Выбрать главу

— Што, і тут контррэвалюцыю разводзіш?! Наводзіш цень на белы дзень?! Абражаеш добрасумленных работніках турмы?

— Пры чым тут паклёп ці абраза? Я хачу толькі высветліць, куды падзеліся мае рэчы. Бо ў маю адсутнасць тут хтосьці быў.

— Адкуль ты ведаеш? — спытаў «крыкун».

— Адкуль, пытаецеся? Бо ён пакінуў два недакуркі і пусты пачак ад запалак. А вам, канечне, вядома, хто тут гаспадарыў, пакуль я знаходзіўся «ў камандзіроўцы», — спакойна гаварыў Міхась.

— Я не збіраюся шукаць прыдуманага табою злодзея. А калі ты не пакінеш правакаваць, згнаю ў карцэры! — зароў «крыкун».

— Што ж, карыстайцеся маёй бяспраўнасцю, — сказаў Міхась.

Так і не знайшоў ён сваіх рэчаў — хоць бедных, ды патрэбных.

Набліжаўся канец лістапада. Ужо стукалася ў вокны суровая зіма. Але ў камеры значна пацяплела, хоць цеплыня была падманлівай: проста на дварэ стаяла адліга. Адзіночная камера, дзе ён часова размяшчаўся, вельмі слаба абагравалася, таму што яна, як і карцэры, была разлічана на «ўпартых», «непакорлівых» арыштантаў-«злачынцаў». У ёй таксама доўга цяжка было вытрымаць. Колькі яму тут давядзецца прабыць. Міхась не ведаў. Усё было пад пытаннем. А таму ён бясконца радаваўся часовай адлізе, якая прынесла пацяпленне. Спаць жа, наколькі ведаў Міхась, ніхто не забараняў, нават калідорныя дзяжурныя — спі, колькі хочаш. Не жыццё, а маліна. Толькі цеплыні малавата, але ў параўнанні з папярэднімі днямі дык жыць яшчэ можна.

Адно тут засмучала Міхася і нават больш таго — раніла ў сэрца — гэта яго суседзі. З абодвух бакоў яго камеры — справа і злева — змяшчаліся людзі, якія мо ад катаванняў страцілі розум. Справа быў ціхі вар’ят, злева — буйны. Той, ціхі, не вельмі турбаваў свайго суседа. Ён дні і ночы без перапынку маліўся — маліўся і сам сабе, і ўголас. І калі б пра яго не сказаў Міхасю калідорны дзяжурны, той, што колькі дзён таму назад дазволіў яму спаць, то Міхась і не ведаў бы пра яго вар’яцтва. А што датычыць буйнага, што злева, дык тут ужо адразу было зразумела нават недасведчанаму чалавеку, што ён «буйны»: круглыя суткі не даваў спакою сваім суседзям. Ён і маліўся, і лаяўся на ўсю моц адборным рускім матам, умольваў, упрошваў, папракаў, абражаў, заклінаў кагосьці. Камусьці пагражаў, перад кімсьці каяўся, плакаў. Потым зноў крычаў і, відаць па ўсім, станавіўся на калені — прасіў літасці ці то ў госпада бога, ці то ў сваіх крыўдзіцеляў:

— Я не вінаваты, я не вінаваты, я не вінаваты! За што вы мяне мучыце? Што я дрэннага зрабіў вам? Пусціце мяне, ірады праклятыя! Дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі! Эй вы, інквізітары, што вы са мной робіце? А вы ведаеце, хто я? Я — галоўнакамандуючы войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы! Са мной сам пан Ягайла лічыцца! Гніды вы няшчасныя, клапы крыважэрныя! Гіены вы! — крычаў ён дзікім голасам, пагражаючы нейкім супастатам-гвалтаўнікам. А праз колькі хвілін яго грозныя прамовы змяняліся ласкавымі словамі:

— Роза, Розачка, любая мая Розачка, дзе ты? Дзе ты, мая радасць? Прыйдзі да мяне, прыйдзі да мяне, прыйдзі да мяне! Я чакаю, я чакаю, я чакаю цябе! — І раптам зноў: — Ах ты, брыдкае стварэнне! Гэта ты мяне мучыш? Ты, сцерва, падлюка, юда! Пакарай цябе, нябесная сіла! Гэта ты прыносіш мне пакуты, нягодная твая душа! Няхай пакарае цябе ўсявышні за тваю прадажніцкую душу!

І тут жа зусім у іншай танальнасці:

— Я ля тваіх ног, вялікі збаўца мой! Маліся за мяне і за маю грэшную душу!.. Я сустрэну цябе з распрасцёртымі рукамі ў час другога прышэсця на нашу грэшную зямлю! — А праз хвіліну — адборны рускі мат, лаянка, пагрозы нябачнаму ворагу ўсяго чалавецтва.

І такія сцэны адбываліся штодзень і штоноч на працягу тых двух тыдняў, пакуль Міхась сядзеў у сваёй адзіночцы. Ён не ведаў, куды яму падзецца ад такога наслання. Затыкаў вушы, але ж цэлыя суткі так не праседзіш, не хопіць цярпення. Тады ён пачынаў гучна размаўляць сам з сабою, а пасля і спяваць. Але і гэта не выратоўвала. Прыйшлося змірыцца і цярпець. Пасля Міхась падумаў, што так зрабілі знарок. Вось ведай, што чужы боль можа больш зрабіць табе шкоды, чым свой, і ты не вытрымаеш яго, сам звар’яцееш або, каб да гэтага не дайшло — расколешся, здасіся і падпішаш тую паперу на сябе.

Прайшло колькі дзён, і Міхась патроху прытупіўся, не так востра перажываў крыкі за сцяною. Неяк ён выбраў момант і спытаў у таго калідорнага дзяжурнага, які аднойчы дазволіў яму паспаць перад допытам:

— Скажыце, калі ласка, што гэта ў мяне за суседзі, адкуль яны ўзяліся?

— Не так даўно яны абодва былі нармальныя, а вось як пабылі на допытах і пасядзелі ў карцэрах, зрабіліся такімі, якімі вы іх бачыце, праўдзівей — чуеце.