Там Міхась адразу ж накінуўся на пайку і баланду, якія яго чакалі. З’еў усё, не разбіраючы смаку, раздаў «гасцінцы» і як сноп паваліўся на падлогу, адразу апынуўшыся ў абдымках Марфея, — заснуў.
— Відаць, раскалоўся, — гаварылі паміж сабою яго суседзі па камеры, — інакш не прыйшоў бы з гасцінцамі і непабітым.
— Варажыць не будзем, прачнецца — спытаем, — пачуўся другі голас.
Але варажыць, а тым больш спытаць у яго калегам па камеры не давялося. Ён праспаў амаль суткі, пасля чаго яго тут жа паклікалі.
— Куды ж гэта цябе і навошта? — спытаўся адзін з насельнікаў камеры.
— Разлічвацца за гасцінцы, — загадкава адказаў Міхась і знік за дзвярыма.
Не паспеў ён пераступіць парог кабінета, як следчы са сваім памочнікам засыпалі яго пытаннямі: як адпачывалася, як спалася, як ён адчувае сябе і ці пакармілі яго там.
— Ну, садзіся, прачытай пратакол допыту, падпішыся і будзеш свабодны, — сказаў яму Фамін.
— Мы ж з вамі дамовіліся, што я сам напішу пра ўсё, — нагадаў яму дамоўленасць Міхась.
— Так, так, правільна, мы дамаўляліся, — згадзіўся Фамін. — Вось табе ўсе канцылярскія прылады, ідзі садзіся вунь за той столік і пішы. Толькі глядзі, пішы праўду, без падману.
— Няпраўды я пісаць не збіраюся.
— Малайчына, так і трэба, — пахваліў яго следчы Фамін.
І Міхась пачаў пісаць: дзе нарадзіўся, хрысціўся, вучыўся, працаваў, жаніўся. Адным словам, пісаў сваю аўтабіяграфію з дня нараджэння і да арышту.
3 паўгадзіны Міхась расказваў на паперы аб пражытых і перажытых гадах. Расказваў па парадку, нічога не ўтойваючы і не прыбаўляючы. І калі ўжо заставалася дапісаць не больш як паўстаронкі, да яго падышоў Фамін і пацікавіўся яго пісанінай:
— Пакажы-тка, што ты тут накрэмзаў?
— Не накрэмзаў, а напісаў,— адказаў Міхась.
— Ну, няхай сабе напісаў,— пагадзіўся той.
— Пачакайце, я зараз закончу, — не згаджаўся Міхась.
— І ўсё ж я хачу паглядзець, што ты тут строчыш, — сказаў Фамін і самавольна ўзяў спісаныя лісткі. Ён бегла прачытаў іх і спытаў, не ўнікаючы ў сэнс:
— Дык гэта і ўсё?
— Не, засталося яшчэ расказаць аб тым, як мяне схапілі вашы сябры і прывялі ў гэту цытадэль.
— І ўсё? — паўтарыў следчы. — Ты ж яшчэ нічога не сказаў.
— Усё. Больш я нічога не ведаю.
— Ты ж не напісаў аб самым галоўным — шкодніцтве.
— Па-мойму, мы дамовіліся з вамі пісаць толькі праўду. Вось я і стрымаў сваё слова — пісаў толькі пра тое, што добра ведаю. Не так, як гэта робяць некаторыя.
— Устаць! — зароў Фамін. — Падпішы тое, што я прапаную!
— Я толькі пад сваім падпішуся, а пад гэтым няхай падпісваецца той, хто яго аўтар.
— У кут, гадзюка! — загадаў ён сваёй ахвяры.
Міхась пакорліва стаў у кут і сказаў:
— Па-першае, я не дазваляю вам крычаць на мяне, бо я — не школьнік, а настаўнік. Па-другое, я ўсіх, у тым ліку і вас, называю на «вы». Так да вас і мяне ўсюды называлі. А вось вы мне «тыкаеце». Хопіць такога хамства!
— Э-э, гадзюка, чаго захацеў! Называць яго на «вы»! Гэтага трэба заслужыць, контра!
На крык следчага ў пакой уляцелі яшчэ тры чалавекі, тыя, што і ўчора.
— У чым справа? — спыталі яны ў адзін голас.
— Падмануў, падлюка! Адмаўляецца ад сваіх слоў! — тлумачыў Фамін.
— Не падпісваецца?
— У тым-то і справа, што не падпісваецца.
— Зараз мы яму паможам, — сказаў адзін з іх. — А не, дык пусцім на распыл, — і выняў з кабура пісталет.
За ім тое ж самае зрабілі і астатнія. І цяпер дулы пяці пісталетаў былі скіраваны проста ў твар Міхасю. Толькі ён не спалохаўся, а, наадварот, засмяяўся.
— Што, думаеш, слабо? — не вытрымаў адзін з энкавэдыстаў.
— Слабо, страляць не будзеце.
— Чаму ты так лічыш? — вышчарыўся Фамін.
— А таму, што калі вы мяне застрэліце, то і вам будзе тое ж самае. Па-другое, для таго, каб адабраць у мяне жыццё, не трэба пяць куль, дастаткова і адной. І апошняе, што я хацеў сказаць вам: смерці я не баюся. Усё роўна жыцця мне ўжо не будзе. Я цяпер і сам бы застрэліўся, каб было з чаго.
— На, вазьмі мой пісталет, страляйся, — сказаў Фамін.
— Давай, — не спалохаўся Міхась.
— Э-э, які хітры! Дай яму пісталет, дык ён і цябе ўхлопае, — здзекаваўся следчы.
— Прызнаюся, што так бы яно і было: спачатку цябе, а потым ужо і сябе.
Прайшоў першы пал, ці напал, і трое з гасцей паразыходзіліся па сваіх кабінетах, а двое засталіся — даводзіць пачатае да канца.
— Я ж па тваіх вачах бачу, што ты сапраўдная контра! — не адставаў ад яго Фамін.