— А не ведаеце, хто яны, чым займаліся да гэтага «санаторыя»?
— Дакладна не ведаю. Чуў, што абодва не з проста радавых. Ціхі са свяшчэннаслужыцеляў, значыць, поп, а буйны — нейкі вучоны — фізік ці хімік, хто яго ведае. Адным словам, іх песенька ўжо спета…
Міхась і сам разумеў, што яго суседзі — гэта ўжо жывыя трупы. І падумаў: у кожнага, хто сюды трапіў, нейкі свой лёс, а ў ім свае павароты і зігзагі. І што цябе чакае заўтра, нават сёння — ніхто не ведае. Застаецца толькі цярпліва чакаць свайго — табе аднаму наканаванага. А ўжо як ты яго сустрэнеш — адолееш ці не выстаіш — шмат ад чаго залежыць…
Недзе ў сярэдзіне снежня, у сем гадзін раніцы, як звычайна, грымнулі запоры жалезных дзвярэй, і на парозе паказалася постаць канваіра-ахоўніка ў блакітнай фуражцы, які гучна і працягла спытаўся:
— Фа-ми-ли-е ва-ше?
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч, — з трывогай адказаў Міхась, які толькі распачаў свой сняданак.
— Збірайцеся з рэчамі!
— Пачакайце трошкі, дайце даснедаць, — папрасіўся Міхась.
— Там даснедаеце.
— Дзе?
— Самі ўбачыце, — буркнуў канваір.
Міхасю не трэба было збірацца, ён жыў па прымаўцы: голы збірайся — голы гатоў. Усе рэчы яго былі пры ім і на ім. А таму ён падняўся, паставіў на столік талерку з баландой, узяў у руку рэшту хлеба і накіраваўся да дзвярэй.
Праз пару мінут ён апынуўся ў маленькім пакойчыку першага паверха, які ўжо быў бітком набіты яго калегамі па няшчасці. Тут ён убачыў знаёмых па камеры 889: механіка Сестрарэцкага зброевага завода Сяргеева і студэнта універсітэта Паўла Лёсіка.
— Глядзі, Паўлуша, хто да нас прыбіўся — стараста 889! Ну, як справы, што новага? — распытваў Сяргееў.
— Жывы, значыць, усё добра, а падрабязна пра ўсё раскажу як-небудзь пасля, — адказаў Міхась і ўбачыў, што Лёсік смокча цыгарку. Не ўтрымаўся і папрасіў пакінуць яму хоць на пару зацяжак.
Той, зацягнуўшыся яшчэ раз, падаў яму недакурак. Міхась зацягнуўся некалькі разоў і тут жа адразу неяк захмялеў, сеў на падлогу: ногі зусім не трымалі яго.
— Што з табою? — спытаўся Лёсік.
— Нічога, гэта без прывычкі, даўно не глытаў гэтага дыму, — супакоіў яго Міхась і спытаўся ў Сяргеева: — Куды гэта нас рыхтуюць?
— Кажуць, у перасыльную, а пасля этапам у лагер, а ў які — толькі ім вядома.
— Што там новага ў 889-й? — не цярпелася Міхасю.
— Усё па-ранейшаму. Выходзяць, прыходзяць і зноў выходзяць і прыходзяць, як вада ў Няве, — тлумачыў Лёсік. — Памятаеце ваенрука Краснова і бухгалтара Смоліча?
— Як жа, добра памятаю. Іх, здаецца, перавялі кудысьці,— няўпэўнена гаварыў Міхась.
— Не перавялі, а, кажуць, шлёпнулі, як шпіёнаў. А нагаварыў на іх правакатар Шчокін, які ў камеры пеў рэвалюцыйныя песні і гаварыў, што яго расстраляюць. Памятаеце? Ён быў у нас на падсадцы, як пасля высветлілася.
— Во падлюка! — не стрымаўся Міхась. — Во поскудзь!
Сустрэча на адлегласці
Не паспелі сябры па камеры пагаварыць, абмяняцца ўсімі навінамі, як пачулася каманда:
— Выходзьце па аднаму!
Іх вывелі ў двор турмы, дзе іх чакала машына. Ішоў снег, дзьмуў вецер, ляжалі высокія белыя гурбы. І калі яны апынуліся ў гэтай замеці, Міхасю раптам стала млосна, і ці то ад ветру, ці то ад слабасці ён паваліўся ў снег. Сябры дапамаглі яму падняцца і сесці ў машыну. А апрануты ён быў па-летняму: вельветавая куртка, тонкія штаны, без шапкі. На нагах — лёгкія сандалеты.
Машына ішла спачатку па набярэжнай, потым па Ліцейным мосце і далей па Валадарскім праспекце. Не даязджаючы метраў сто да Кірачнай, яна з-за нейкага затору спынілася разам з добрым дзесяткам іншых машын. І трэба ж было так здарыцца, што спынілася акурат супраць Міхасёвай кватэры з акном на праспект. Праз закратаванае акенца «чорнага ворана» ён убачыў акно сваёй кватэры, а за ім — о цуд! — убачыў, як яго жонка Таіса насіла на руках па пакоі маленькага сына! Ён глядзеў ва ўсе вочы на жонку пасля чатырохмесячнай разлукі і на сына, і з ім нешта адбывалася — слабасць разлівалася па ўсім целе, ён здрыгануўся.
— Што з табою, Асцёрскі? Ты пабялеў,— сказаў да яго Сяргееў, у якога ён сядзеў на каленях з-за таго, што не ўсім хапіла месца сесці.
— Вунь, бачыце, ходзіць па пакоі жанчына з дзіцем? Гэта мая жонка з сынам, якога я ніколі не бачыў. Ён нарадзіўся пасля майго арышту.
— Значыць, сустрэча ці спатканне на адлегласці,— задуменна сказаў Сяргееў.— Ну нічога, не бядуй, хутка ўбачыш іх і зблізку. Жыццё — хітрая штука: то апусціць, то зноў падыме. Усё яшчэ наперадзе.