Выбрать главу

І Міхась адказаў яму рускім выслоўем, бо тут якраз тычылася менавіта рускай мовы:

— Уж больно ты грамотен, а корову через ять пишешь!

Гэтымі словамі ён нагадаў Фаміну той момант, калі следчы прасіў праверыць памылкі ў яго пратаколах допытаў.

— Ты знаеш сібірскіх кулачнікаў?! — пагрозліва спытаў той і тут жа пачаў закасваць рукавы гімнасцёркі. Тое ж самае пачаў рабіць і яго памочнік Румін.

— Не знаў і знаць не жадаю, асабліва такога гада, як ты! — гучна прамовіў Міхась і ў той жа час пачаў маленькімі крокамі адыходзіць ад кутка, дзе ён стаяў, каб мець месца для манеўра. Бо ён бачыў, што яго збіраюцца біць, а таму і вырашыў не здавацца без бою. Смерці Міхась не баяўся, лічыў, што ўсё роўна рана ці позна, а яго гэтыя садысты загубяць, жывога з турмы не выпусцяць.

Як толькі каты наблізіліся да яго і нанеслі першыя ўдары — як бы для пробы — адзін у правае, другі ў левае плячо, у Міхася пацямнела ў вачах, але не так ад болю, як ад крыўды і гневу. І ён, не чакаючы, пакуль яго зваляць з ног новымі ўдарамі, колькі было сілы стукнуў кулаком у твар Фаміну, і калі той адляцеў ад яго, тут жа даў нагою другому праціўніку — Руміну, які адразу скурчыўся і апусціўся на падлогу. І ў той жа самы момант Міхась закрычаў на ўвесь голас:

— Каравул! Забіваюць!

Рашэнне такое, хоць і імгненнае, было правільным: праз лічаныя секунды ў кабінет уварваўся маёр Байцоў, начальнік следчага аддзялення. Абвёўшы вачыма пакой, тут жа спытаў:

— Хто крычаў?

— Я, — адказаў Міхась.

— А што здарылася?

— Забіваюць!..

— Хто?

— Вось гэтыя каблы, — паказаў ён на следчых.

Як ні дзіўна, яго каты чамусьці маўчалі — яшчэ не прыйшлі да нормы пасля нечаканага адпору свае ахвяры. У Фаміна быў акрываўлены твар, ён хусцінкай выціраў нос і вусны. А Румін, з цяжкасцю апіраючыся на сцяну, устаў з падлогі, трымаючыся рукой за тое месца, па якім прыйшоўся ўдар. З твару яшчэ не сышла грымаса болю.

— Хто цябе так расфарбаваў? — спытаўся маёр у Фаміна.

Той неяк разгублена паказаў вольнаю левай рукою на Міхася.

— Гэта хто дазволіў табе займацца рукапрыкладствам? — грозна спытаў маёр у Міхася. Але ў голасе маёра Міхасю пачуўся прыхаваны смех.

— Я абараняўся.

Маёр не стаў яго слухаць.

— У калідор! Тварам да сценкі! — закрычаў ён.

У адзін момант Міхась апынуўся на тым самым месцы, на якім перад гэтым прастаяў чацвёра сутак.

— А ты, балван, чаго тут стаіш? — накінуўся ён на памочніка следчага Руміна, які яшчэ не паспеў апамятацца ад нечаканасці.— Хутчэй па фельчара, г….к! — загадаў яму начальнік.

Мінуты не прайшло, як фельчар, а можа, гэта была сястра, прыбегла з тазікам, напоўненым вадой, з бінтамі, ватай і ёдам.

Калі фельчар выйшла з кабінета следства, Міхась непрыкметна падступіў бліжэй да дзвярэй і пачаў прыслухоўвацца да гутаркі ў кабінеце.

— Вы кім тут працуеце? — пытаўся маёр у следчых з раздражненнем. Але адказу не было.

— Я пытаюся, кім вы тут працуеце?

— Следчымі,— пачуўся нясмелы адказ.

— Следчымі? — паўтарыў ён адказ. — Ды вы не следчыя, а… — і ён сыпануў столькі лаянкі, абразлівых слоў, што адкуль яны ў яго толькі браліся. — Дурні, невукі! Вось хто вы. Біў ён вас, але слаба. Ёсць такая руская прымаўка, што дурня і ў царкве б’юць. Зразумела вам ці не? — Маўчанне. — Я пытаюся, зразумелі вы хоць што-небудзь ці не?

— Зразумелі,— працадзілі праз зубы следчыя.

— У нас дазваляюцца ўсе метады следства для дасягнення мэты, як гэта сцвярджае ў сваіх вучоных працах Вышынскі і рэкамендуе нам жалезны нарком Яжоў. Толькі ўсё гэта трэба рабіць з галавой. Можна і біць, толькі ведаць, каго і як. Спачатку трэба добра вывучыць асобу, з якой вам прыйдзецца працаваць, а потым ужо і дзейнічаць. Цяпер хоць дайшло да вас ці не? — Зноў маўчанне. — Я пытаюся ў вас, асліныя галовы, дайшлі да вашага паняцця мае словы ці не?

— Дайшлі, таварыш начальнік, дайшлі,— відаць, без асаблівай ахвоты адказвалі следчыя.

— Дык вось, мае мілыя, гэта вам на будучае, а сёння — па дамах! Не, ты, Румін, ідзі да сваіх стажораў, а ты Фамін, ідзі і да мяне больш не прыходзь! Шукай другога дурня ў начальнікі сабе. А мне ты больш не патрэбны! Можаш вяртацца зноў хоць і ў свой Мінск — адкуль і прыехаў.

На гэтым і закончылася «задушэўная гутарка» ў кабінеце следчага. Міхасю зноў здалося, што маёр зводзіў нейкія свае рахункі з Фаміным, а сутычка ў кабінеце следчага была яму на руку. Інакш усё магло павярнуцца ў зусім іншы бок для Міхася. З пакоя выйшлі ўсе разам, толькі скіравалі ў розныя бакі: Фамін налева, а начальнік аддзялення Байцоў і «стажор», ці памочнік следчага, — у іншыя кабінеты. Дзверы замкнулі на ключ, які начальнік паклаў сабе ў кішэню. Яны прайшлі міма Міхася, які стаяў тварам да сцяны, нават не глянуўшы на яго, нібы гэта было пустое месца.