Міхасю трэба было і працаваць разам з усімі, і памагаць начальніку КВЧ праводзіць у сваёй брыгадзе выхаваўчую работу. Не хацелася яму гэтага, але што зробіш — сябры пажадалі, каб ён быў іх «асветнікам». Ён кожны дзень хадзіў у кантору па свежыя газеты, адносіў пісьмы сяброў, адрасаваныя сем’ям, чытаў уголас газеты. Акрамя ўсяго гэтага, ён кожны дзень, асабліва ранкам, па загаду начальніка КВЧ выносіў з палатак, якія размяшчаліся побач з іх лазняй, трупы зняволеных. У асноўным гэта былі прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік — узбекі, таджыкі, туркмены, кіргізы і зрэдку казахі. Заганяў іх у магілу голад і непрывычны для іх холад. А прыбылі яны сюды ў сваіх нацыянальных халатах, у якіх хадзілі і ў летнюю спёку, калі яшчэ былі на свабодзе. Бурацкія маразы былі не па іх адзенні і не па прывычным для іх клімаце.
— Гэй, звер, падымайся на работу! — махаў над ахвярай тоўстым ёмістым кіем нарадчык (лагерны падганяла накшталт паліцэйскага). А «звер» гэты ўжо нежывы. Яму ўжо цяпер усё роўна: хоць ты яго хвалі, хоць лай, хоць бі… А было, што мёртвых білі, прымаючы за жывых.
Міхась некалькі разоў пахадзіў на такія «ранішнікі» па вынасе трупаў, а потым катэгарычна адмовіўся, сказаў, што не можа — слабыя нервы. Пасля знайшліся добраахвотнікі, якія за такую «работу» вызваляліся ад лесапавалу. У асноўным гэта былі крымінальнікі.
Брыгада ў пяцьдзесят чалавек, у якой Міхась лічыўся выхавацелем, праходзіла першае і нялёгкае выпрабаванне. Яна ў кароткі тэрмін павінна была нарыхтаваць будаўнічага матэрыялу (лесу) і пабудаваць дзве зямлянкі для дзвюх брыгад на сто чалавек.
Брыгадзір атрымаў пілы, сякеры і павёў сваіх падначаленых на невялікую сопку, парослую лістоўніцамі. Адлегласць ад часовага жыхарства да месца працы складала прыблізна каля трох кіламетраў. Усю адлегласць трэба было несці на сабе бярвенне з лістоўніцы, якая, як вядома, цяжэйшая за дуб. Яна нават на вадзе не трымаецца — адразу тоне. Добра, што падымацца на гару выпадала паражняком, а з грузам — спускацца.
Брыгадзе далі не толькі пілы і сякеры, але і нормы. Ніхто не глядзеў на тое, што людзі былі стомленыя і аслабелыя за дарогу. І гэта яшчэ не ўсё. У брыгадзе, як і ў іншых, не кожны мог пілаваць, абыходзіцца з сякерай. Для Міхася, як і для брыгадзіра Міколы Канеўскага, такая работа не была навіной. Яны раслі ў вёсцы, ды яшчэ ў беларускай, дзе лесу хоць адбаўляй. Яны з дзіцячых год прывучаліся да такой работы. Не хапала толькі аднаго — сілы пасля турэмных і дарожных пакут. А вось для тых, хто вырас у горадзе і пасля працаваў на прадпрыемствах ці, больш таго — ва ўстановах, усё гэта было страшэнным цяжарам. Але лагернае начальства не пытаецца, можаш ты працаваць ці не, а нормы ўстанаўлівае для ўсіх аднолькавыя. Так, напрыклад, Іван Сяргееў — добры заводскі майстар, як кажуць на заводзе — залатыя рукі, а тут, у лесе, ён аказаўся бездапаможным. Ён не ведаў, як брацца за пілу і як трымаць у руках сякеру, падышоў да Міхася і неяк жаласна загаварыў:
— Міхась Раманавіч, а што ж мне рабіць? Я ж ніколі не трымаў у руках гэтай шалёнай пілы. З сякерай, праўда, меў справу, хоць і мімаходзь, а піла — гэта чорт ведае што. Не па маіх руках гэты інструмент.
— Іван Сямёнавіч, не падайце духам, усё будзе добра. Навастрыць пілу вы можаце?
— А як жа, я ж — слесар і механік. Тут, браце, ужо мая стыхія. Навастрыць магу і пілу, і сякеру.
— Ну, вось і будзеце вастрыць усе пілы брыгадзе, а брыгада, у сваю чаргу, будзе выконваць за вас і вашу норму. Згодны з такой прапановай?
— А чаму ж не згодзен, а з вялікаю ахвотай буду вастрыць пілы.
— Калі так, то я зараз жа скажу брыгадзіру.
Брыгадзір пагадзіўся з Міхасёваю прапановай, і Сяргееў два тыдні вастрыў усе пілы ў брыгадзе. Было добра і яму, і пілоўшчыкам. Ніхто ні на каго не крыўдаваў, бо без вострай пілы нормы не дасі.
Тут трэба заўважыць, што ў Міхася да Сяргеева былі асаблівыя адносіны. Міхась не мог забыць тых дзён, якія ён правёў з Сяргеевым яшчэ ў ленінградскіх «Крыжах», і тых цяжкіх для яго хвілін, калі яны разам ехалі ў «чорным воране» ў перасыльную турму, і Міхась праз акенца машыны ўбачыў акно сваёй кватэры з сям’ёй — жонкай і грудным сынам. Тады ён адчуваў на сябе бацькоўскія клопаты гэтага добрага чалавека, а пасля — і ў перасыльнай турме да апошняга моманту, як яны пакінулі яе. Цяпер яны толькі як бы памяняліся ролямі, а адносіны засталіся тыя ж самыя. Дзе і як толькі мог, Міхась стараўся дапамагчы былому свайму апекуну. Усё рабіў, пакуль мог, для Івана Сямёнавіча, каб хоць трошкі аблегчыць яго лёс. І той не мог не заўважыць дабрыні свайго малодшага сябра па няшчасці.