грозна энкавэдыст.
— Бяры, вядзі, не баюся! Знойдуцца людзі, якія разбяруцца ў гэтай бруднай справе і прыцягнуць вас, насільнікаў, да суровай адказнасці!
— Таіска, замаўчы, хопіць! Усё роўна ты ім не дакажаш, што праўда і што хлусня. Яны нас не разумеюць, мы іх таксама, — спрагадліва звярнуўся да жонкі Міхась.
— Вось так бы вы адразу і сказалі ёй. А то крычыць, пляце чорт ведае што, — прымірэнча мовіў энкавэдыст. — У нас з вамі розныя галовы, а значыць, і розныя дарогі.
Параскідвалі, перабіраючы, па пакоі ўсе кніжкі і рукапісы, якіх яны не разумелі (былі напісаны на беларускай мове).
Нарэшце энкавэдысты натрапілі на альбом экспазіцый Рускага музея, які адкрываўся, як і ўсе падобныя да яго альбомы, партрэтам Аляксандра ІІІ, заснавальніка гэтага музея.