Вось грымнулі дзверы вагона. Прынеслі першую дарожную баланду. Вырашылі перад адпраўкай накарміць — дарога далёкая. А было гэта ў дзевяць гадзін раніцы пятнаццатага студзеня. Надвор’е стаяла халоднае, марознае.
— Грамадзянін начальнік, куды далёка паедзем? — хтосьці з нявольнікаў спытаўся ў старшага канваіра.
— Прыедзем — убачыш, — адказаў той.
— А раней ведаць няможна?
— Няможна.
— А чаму? — не адставаў смелы вязень.
— Таму што я і сам яшчэ не ведаю, — схітрыў канвойны начальнік. — Зачыніце дзверы! — звярнуўся ён да радавога канваіра.
На гэтым і закончылася гутарка, да якой так прыслухоўваліся: хацелася ведаць хоць трохі з таго, што іх чакала.
— Во звяругі, нават не скажуць, куды павязуць, — сказаў невядома каму расчараваны вязень.
— Да цешчы на бліны, — падкалоў яго сусед па нарах. — А калі ў «Крыжы» вязлі, табе сказалі куды?
— То была іншая рэч: турма, ды яшчэ і следчая. А цяпер жа мы як быццам вольныя.
— Вольныя з «наморднікамі». Не ўбачыць нам волі, як сляпому белага свету.
— Мо і праўду ты кажаш, — згадзіўся той і змоўк.
А тым часам цягнік рыхтавалі да адпраўкі. Прычапілі паравоз, які пыхцеў, як заезджаны рысак. Чыгуначнікі-вагоннікі правяралі кожнае кола і кожны тормаз. Яны хадзілі ўздоўж састава, стукалі малаточкамі па колах, адкрывалі кожную буксу, правяралі падшыпнікі, дзе трэба, змазвалі шыйкі колаў, каб пасля адпраўкі не мець ніякіх непрыемнасцей.
І вось нарэшце цягнік крануўся з месца. Застукалі колы на стыках, зарыпелі вагоны. Людзі пакідалі горад, з якім даўно зжыліся, якім калісьці любаваліся і ганарыліся, які ў свой час дарыў ім радасць, а напаследак прынёс вялікае гора. Ужо мільгалі апошнія агеньчыкі горада на Няве. Бывай назаўсёды, «Петра творенье»!..
Гледзячы ў акенца праз краты на мільганне апошніх агеньчыкаў горада, нехта сумна завёў:
— Не хапала толькі гэтага, — не стрымаўся адзін з вязняў.— Завёў, як над нябожчыкам. Бачыце, — працягваў ён, — Салаўкі для яго — «дальняя» дарога. Супраць таго, куды нас вязуць, Салаўкі — гэта рай.
— А куды ж нас вязуць? — спытаў пявун.
— Ты ж чуў куды — да цешчы на бліны. А можа, перадумаюць ды павернуць і затарабаняць на якую-небудзь Калыму ці востраў Вайгач. Вось тады ты зразумееш, што такое «дальняя» дарога і што значыць на душы трывога.
— А няўжо і праўда могуць так далёка завезці? Няўжо ёсць такая патрэба? — пачуўся чыйсьці перапалоханы голас.
— Каб не было, дык мы не сядзелі б у гэтай дарожнай клетцы, — быў адказ.
А цягнік набіраў разгон і ўсё хутчэй і хутчэй імчаўся наперад у напрамку да Котласа.
За акенцамі вагонаў мільгалі сінія лясы ды белы снег — мёртвая прырода. Вакол стаяла нямая цішыня, якую парушалі толькі бег цягніка ды гудкі паравоза. А ў вагонах ішло сваё жыццё. Займаліся хто чым: хто драмаў, хто грыз рэшткі перадачы — сухары, хто бурчэў сабе пад нос, а хто гутарыў з суседам, дзяліўся сваімі горкімі думкамі аб мінулым, сённяшнім і будучым.
Не спаў і Міхась. Думкі не давалі спакою. Ён і да гэтага многа думаў, а цяпер пад грукат вагонных колаў не мог заснуць. Ён пачаў перабіраць у памяці ўсё перажытае — ад дзіцячых гадоў да чорных дзён свайго сённяшняга жыцця. Успомнілася, як зімою бегаў босы цераз вуліцу да свайго сябра Алеся, як яны потым разам з ім ранняй вясною, таксама басанож, калі яшчэ сям-там ляжаў снег, бегалі ў лес па бярозавік, які замяняў ім тады і чай, і малако. Прыгадаў, калі ўпершыню ўпрогся ў цяжкія, але патрэбныя сялянскія работы. Яму было ўсяго толькі дзесяць год, як бацька пачаў прывучаць яго да касьбы, для чаго набыў Міхасю маленькую коску. А як толькі яму споўнілася 12 год, бацька стаў вучыць яго араць. Ён казаў малому Міхасю:
— Будзь мужчынам, трымайся за ручкі плуга моцна і ўпэўнена. Калі трэба браць глыбей, падымай ручкі ўгару, а меней — налягай на іх. Калі трэба гнаць шырэйшую баразну, паварочвай ручкі направа, каб лямеш плуга ішоў налева і браў больш зямлі, а менш — вярні ручкі налева. Толькі глядзі, каб плуг не выскачыў з баразны. А для гэтага ў дышлі плуга ёсць рэгулятар, з дапамогай якога ты можаш араць і глыбей, і мялей, а таксама можаш браць і шырэйшую, і вузейшую баразну. Глядзі вось, — і ён паказваў Міхасю ўсю няхітрую «тэхніку», якую Міхась ужо збольшага ведаў.