З-за боханаў ці акрайцаў хлеба, якія кідалі жанчыны зняволеным, сярод іх часам усчыналіся бойкі. Тады канваіры адкрывалі пальбу, праўда, угару, чым адразу спынялі сутычкі.
Калі праходзілі міма школы, у Міхася заходзілася сэрца. Ён думаў: «Вось вызвалілі б мяне з гэтага пекла, дзе я апынуўся невядома за якія грахі, папрасіўся б у гэтую маленькую школку і вучыў бы вось тых малых дзетак, якія зараз глядзяць на нас, як на жывёлу, якую гоняць на забой. Што яны зараз думаюць, гледзячы на гэты «статак»? І што ім скажа пасля настаўніца, якая разам з імі стаіць на школьным ганку? Як яна будзе тлумачыць ім такое відовішча? І ці разумее яна сама, што адбываецца ў краіне? Пэўна, не. Яна будзе гаварыць дзецям, што гэта гоняць дрэнных людзей — «ворагаў народа», якіх трэба абыходзіць як мага далей. Што б яна ні думала, а павінна гаварыць менавіта так, інакш і сама трапіць у гэтае пекла.
Дзесяць начэй начаваў у палатках на лютым марозе Міхась Асцёрскі. Колькі разоў ён у сваім цёплым паліто з бобрыкавым каўняром прымярзаў да голай зямлі. Прымярзаў так, што сябры па няшчасці ледзь адрывалі яго. «Як добра, што я не паддаўся агітацыі лагернага начальства ў Заудзенску і не здаў «цяжкіх» рэчаў. Што б я рабіў цяпер, каб дапусціў такое глупства?» — разважаў сам сабе Міхась. Астатнія рэчы (цёплую куртку, штаны, бялізну і рэшткі прадуктаў ад перадачы) дапамагаў яму несці зямляк, былы ваенны камісар Мікола Канеўскі. Сам ён ішоў, як кажуць, улегцы — у ботах і ў шынялі. За яго бескарыслівую дапамогу Міхась дзяліўся з ім усім, што меў. Так яны і пасябравалі ў дарозе на доўгі час лагернага жыцця. Міхась заўсёды пра яго помніў і ніколі не заставаўся перад ім у даўгу.
Першыя выпрабаванні
Да прызначанага месца прыйшлі ў апошнія дні лютага. Пры размеркаванні на жыхарства Міхась трапіў у бурацкую лазню. Разам з ім туды змясцілі яшчэ каля пяці дзесяткаў такіх жа нявольнікаў. У лік іх трапілі сябры па камеры 889 Іван Сяргееў, Павел Лёсік, Мікола Канеўскі, а таксама амаль усе тыя, з кім ён ехаў ад Ленінграда да Заудзенска. Было дужа цесна, але суцяшала тое, што ўсе знаёмыя.
Не паспелі пасяліцца, як у лазню зайшоў начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часткі) калоны, прынёс цэнтральныя газеты — «Правду», «Известия», «Комсомольскую правду», «Труд» — і прапанаваў выбраць выхавацеля для культурнага абслугоўвання, а таксама брыгадзіра.
— Прапаную выхавацелем выбраць Міхаіла Асцёрскага, — пачуўся голас з гэтага скучанага натоўпу.
— Асцёрскага, Асцёрскага, ён сумленны чалавек! Ён паказаў сябе з самага лепшага боку яшчэ ў вагоне, — пачулася з другога боку.
— Другія прапановы будуць? — спытаў начальнік КВЧ.
— Няма!
— Хто за гэтую прапанову? Прашу падняць рукі. Аднагалосна, — сказаў начальнік. — А цяпер трэба выбраць яшчэ і брыгадзіра. Давайце вашы прапановы.
— Канеўскага Мікалая, — сказаў Міхась.
— Іванова, — пачуўся другі голас.
— Хто за першую прапанову?
Падняўся цэлы лес рук.
— Хто за другую — за Іванова?
— Пяць, — падлічыў начальнік КВЧ. — Значыць, праходзіць першая кандыдатура — Канеўскі Мікалай.
Жыхарам гэтай лазні-брыгады вельмі ўжо спадабалася тое, што іх як быццам зноў пачалі лічыць за людзей, нават галасаваць прапанавалі, як на волі, якую яны паўгода таму назад страцілі. Але гэта быў тонкі падман, пра які яны даведаюцца пасля.
Ні выхавацель, ні брыгадзір не вызваляліся ад працы спачатку ў лесе, а потым і на трасе. Пры гэтым, калі начальству трэба было, яно ў любы час мяняла і таго і другога без ніякага галасавання і наогул без згоды на тое брыгады.
Вось і гэтым разам пагналі ў лес пілаваць лістоўніцы і потым насіць іх на сабе за тры кіламетры. Не далі і адпачыць ад такой цяжкай дарогі. Сказалі, што тэрмінова трэба будаваць уцяплёныя палаткі і зямлянкі. Да баракаў яшчэ справа не даходзіла.