Чым далей ехалі на ўсход, а затым і на паўночны ўсход, тым часцей і больш стаяў цягнік на розных станцыях — як на вялікіх, так і малых. Ён доўга стаяў у Цюмені, Омску, Барабінску, Новасібірску, Юрзе, Тайзе, Яі, Ачынску, Краснаярску, Канску, Зіме, Іркуцку. І амаль на кожнай станцыі выносілі з вагона нябожчыкаў. У іншых вагонах гэтага цягніка рабілася тое ж самае. Спачатку гэта палохала і неяк прыгнятала людзей, а потым паступова яны прывыкалі — страшная з’ява рабілася будзённай.
Байкал аб’язджалі ноччу, яго нельга было ўбачыць у акенца вагона. Міхась вельмі шкадаваў, што не давялося паглядзець на гэтае унікальнае тварэнне прыроды. Калі ж ён сказаў пра гэта суседу, той з усмешкаю супакоіў яго:
— Не бядуй, Асцёрскі, яшчэ пабачыш,і, можа, не адзін раз. Мо нават яшчэ ўсё гэта табе абрыдне.
— Усё можа быць, — згадзіўся Міхась. — Але ж цікава было б і цяпер зірнуць на гэтае «слаўнае мора».
На трыццатыя суткі прыехалі ва Улан-Удэ, адкуль пасля нядоўгай стаянкі, замены паравоза і яго брыгады адправіліся на канцавую сваю станцыю — Заудзінск.
У Заудзінску ўсіх зняволеных высадзілі з вагонаў і размясцілі ў палатках, нягледзячы на тое, што ўжо стаялі лютыя маразы. За трое сутак усё немалое зборышча народу рассартавалі, падзялілі на групы і пачалі рыхтаваць да адпраўкі на ўчасткі трасы будучай чыгункі. Траса гэтая пралягала праз усю Бурацкую (тады Бурат-Мангольскую) АССР — ад Заудзінска да Навушак. Даўжыня яе складала 250 кіламетраў.
Дабірацца да месца прызначэння трэба было пехатой. А таму начальства будучага лагера (Южлага) разам з камандаваннем аховы прапанавала зняволеным пакінуць пад распіску свае лішнія і цяжкія рэчы, якія абяцалі адразу ж прывезці на машынах услед за імі. Шмат хто паддаўся на спакусу палёгкі і здаў свой набытак з надзеяй, што ён не прападзе. А Міхась, навучаны горкім вопытам — яму не вярнулі яго 25 рублёў ні ў Ленінградзе, ні ў Заудзенску, — рашыў, што хай усё будзе пры сабе — хоць цяжкае, ды сваё. Той, хто паверыў слову энкавэдыстаў, рэчаў сваіх больш не ўбачыў: іх падзяліла паміж сабой канвойнае і лагернае начальства, а ўсякія лахматы даставілі на месца. Калі ж людзі пачалі пытацца пра свае рэчы, пачулі ў адказ:
— Мы нічога не ведаем. Чакайце. Прывязе той, хто прымаў.
Ішоў час, шмат каго завезлі на могілкі, а рэчы і па сённяшні дзень усё вязуць.
Цяжкі пераход
Якраз у сярэдзіне лютага калоны нявольнікаў рушылі ў паход. Ад марозу трэскалася зямля і скалы голых сопак. Хацеў хто ці не хацеў, а трэба ісці: сам мароз падганяў. Калі хто стамляўся і ад слабасці ці ад хваробы падаў, падбіралі машыны. Але гэта не ратунак: ад холаду на адкрытай машыне можна было хутчэй развітацца з жыццём, чым ідучы пехатой. Ішлі не па намечанай трасе будучай будоўлі, а больш трымаліся рэчышча ракі Селенгі, хоць гэта і павялічвала адлегласць.
Трэба было прайсці 190 кіламетраў, калі прытрымлівацца трасы, а пры рэчышчы то прайшлі ўсіх 200, а можа, і болей. Ішлі дзесяць сутак да населенага пункта Білютай, дзе павінна была будавацца станцыя будучай чыгункі. Гэта непадалёку ад вялікай вёскі Селендум. Хутка ісці не маглі, але вызначаных 20–25 кіламетраў у дзень праходзілі, спыняліся і рабілі прывал на цэлую ноч. Адразу ж нацягвалі палаткі, у якіх рыхтавалі ежу і начавалі.
Гарачая страва — адзін раз у суткі, а астатняе — сухія прадукты: хлеб і салёная камбала ці гарбуша. Для таго, каб зварыць баланду, растаплялі снег у катле. А што датычыць чаю, дык яго спрабавалі гатаваць самі зняволеныя ў якіх-небудзь праржавелых бляшанках, знойдзеных па дарозе. Пасля салёнай камбалы нап’ецца чалавек такога «чаю» — і адразу ж панос. А лазарэта ў дарозе няма. І вось чалавек пакутуе сам і прыносіць пакуты і турботы іншым: з-за яго затрымліваецца рух калоны. Для такіх бедакоў не хапала машын. І ім даводзілася ісці разам з усімі. А з-за іх трэба было рабіць лішнія прыпынкі. Шмат хто з такіх хворых не дайшоў да прызначанага месца — у дарозе злажыў свае крылы…
Але не ўвесь час прытрымліваліся русла ракі. Там, дзе Селенга рабіла «калена», каб скараціць час, ішлі не па лёдзе, а напрасткі, па голай зямлі — снегу амаль што не было. І вядома ж, на іх дарозе трапляліся вёскі з грамадскімі будынкамі, у тым ліку школамі. Вуліцы вёсак вузкія. Так што калона гэта расцягвалася на цэлы кіламетр, бо ішло ў ёй больш за тысячу чалавек. Наперадзе, па баках і ззаду ішлі ўзброеныя канваіры з сабакамі-аўчаркамі на павадках. Відовішча — незвычайнае і страшнае. Жыхары вёсак, па вуліцах якіх праходзіла калона, асабліва жанчыны, выскоквалі са сваіх хат, каб паглядзець на такое дзіва. Не адставалі ад іх і дзеці, асабліва школьнікі. Яны пакідалі класы і разам з настаўнікамі выбягалі на ганак і ва ўсе вочы глядзелі на незвычайных людзей. Жанчыны, як правіла, выходзілі са сваіх хат не з пустымі рукамі, а з боханамі ці акрайцамі хлеба, якія, нягледзячы на забарону канвоя, перадавалі зняволеным, а калі немагчыма было даць у рукі, кідалі проста пад ногі, а самі плакалі горкімі слязьмі. Бо відаць было, што і гэтых вёсак не абмінуў «хапун». Яны ўсё разумелі, што рабілася ў той страшны час. Разумелі і мужчыны, якія лічылі за лепшае назіраць за ўсім гэтым рухам праз вокны. Не высоўваць свайго носа іх навучыла жыццё.