Так Міхась зноў прастаяў у абрыдлым калідоры без адпачынку, сну і ежы яшчэ цэлых трое сутак! За гэты час ён наслухаўся розных крыкаў-размоваў па кабінетах следчых, а таксама на калідоры, і нават пазнаёміўся з некалькімі «ўпартымі людзьмі». Так, напрыклад, ён стаяў блізка з маладым студэнцікам тэхнікума, які вельмі сумаваў і нават плакаў па маладой жонцы. А вось работнік гандлю заўсёды паказваў сябе аптымістам. Што ўжо было ў яго на сэрцы, адзін усявышні ведае, а на людзях трымаўся бадзёра.
Арыгінальнай фігурай у гэтым калідоры быў бацюшка. Ён убачыў Міхася, аброслага залацістай барадой і доўгімі валасамі, ціхенька наблізіўся да яго і спытаў шэптам:
— Вы з якога прыходу?
— З Сергіеўскага, — адказаў Міхась. — А вы?
— Са Спаскага, — адказаў бацюшка. — Айцец Павел.
Міхась пагаварыў трошкі са сваім «калегам», а потым засмяяўся.
— А чаму вы смеяцеся? — спытаў айцец Павел.
— Таму, што я не поп, а больш таго — атэіст.
— Ну нічога, усё роўна вы добры чалавек.
— Адкуль вы ведаеце? Можа, наадварот?
— Не, я трошкі ў людзях разбіраюся.
— Вы, бацюшка, — шпіён?
— Шпіён, браце, шпіён.
— Я таксама, — сказаў Міхась і горка ўсміхнуўся. Засмяяўся і бацюшка, як кажуць, за кампанію. А можа, і ад душы.
Але прыемнага за трое сутак было мала, на астатні час выпадалі горкія пакуты і чаканне — калі ўсё скончыцца.
І вось на чацвёртыя суткі, у шэсць гадзін раніцы, а было гэта 24 лістапада, да Міхася падышоў дзяжурны па корпусе, які насіў мянушку «ліберал», і спытаў:
— Як ваша прозвішча?
Міхась назваўся.
— Вы пайку на сённяшні дзень атрымлівалі?
— Я ўжо цэлы тыдзень не меў такога гонару, — адказаў Міхась з горкай іроніяй.
— Ну нічога, зараз атрымаеце. Пойдзем у камеру, — неяк спагадліва сказаў «ліберал».
Калі яны падняліся па лесвіцы на чацвёрты паверх і ўбачылі раздатчыкаў з хлебнаю скрынкай, «ліберал» патрабавальна сказаў:
— Дайце чалавеку пайку.
Затым ён упусціў Міхася ў камеру і загадаў:
— Бярыце вашы рэчы і пойдзем.
— Куды? — спытаўся нявольнік.
— Потым убачыце. У асобную кватэру, у люкс.
Дзяжурны сказаў праўду: яго прывялі ў адзіночную камеру і загадалі дзяжурнаму калідорнаму, каб ён не даваў Міхасю спаць.
У камеры стаялі два ложкі з абшарпанымі і прадушанымі матрасамі. Тэмпература ў камеры — нулявая, святло — кадзільнае. У кутку знаходзілася ледзь-ледзь цёплая батарэя. Міхась сеў пры ёй на падлогу і прыхінуўся спінаю. Змораны і галодны, ён адным махам умяў сваю пайку хлеба і адразу ж заснуў. Праз колькі мінут грымнулі запоры дзвярэй, і ў камеру ўвайшоў турэмшчык, які грозна папярэдзіў Міхася:
— Зняволены, тут спаць няможна!
— А дзе можна, скажыце? — не разумеючы яго, пытаўся Міхась. Ён думаў, што няможна толькі ля батарэі.
— Не ведаю дзе, а тут, у камеры, няможна.
— Добра, калі няможна, паспрабую трымацца.
Дзверы зачыніліся, і Міхась пачаў маршыраваць па камеры, каб развеяць сон і не зябнуць. Разоў дзесяць ён прайшоўся туды-сюды і зноў сеў на ранейшае месца. Праз лічаныя хвіліны ён зноў задрамаў, а можа, і заснуў. І тут зноў жа загрымелі запоры турэмных дзвярэй. Да Міхася падышоў той жа турэмшчык — калідорны дзяжурны — і пагрозліва загаварыў:
— Я каму гаварыў, што спаць тут няможна?!
— Вінаваты, даруйце, не вытрымаў, грамадзянін дзяжурны, пастараюся не спаць.
— Калі яшчэ раз паўтарыцца, крыўдуйце на сябе — згнаю ў карцары!
— Буду старацца, даруйце, — няўпэўнена паабяцаў Міхась.
Ён зноў пачаў адмерваць крокі па камеры. Так ён хадзіў, пэўна, з паўгадзіны, пакуль не стаміўся. Потым зноў гэтак жа сеў спінаю да батарэі і не заўважыў, як зноў заснуў. І спаў так моцна, што не пачуў, як адчыніліся жалезныя дзверы. Ён нічога не мог зразумець нават і тады, калі яго пачаў катурхаць грозны турэмшчык.
— Ты за каго мяне лічыш? За сабаку? Дзе ж тваё чэснае слова? Згнаю! — зароў ён на ўсю камеру.
Міхась моўчкі ўскочыў на ногі і з нейкім рашучым выглядам на твары стаў супраць свайго мучыцеля, ад чаго той неяк задам падаўся бліжэй да дзвярэй, а потым апынуўся і за дзвярыма.
— Ідзі сюды, — сказаў Міхась, — не бойся, я цябе не з’ем.
— А я і не баюся, — неяк няўпэўнена сказаў турэмшчык. — Не такіх бачыў.
— Скажы, ты чалавек? — спытаўся ў яго Міхась.