Выбрать главу

— О, вы беражыцё не толькі кніжкі царскіх часоў, а яшчэ і партрэт самога цара! — зларадна ўсклікнуў адзін са «стражаў». — Гэта мы вырвем і возьмем з сабой.

— Псаваць альбом я вам не дазволю! — рашуча заявіў Міхась. — Калі ён так ужо патрэбен вам, бярыце ўвесь, хоць я і з вялікімі цяжкасцямі здабываў яго.

— Што, ад адказнасці хочаце ўхіліцца? — зноў спытаўся старэйшы энкавэдыст.

— Вы ў Рускім музеі былі калі-небудзь ці не? — у сваю чаргу спытаў Міхась у свайго рабавальніка.

— Такім гультайствам у нас няма часу займацца. Нам трэба працаваць і сачыць за такімі вось, як вы тут са сваёй жоначкай.

— А вы ўсё ж такі знайдзіце час, схадзіце, шкадаваць не будзеце, — пераконваў яго Міхась. — А заадно вы пераканаецеся, што агляд гэтага музея пачынаецца менавіта з партрэта Аляксандра ІІІ, на які вы робіце замах. Так размешчаны экспазіцыі музея.

— Ну, добра, — пагадзіўся той, — возьмем альбом цалкам. — Ён сказаў так, як быццам зрабіў нейкую вялікую ласку свайму субяседніку, а праўдзівей — ахвяры.

— Толькі вярніце яго ў такім жа выглядзе! — зноў не стрымалася Таіса, наіўна верачы ў тое, што яна яшчэ раз убачыць свой альбом.

— У нас нішто не губляецца і не псуецца, — буркнуў пакладзіста энкавэдыст.

На гэтым і закончыўся вобыск, на які пайшло каля трох гадзін. Засталіся толькі адны фармальнасці.

— Пакуль мы аформім акт, — сказаў старэйшы энкавэдыст да малодшага, — ты хуценька ідзі пашукай машыну.

— Ёсць, будзе зроблена.

Неўзабаве быў складзены акт, які падпісалі начальнік міліцэйскага нарада, домакіраўнік, сам арыштаваны — Міхась Асцёрскі. Хутка пасля гэтага вярнуўся і малодшы энкавэдыст, які паведаміў, што машын свабодных у горадзе няма, усе заняты. Але начальнік яму не паверыў і пайшоў званіць сам. Праз пэўны час ён таксама вярнуўся ні з чым.

— Ну што, Асцёрскі, не пашанцавала нам з вамі. Хацелі пракаціць з вецярком, ды нічога не атрымалася, — ці то сур’ёзна, ці то з іроніяй сказаў начальнік. — Прыйдзецца дабірацца пехатой. Вы не супраць?

— А калі я адкажуся ад вашай прапановы, дык вы зменіце сваё рашэнне? Вы ж добра ведаеце, што такога ў вашай практыцы не бывае. Гэтая ваша гаворка толькі для гаворкі,— адказаў Міхась свайму «дабрадзею». — Дарэчы, далёка трэба ісці?

— Не, недалёка, кіламетры два-тры. Турму «Кресты» ведаеце? Дык вось там і будзе наш фініш.

— «Кресты» я ведаю, неаднойчы ездзіў міма на трамваі. Яны нагадваюць нейкую фабрыку. Каб не калючы дрот і не вышкі з вартавымі, дык ніхто і не паверыў бы, што гэта турма.

— Ну, збірайцеся, а то хутка пачне днець, пайшла пятая гадзіна раніцы.

— Зараз, толькі пераапрануся. Таіса, пашукай мне мае старыя штаны і вельветавую куртку-талстоўку.

— А навошта табе пераапранацца? — спытала яна. — Я ўпэўнена, што гэта ненадоўга. Вось разбяруцца там, усё высветліцца, і ты вернешся дамоў. Ці праўду я кажу, таварыш начальнік? — ужо звяртаючыся да старэйшага канваіра, спытала Таіса.

— Ну так, — схітрыў той, — я мяркую, што ўсё хутка высветліцца. І калі гэта памылка, ён заўтра і вернецца дамоў.

— Тады, можа, і няварта пераапранацца?

— Варта, Таіска, — настойваў на сваім Міхась. — Бывае, што за адну гадзіну можна сапсаваць дарагую рэч. А ты ж ведаеш, як мне цяжка дасталася гэтая мая «тройка». А я іду не ў тэатр і не ў рэстаран, а ў турму, ды яшчэ якую — знакамітыя «Крыжы».

Толькі цяпер яна зразумела, куды забіраюць яе мужа. І што з такой установы хутка не вяртаюцца. Яна залілася горкімі слязьмі і пачала збіраць мужа ў страшную дарогу.

Сам жа Міхась падумаў, што расстаецца з жонкай не на дзень і не на два. Бо на такі кароткі тэрмін не забіраюць у турму, а змяшчаюць у асобны пакой пры міліцыі. «Тут штосьці не тое», — падумаў ён. Ды і сам час быў незвычайны — суровы, ліхі. Але жонцы пра гэта ён не зрабіў нават і намёку, не хацеў трывожыць. І калі ўжо ўсё было гатова, ён дастаў са стала сто рублёў, якія адкладваў на дарогу ў Манчагорск, дваццаць пяць паклаў сабе ў кішэню, а астатнія вярнуў на тое ж самае месца:

— Мне хопіць і чацвяртной, а табе трэба жыць і, можа, яшчэ і дзіця карміць.

— Як гэта жыць і дзіця карміць? — спалохалася Таіса. — Няўжо ты ў тых «Крыжах» збіраешся зімаваць? — І адразу загаласіла.

Толькі цяпер зразумеў Міхась, што зрабіў непапраўную памылку, раскрыўшы тую праўду, якую таіў ад яе да апошняй хвіліны перад расстаннем.

— Ды не, што ты, дарагая, гэта я так, між іншым, як кажуць, для краснага слоўца, — суцяшаў ён яе. — Я хутка вярнуся. Ты ж ведаеш, мне трэба на работу ў школу.