— Як гэта забіў? — здзівіўся Міхась. — Абараняючыся, я ударыў яго адзін раз — і ўсё. Гэта я добра памятаю, а наконт забойства — гэта проста выдумка.
— Якая выдумка! Яго ўчора пахавалі. Ну, і чорт з ім! Сабаку сабачая смерць!.. А вось нам з вамі яшчэ жыць ды жыць, спраў наперадзе многа. Я бачу, што вы наш, савецкі чалавек, але прайдзісветы абвялі вас вакол пальца, антысаветчыкі заблыталі ў варожую павуціну, з якой вы самі і не выблыталіся б, каб на дапамогу не прыйшлі нашы органы, якімі кіруе спрактыкаваны ленінец Мікалай Іванавіч Яжоў. Бачыце, — ён паказаў на вялізны партрэт «ленінца» побач з партрэтам Сталіна на сцяне кабінета, — як ён трымае іх, гэтых антысаветчыкаў, у сваіх яжоўскіх рукавіцах? Ён, а разам з ім і мы, ратуем такіх, як вы, грэшных, ад сапраўднай контры. У каго вучыўся Мікалай Іванавіч? У самога Дзяржынскага, які з першых дзён савецкай улады пачаў ваяваць з усёй гэтай поганню. Мы таксама вучымся ў яго. На долю Дзяржынскага выпаў нялёгкі абавязак: міжнародная і ўнутраная контра. Не лягчэй і нам цяпер. Вы павінны ўсё заўважыць і ацаніць. Павінны зразумець нас і дапамагчы нам. Раскажыце, хто вас зацягнуў у гэта балота. За гэта сурова караць вас не будуць, дадуць гады тры, і ўсё. А інакш вас могуць шлёпнуць. Зразумелі? Распішыцеся на гэтай паперцы, і мы з вамі квіты.
— Дзякую за павучальную лекцыю, але падпісвацца пад фальшыўкай я не буду. Калі я гэта зраблю, мяне, як вы кажаце, шлёпнуць, а не падпішу — судзіць няма за што.
— Значыць, не падпішаце? — трохі падумаўшы, спытаўся маёр.
— Не! — цвёрда адказаў Міхась.
— Ну што ж, я вымушаны буду пасадзіць вас у карцэр.
— Воля і ўлада ваша, таварыш маёр.
— Я вам не таварыш. Вам таварыш Бухарын са сваёю хеўрай! — ашчэрыўся маёр.
— Прабачце, грамадзянін начальнік, — паправіўся Міхась.
Маёр націснуў на кнопку, і ў кабінет зайшоў узброены пісталетам ахоўнік.
— Адвесці падследнага ў карцэр, — загадаў яму маёр.
Халадзільнік
Той год у канцы лістапада ў Ленінградзе стаяла незвычайна халоднае надвор’е. Зямля ледзь пакрылася снегам, затое ўзяліся такія маразы, што Нява стала. І так моцна яе ўкавала, што па ледзяным люстры каталіся на каньках. Часам лёд на рацэ ажно трашчаў. Адным словам, зіма ўваходзіла ў сілу.
І вось такім часам Міхася пасадзілі ў карцэр, які ніколі не бывае цёплы. Наадварот, у ім былі спецыяльныя адтуліны, праз якія ўлетку можна было наганяць гарачыню, а зімою — холад. Усё гэта рабілася для таго, каб чалавек не вытрымаў такіх пакутаў і хутчэй «прызнаўся» ў сваіх «злачынствах».
Тут было ўсё каменнае: і сцены, і падлога, і ложак з «падушкай» на ім. Драўлянай была толькі адна палоска-дошка, умазаная пасярод ложка, дзе зняволены мог прылегчы. Акенца было доўгае, але вузкае — сантыметраў 15–20. Лямпа, якая была замацавана на сцяне пад столлю, ледзь-ледзь свяцілася, як лампадка над нябожчыкам. І яна была не для зручнасці насельніка карцэра, а для таго, каб калідорны дзяжурны мог назіраць за паводзінамі ахвяры. Гэта быў сапраўдны халадзільнік, у якім рэдкі чалавек мог вытрымаць значны час.
Перад тым як змясціць Міхася ў гэты ляднік, з яго садралі вельветавую куртку-талстоўку, знайшлі прыхаваныя 25 рублёў, адабралі папружку, абрэзалі ў штанах кручкі: нібы ён мог уцячы з карцэра!
Як толькі ён зайшоў у гэты змрочны лёх, яго адразу абдало холадам. Ён сеў на ложак, які больш нагадваў грабніцу, разгубіўся і не ведаў, што далей. Адно зразумеў, што жывым, а тым больш здаровым, адсюль не выйсці. «Што ж рабіць, што прыдумаць, каб не паміраць паступова цяжкай, пакутлівай смерцю? Які знайсці сродак для паратунку? Хто ці што ў гэтым дапаможа?» — разважаў ён сам з сабой.
І вось за сцяною пачуўся дзікі, душараздзіральны крык і просьба аб літасці:
— Ой!.. Ой!.. Ой!.. Паклічце следчага! Я не магу больш!..
Неўзабаве загучалі крокі, прыйшоў следчы.
— Ну што, паразумнеў на свежым паветры, апамятаўся? — голас быў здзеклівы: гаварыў уладар лёсу са сваёю ахвярай. — Падпісвайся і пойдзеш у цёплы пакой.
— Не магу, не магу!.. Я ж ні ў чым не вінаваты!
— Значыць, да цябе яшчэ не дайшло. Пасядзі, пакуль дойдзе, — гучна сказаў садыст-следчы. — Працвярэзішся больш — падпішаш.
Грымнулі дзверы, і ён пайшоў у свой кабінет, добра ведаючы, што ахвяра яго капітулюе, бо ў такім халадзільніку доўга не выцерпіш.
Такія размовы і крыкі Міхась пачуў за дзень некалькі разоў, урэшце ахвяра здавалася і рабіла тое, што ёй загадвалі.
«Не, я да такой нізасці не дайду! Паміраць буду, а літасці ў ката не папрашу!» — сказаў сабе Міхась. «Толькі трэба прыдумаць штосьці, каб выратавацца ад ганебнай смерці і сораму перад людзьмі», — думаў Міхась. І ён успомніў гімнастычныя практыкаванні на занятках па фізкультуры пад час вучобы ў інстытуце. Шчыра кажучы, тады ён гімнастыку не вельмі цаніў. Любіў больш скакаць, бегаць, ездзіць на лыжах, каньках, ганяць футбольны мяч. Наогул спорт ён любіў. І вось вырашыў узяцца менавіта за гімнастыку — яна падыходзіла да яго ўмоваў. Ён успомніў усе 32 такты, за якія ў свой час нават меў непрыемнасці ад фізрука, бо не ставіўся сур’ёзна. Ужо пасля першай спробы ён зразумеў, што гімнастыка — адзінае, што яго выратуе. Пасля пяці хвілін заняткаў ён сагрэўся, а пасля дзесяці напружанай працы рук, ног, тулава пачынаў пацець. Так ён рабіў з перапынкамі спачатку па дзесяць, а пасля і да пятнаццаці хвілін. Гэта, канечне, было прыблізна, таму што гадзіннік яго ляжаў недзе асобна ад яго — тут яго мець не дазвалялася. Але вязні ўмеюць вызначаць час па сонцы, па іншых прыкметах, а больш «на вока». Так што прыблізна хвілін 10–15 ён практыкаваўся, а потым столькі ж адпачываў на ложку з каменнаю падушкай. Пад спінаю была дошка, а заместа падушкі былі доўгія валасы і нават барада, якія ў яго адраслі ў «Крыжах» больш як за тры месяцы. У часе адпачынку Міхась і засынаў на некалькі хвілін — таксама некалькі разоў у суткі. І так ён рабіў і днём, і ноччу, бо проста прымушаў холад. Усё рабілася ўпотай ад турэмшчыкаў. Калі б тыя даведаліся пра яго хітрасць і далажылі следчым, тыя зрабілі б усё, каб пазбавіць сваю ахвяру і такой магчымасці грэцца. Ім трэба было «прызнанне», якое па-добраму не здабываецца ў такіх установах. Зламаць жа яго волю ім трэба было любой цаной.