Выбрать главу

— А хто ж я па-твойму, жывёліна? Чалавек!

— Я таксама чалавек, хоць і арыштант. Дык няўжо ж чалавек чалавека не зможа зразумець? Вось уяві сябе на маім месцы.

— Я на тваім месцы не быў і ніколі не буду! — адрэзаў турэмшчык.

— Не заракайся. Колькі часу таму назад я і сам вось так жа думаў, а сёння… Паглядзі, што робіцца вакол, што робяць з добрымі людзьмі!

— Што ты хочаш сказаць гэтым? Што ты ад мяне хочаш? На што правакуеш мяне?

— Слухай, браток…

— Які я табе браток? — са злосцю перабіў Міхася турэмшчык.

— Ну дай дагаварыць! Як ты думаеш, колькі часу чалавек можа пражыць без сну?

— Не ведаю, я не доктар. І навошта мне ведаць?

— А вось навошта. Я не сплю ўжо цэлы тыдзень. Магу я далей так жыць, як ты думаеш?

— Не ведаю. І што ты хочаш ад мяне? На што ты мяне агітуеш? — пачаў ён паступова здавацца.

— Я хачу аднаго — дазволь мне трошкі паспаць. Я ведаю, што табе загадалі не даваць мне спаць. Але не бойся, я цябе не падвяду. Як толькі пачую сігнал трывогі, я адразу ж буду на нагах. Паўтараю — я цябе не падвяду.

— Ну, што з табой зробіш? Паспі трошкі, але глядзі, не падводзь, — нарэшце згадзіўся турэмшчык.

Не паспелі зачыніцца дзверы, як Міхась сеў на тое ж самае месца і адразу заснуў.

Колькі ён так праспаў, Міхась і сам не ведае, але як толькі загрымелі запоры ў дзвярах, тут жа ўскочыў на ногі і стаяў па камандзе «смірна».

— Малайчына! — пахваліў яго ўчарашні грозны турэмшчык. — Я прынёс табе вячэру. Абед таксама стаіць. Я заходзіў у камеру, але не стаў будзіць цябе — пашкадаваў. Так што еш адразу і абед, і вячэру. Хутка прынясу чай.

Міхась прагна накінуўся на абед і на вячэру. Неўзабаве прыбыў і кіпяток, які называўся чаем, таму што быў трошкі падфарбаваны. У прысутнасці турэмшчыка ён выпіў і чай. І тут жа асмеліўся яшчэ раз звярнуцца з просьбай.

— Браток, дазволь мне яшчэ трошкі прыдрамаць. Бо я не ведаю, калі яшчэ дачакаюся такое раскошы.

— Добра, адпачывай. Я бачу, ты неблагі чалавек.

— Дзякую табе, добры чалавек!

Міхась сеў і падумаў: «А ўсё ж такі не перавяліся добрыя людзі. Яны нават і сярод турэмшчыкаў ёсць».

Так ён правёў у забыцці яшчэ гадзін колькі. А потым, як звычайна, сярод ночы, ён пачуў, як грымнулі дзверы, і Міхась у адзін момант апынуўся на нагах, як салдат. Турэмшчык паблажліва ўсміхнуўся. Ахоўнік-канваір у блакітнай фуражцы па той бок калідора гучным голасам спытаў:

— Фа-ми-ли-е ва-ше?

Не хацелася задзірацца з канваірам, выгаворваць яму яго некультурнасць.

— Асцёрскі,— прымірэнча адказаў Міхась. — Куды мяне?

— На кудыкіну гару, — груба адказаў канваір. — Ты ж, пэўна, не навічок тут, ведаеш, куды водзяць пад канвоем.

Калі дайшлі да кабінета, дзе чацвёра сутак таму назад адбылася сутычка ў следчага, і ахоўнік паказаў на дзверы, у Міхася раптам аслабелі ногі: далей ісці ён не мог…

— Ну, чаго стаў? Ідзі! — скамандаваў ахоўнік.

— Не магу, — вырвалася з грудзей у Міхася.

Яму адразу прыгадалася ўсё, што там рабілася. Нейкі страх авалодаў усёй яго істотай. Ён падумаў: «Вядуць за разлікам, будуць метадычна адымаць жыццё. Смерці я не баюся, баюся пакут. А тут жа на гэта здатныя, ды яшчэ пасля такога выпадку… Нездарма ж загадвалі калідорнаму дзяжурнаму забараняць мне спаць».

— Ідзі! — яшчэ раз паўтарыў канваір.

— Не магу, ногі не служаць, — прызнаўся Міхась.

Тады канваір сам адчыніў дзверы кабінета і проста ўпіхнуў туды Міхася.

У кабінеце за сталом следчага сядзеў той самы начальнік аддзялення, маёр Байцоў. Ён абвёў вачыма Міхася і ветліва сказаў:

— Садзіся, таварыш Асцёрскі!

— Дзякую, — не паверыўшы сваім вушам, падзякаваў Міхась.

— Ну, як справы, паэт-настаўнік? — Відаць, ён ужо паспеў пазнаёміцца з паперамі на Міхася. — Як адпачывалася-спалася?

— Адпачываць адпачывалася, а вось спаць не давялося, — схітрыў Міхась. Нельга ж падводзіць чалавека, які дазволіў такое.

— А чаму? — дапытваўся маёр, нібы ён нічога не ведаў.

— Не даваў калідорны дзяжурны.

— За самаўпраўства, за самадурства ён будзе пакараны, — працягваў хітрыць Байцоў.

Пасля гэтых слоў ён адразу ж перавярнуў пласцінку на другі бок:

— Скажыце, Асцёрскі, вы не забыліся, што тры-чатыры дні таму назад вы нарабілі вось у гэтым кабінеце?

— Не забыў, грамадзянін начальнік, вымушана ўвязаўся ў бойку са следчымі. Непрыемны выпадак, — вінавата адказаў Міхась.

— Бойкі бываюць розныя, а гэта аказалася асаблівай: вы тады забілі чалавека — следчага Фаміна.