Міхась ведаў, што за ім сочаць, а таму быў асцярожны — прыслухоўваўся да кожнага кроку калідорнага дзяжурнага. А калі зразумеў, што яго западозрылі і сочаць за ім, вырашыў зрабіць нечаканы манеўр, як кажуць шахматысты, зрабіць ход канём. Такое рашэнне Міхась прыняў пасля двух першых сутак цяжкіх пакут у халадзільніку. Бо за гэты час да яго ў карцэр заходзіў новы следчы — Рой (Фаміна Міхась больш ужо не бачыў) і тройчы — новы памочнік следчага. Яны спрабавалі ўгаварыць яго «раскалоцца» — падпісаць фальшыўку, інакш пагражалі замарозіць яго ў карцэры.
І вось, пачуўшы крокі калідорнага дзяжурнага, Міхась лёг на свой ложак-грабніцу, звесіў на падлогу адну нагу і адну руку, як гэта робяць людзі, якія трацяць прытомнасць, раскрыў рот і заплюшчыў вочы. Калідорны дзяжурны адкрыў «ваўчок» у дзвярах, паглядзеў раз, другі і прыйшоў да думкі, што Міхась страціў прытомнасць. Ён хуценька адчыніў дзверы, падышоў да вязня, паклікаў, потым крануў, але той ляжаў нерухома. Тады ён ледзь не бягом выскачыў з карцэра і скіраваў да следчага.
Праз лічаныя хвіліны ў карцэры быў следчы са сваім памочнікам. Яны памацалі халоднае цела, паднялі і зноў паклалі на «грабніцу», а самі пайшлі па дапамогу. Вярнуўшыся ўчатырох, яны ўзялі Міхася за рукі, за ногі і панеслі ў кабінет. Тут ужо быў турэмны фельчар, і яны разам пачалі «размарожваць» вязня. Церлі спіртам, згіналі-разгіналі яму рукі і ногі, лілі ў рот амаль што гарачы чай, для чаго спіцаю разнімалі зубы.
— Вы яго замарозілі! — папракала следчых турэмны фельчар. — Памагайце мне!
Міхась, як было і задумана, паступова пачаў «уваскрасаць»: спачатку калаціцца і ляскаць зубамі, потым стагнаць і адкрываць вочы.
Калі следчыя ўбачылі, што іх ахвяра трошкі ажыла, яны налілі шклянку чаю з цукрам, падсунулі пячэнне.
— Пі, сагравайся і закусвай, Асцёрскі,— частавалі і ў той жа час папракалі «дабрадзеі» Міхася: — Вось да чаго давяла цябе твая неразумная галава. Калі б ты адразу падпісаў прызнанне, дык і не пакутаваў бы.
На гэтыя словы Міхась не адказаў сваім мучыцелям нічога. Ён, нібы ў забыцці, сядзеў і глядзеў у адну кропку. Так ён «прагасцяваў» там гадзін некалькі. Можа, прасядзеў бы і больш, ды не хапіла вытрымкі. Седзячы ў крэсле, нібы ў забыцці, пачуў, як яго каты, каб неяк прабавіць час, пачалі чытаць вершы Пушкіна, дапускаючы пры гэтым грубыя памылкі — і ў націсках, і ў самых словах. Міхась забыўся на сваю «ролю» і пачаў іх папраўляць.
Яны як быццам толькі гэтага і чакалі. Адразу ажывіліся і тут жа накінуліся на сваю ахвяру:
— А, ён ужо ўваскрос, прыйшоў у норму! — усклікнуў Рой, новы Міхасёў следчы. — На, падпісвай!
— Што падпісваць? — з наіўным выглядам спытаўся Міхась.
— Прызнанне, — растлумачыў следчы.
— Ніякіх вашых фальшывых паперак я падпісваць не буду!
— Не будзеш?
— Не буду! — рашуча пацвердзіў свае словы Міхась.
— Зноў пойдзеш туды! — пагрозліва заявіў следчы.
— Нікуды я больш не пайду, акрамя сваёй камеры!