А доказам гэтага было не толькі адрачэнне Таісы, у якое ён спачатку не верыў, але і тое, што яна не пажадала нават сустрэцца з ім. Чаго-чаго, а гэтага ён ад яе ніколі не чакаў. Выходзіць, што яна і сама паверыла ў гэтае адрачэнне. «Ну і бог з ёю, відаць, ужо лёс мой такі, прыйдзецца дажываць у крыўдзе і адзіноце. Шкада толькі, што сын будзе расці без бацькі», — закончыў размову з самім сабою Міхась і пачаў упарадкоўваць перадачу, дзяліць яе між сваімі сябрамі.
Хацелася, каб хутчэй адгэтуль выбрацца — з гэтай цеснаты, з духаты, ад якой рабілася млосна. Людзі абліваліся потам — хоць бяры венік і хвашчыся, як у сапраўднай рускай лазні.
У такіх абставінах Міхась жыў-пакутаваў ні многа ні мала — тры тыдні. Здавалася, што каб пражыць яшчэ якіх дні тры, ён не вытрымаў бы, — усе сілы скончыліся б — і ён пакінуў бы белы свет, як гэта часам здаралася з некаторымі насельнікамі гэтай парылкі. І тыя, што адыходзілі ў царства нябеснае, і тыя, што заставаліся яшчэ на гэтым свеце, з горыччу паўтаралі пытанне з двух слоў: «За што?» Словы гэтыя не давалі спакою і Міхасю. Ён вымаўляў іх штодзень на працягу ўсіх пяці месяцаў сваіх пакут за турэмнымі кратамі. Ён не ведаў, што будзе наперадзе, але ўсёй сваёй істотай адчуваў, што будзе не лягчэй, а можа, і цяжэй. Бо ніхто яго не судзіў нават фармальна, як іншых, не называў артыкула Крымінальнага кодэкса РСФСР, не аб’яўляў тэрміну пакарання. Не было за што? Можа, суддзі саромеліся глядзець у вочы тым, каго павінны былі судзіць па ліпавых, паклёпніцкіх абвінавачваннях? Відаць, не. Проста следчым абрыдла з імі доўга валаводзіцца, час падганяў, і іх, упартых, сагналі ў адзін гурт, як тых, хто застанецца жывы, пагоняць ці павязуць невядома куды.
Міхась прадчуваў, што іх чакае наперадзе цяжкая катаржная праца, з іх пакрысе будуць вымаць здароўе і сілу, высмакчуць усю кроў — і разам жыццё — на якіх-небудзь вялікіх будоўлях веку, такіх, як Беламорканал, Турксіб, як магістраль Масква — Мінск і іншыя будоўлі краіны — вялікія і малыя…
У сярэдзіне студзеня новага, 38-га года Міхася разам з яго новымі турэмнымі сябрамі выклікалі ў асобны пакой, вярнулі яму папружку, якую адымалі пры паступленні ў «Крыжы», прапанавалі распісацца, што ён атрымаў сваю маёмасць, і скамандавалі ісці яшчэ ў адзін пакой і чакаць новай каманды.
— А грошы 25 рублёў, якія забралі ў мяне разам з папружкай? — спытаўся Міхась.
— Грошы атрымаеш па прыбыцці на месца прызначэння, — адказалі з іроніяй.
— А дзе ж будзе тое месца? — спытаўся па інерцыі Міхась.
— Не ведаем. Прыедзеш — убачыш.
Ён ужо здагадваўся, што грошай сваіх не ўбачыць яму як уласных вушэй. Яны засталіся ў кішэнях нахабных, бяздушных турэмшчыкаў.
На гэтым і закончылася ўся працэдура па афармленні для адпраўкі.
Праз гадзіну пасля гэтага Міхась ужо сядзеў у «цяплушцы» — таварным вагоне з нарамі і кратамі на акенцах. Шкада было аднаго: ён не трапіў у адзін вагон разам са сваімі сябрамі, якія абаранялі яго ў перасыльнай турме ад розных жулікаў і бандзюгаў.
Так пачалася новая старонка ў жыцці-быцці, ці муках-пакутах, Міхася Асцёрскага.
1957–1987
Слабодка — Ленінград — Мінск
ПАЎНОЧНАЕ ПЕКЛА
аповесць
.
Частка першая
Можа, у дол пахавалі,
Можа, сняжком замяло…
На чалавекапавале
Нормы тады не было.
С. Законнікаў
.
Далёкая дарога
Студзеньскім ранкам 1938 года са станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі адыходзіў незвычайны цягнік з незвычайным грузам. Ён складаўся з 50 вагонаў, большая палова з якіх — цяплушкі, набітыя да адказу людзьмі. У кожнай з гэтых цяплушак знаходзілася не менш як 50 чалавек, бо ў большасці вагоны былі пульманаўскія. Звычайна ў такіх вагонах майструюцца нары-палаці ў два ярусы, а ў гэтых — у тры. Інакш яны не паспявалі б вывозіць у тэрмін тысячы «пасажыраў». Такімі цягнікамі была запруджана ўся паўночная ветка чыгункі. Іх набралася значна больш, чым намячалася па графіку — на адным дні па некалькі.
Хто ж былі гэтыя загадкавыя пасажыры? Яны — армія першапраходцаў паўночна-ўсходніх раёнаў, бясплатная рабочая сіла — цягло з агульным кляймом-ярлыком «вораг народа». Гэта бяспраўныя істоты з «наморднікамі», ці, як іх потым празвалі, «барадатыя камсамольцы», якіх чакаў цяжкі, невядомы лёс. Куды іх вязуць, навошта вязуць — ім невядома. Вядома толькі, што яны надоўга, а можа, і назаўсёды расстаюцца з сем’ямі і Паўночнай Пальмірай — Ленінградам…