Выбрать главу

Тут шмат хто з гэтага мурашніка пакрыўджаных богам і людзьмі гаротнікаў атрымліваў перадачы ад сваіх родных і блізкіх, але не кожны мог скарыстаць тое, што атрымліваў, не мог спажываць тое, што меў. Адымалі проста на вачах у людзей, і тыя маўчалі. Каму хацелася лезці на ражон, з-за некага рызыкаваць сабою! Бо гэтыя банды дзейнічалі заадно з турэмнаю аховай. Асобным людзям пры атрыманні перадач прызначалася нават узброеная ахова. Але ж ахоўнікі не будуць чакаць, пакуль ты спажывеш атрыманае. Ахоўнік прывядзе цябе на прызначанае месца і пойдзе на сваю вахту. А як толькі ён знікне, банда хапугаў навальваецца на чалавека і забірае ўвесь яго скарб.

Міхасю ў гэтых адносінах трошкі пашанцавала. Ён трапіў у кампанію надзейных і смелых людзей. З ім разам былі яго знаёмыя: Іван Сямёнавіч Сяргееў, Павел Лёсік, Мікалай Канеўскі (палітрук батальёна), Іван Беленькі, Рыгор Гайсёнак, Аляксандр Трошка. Амаль усе яны, акрамя Сяргеева, — ленінградскія беларусы. Паміж сабою былі вельмі дружнымі, а таму здолелі адразу адваяваць сабе зручнае і бяспечнае месца і абараніць усю сваю маёмасць. Праўда, асобныя бандыты спрабавалі пажывіцца за іх кошт, але кожны раз іх спасцігала няўдача. Важна падкрэсліць яшчэ і тое, што крымінальнікі не такія смелыя як сябе выстаўляюць. У душы яны баязліўцы. Варта толькі хоць адзін раз паказаць ім сваю сілу ці проста па-сапраўднаму прыгразіць ім, як яны потым перастаюць чапляцца да чалавека, а нават і абыходзяць яго.

Сумлення ў іх няма, яны паважаюць толькі сілу. Асноўная маса зняволеных, што выпадкова трапляла ў турмы, лагеры, калоніі — цярпела двайны прыгнёт: з аднаго боку — турэмнае, лагернае начальства, з другога — крымінальнікі — бандзюгі, блатнякі і зладзеі розных масцей, якія былі ў змове з адміністрацыяй лагераў і турмаў, нават дзяліліся сваёю здабычай са сваім начальствам, за што карысталіся рознымі прывілеямі. Тэрарызаваць палітычных зняволеных уваходзіла ў іх задачу і абавязкі перад адміністрацыяй. За гэта яны былі вызвалены ад фізічнай працы, якую пераклалі на плечы палітычных — каб хутчэй аддавалі богу душу…

Дык вось, Міхась атрымаў ад жонкі Таісы перадачу, прынёс яе ў свой кут. Перадача была вялікая, ён нават здзівіўся. Там былі асабістыя яго рэчы (адзенне, абутак) і прадукты — усё тое, што ён прасіў. Па самым аб’ёме перадачы (цэлы мяшок, як падняць) і па тых рэчах (адзенне), якія былі перададзены, ён здагадаўся, што гэта справа не адной Таісы. Да гэтага, няйначай, прыклалі свае намаганні яго верныя сябры па вучобе: Кастусь, Мікола, Сцяпан. Відаць, яны не пабаяліся, што іх будуць абвінавачваць у сувязях са «злачынцам» ці «ворагам народа». Міхасю гэта падымала настрой, бадзёрыла: пра яго не забылі!

Запіска ж Таісы да перадачы была вельмі скупой, лаканічнай. Яна пісала:

Добры дзень, Міхась!

Перадаю табе ўсё, што ты прасіў: паліто (цёплае), пінжак (касцюмны), штаны ад старога касцюма, валёнкі, шапку (зімовую), рукавіцы, світэр, кашулю (цёплую), 2 пары бялізны; 4 кіло сухароў, 1 кілаграм цукру (кускавога), 10 пачкаў махоркі, конаўку піць чай, пачак чаю (грузінскага), 2 пачкі пячэння (лімоннага). Жыву нармальна. У мяне нарадзілася дзіцё — хлопчык, зваць Алегам. Пра мяне не клапаціся, усё будзе добра. Мне дапамагаюць бабуля і нашы сябры. Хутка прыедзе мама. Усяго табе добрага! Мацуйся.

Таіса

Вось і ўсё. Нават не папрасіла напісаць ёй. Міхася адразу ахапілі і радасць, і смутак, і надзея, і расчараванне, і яснасць, і нейкая недагаворанасць, бо ў запісцы не было той цеплыні, якая патрэбна была сёння для яго збалелага сэрца. Не было той шчырасці і адданасці, якіх ён чакаў ад самага блізкага яму чалавека, хоць ужо і адлучанага ад яго тым «адрачэннем» у газеце. Ад яе веяла нейкай казёншчынай. Нават даты не было пастаўлена ў канцы запіскі. Як быццам штосьці прадракала яму, што гэтыя напісаныя Таісай словы, адрасаваныя яму, былі першымі і апошнімі… Не, ні пачуцці, ні інтуіцыю не ашукаеш! «Значыць, яна выканала свой чалавечы абавязак і на гэтым — канцы», — вырашыў Міхась. І, як убачым пазней, не памыліўся. «Так, мае зайздроснікі дабіліся свайго: адабралі ад мяне і каханне, і сям’ю», — з болем у грудзях разважаў сам з сабою Міхась.