Да прыходу Міхася Асцёрскага ў камеры, відаць, даўно ніхто не жыў, калі не лічыць клапоў, якімі былі ўсыпаны і падлога, і сцены. Камера была пустая, адны голыя сцены. Уся мэбля складалася з дашчанага шчытка з рваным матрацам, які ляжаў на каменнай падлозе. Ні століка, ні табурэта, ні тумбачкі.
Міхась пераступіў парог камеры змораны і маральна, і фізічна. Яго ўпіхнулі ў гэтую цагляную клетку, як драпежнага звера ці дамашнюю жывёліну перад забоем. Дзынкнулі дзверы запорамі, і жыві як знаеш. Хочаш спявай (толькі сам сабе), хочаш плач, хочаш маліся — тут нікому няма да цябе справы, да тваіх чалавечых патрэб. Ніхто тут цябе не пашкадуе, не суцешыць. А вось аблаяць, абразіць, прыгразіць і тут знойдуцца ахвотнікі і аматары, ліха іх матары…
Змораны да апошняга, Міхась, убачыўшы прыціснуты да сцяны шчыток з матрацам, адразу апусціўся на яго. Пасля ўсёй нерватропкі яму так захацелася адпачыць, але не паспеў ён супакоіцца, як адчуў пякучыя ўкусы на руках, на нагах і на шыі. Тут ён адразу здагадаўся, што яго апанавалі галодныя клапы, і ён распачаў з імі вайну: пачаў іх змятаць са свайго цела і нават душыць. Але вынікі былі нікчэмныя, клапоў было цэлыя плоймы. Тады ён забраўся на высокі падаконнік з думкаю, што яны не дастануць яго. Ды дарэмна стараўся: клапы знайшлі яго і там, толькі ўжо наступалі не з такою сілай. І так Міхась ваяваў з імі гадзін некалькі, пакуль у камеры па-сапраўднаму не заднела, і ў гэты час прынеслі хлеб і баланду.
Цераз калідорнага дзяжурнага Міхась выклікаў дзяжурнага па корпусе, якому расказаў пра свае пакуты ў камеры:
— Грамадзянін дзяжурны, мяне спецыяльна заперлі ў гэты клапоўнік?
— Не выдумляй і не гавары глупства, — адказаў яму дзяжурны па корпусе. — Цябе змясцілі ў нармальную камеру. А што датычыць клапоў, дык яны ёсць усюды.
— Дык іх жа тут мільёны! — даказваў Міхась. — Вы толькі паглядзіце, што робіцца!
— Тут даўно ніхто не жыў. Вось і ўвесь сакрэт. Сёння ж прышлю чалавека, і ён пазбавіць цябе ад гэтых паразітаў. Толькі больш не крычы, а то перадумаю.
Пасля яго слоў Міхась змоўчаў, а сам сабе падумаў: «Ліха яго ведае, гэты чалавек здольны на ўсё, можа зрабіць, што толькі яму захочацца».
Хоць Міхась і не верыў, што дзяжурны стрымае сваё слова, але ўсё ж трошкі спадзяваўся. І праўда: у другой палове таго ж самага дня ў камеру прывялі чалавека з паяльнай лямпай. Цэлую гадзіну ён кадзіліў. Полымя залазіла ў кожную шчыліну сцен і падлогі. Не адзін раз ён прайшоўся і па драўляным шчытку. Толькі матрац заставаўся некранутым — мог загарэцца, і яго проста выкінулі з камеры. Адразу ж пасля паяльнай лямпы ў камеру прынеслі венік і савок, а таксама сметніцу.
— А цяпер сам папрацуй, — сказаў калідорны дзяжурны.
Міхась намёў «падсмажаных» клапоў цэлую сметніцу: іх было мільёны! Міхась папрасіў, каб такую працэдуру паўтарылі яшчэ раз, на што не адразу, але атрымаў згоду ад калідорнага. І на другі дзень той жа самы чалавек яшчэ раз прайшоўся па сценах і па падлозе сваёй грознаю зброяй.
— Ну, цяпер ты будзеш тут жыць прыпяваючы, — пажартаваў чалавек з лямпай.
Пасля гэтага крыважэрныя паразіты больш не турбавалі Міхася. Лежачы на голым і мулкім дашчаным шчытку, Міхась думаў: «Дзе знайсці такую лямпу, якая пазбавіла б і мяне, і такіх, як я, ад двухногіх крыважэрных стварэнняў, якія трымаюць тут за тоўстымі сценамі і кратамі сотні невінаватых людзей, ахвяр рэжыму. Дзе знайсці яе?»
На наступны дзень Міхась зноў выклікаў дзяжурнага па корпусе.
— Што, зноў клапы турбуюць? — смеючыся, спытаў дзяжурны.
— Не, яшчэ горш за клапоў,— адказаў Міхась.
— А што такое? Гавары.
— Мне трэба ведаць, за што я трапіў у гэтую пастку. У чым мяне абвінавачваюць?
— Я — не пракурор і не следчы. І на такія пытанні не ўпаўнаважаны адказваць, — сказаў як адрэзаў дзяжурны.
— Тады паклічце сюды пракурора, няхай ён адкажа на маё пытанне.
— Гэтага я таксама не магу зрабіць.
— Дык што ж вы тады можаце? Клапоў падсмажыць — і ўсё?
— Гэта ўжо не твая справа, чым мне займацца. А табе, калі скажаш хоць адно абразлівае слова, заткну глотку.
— У такім выпадку я аб’яўляю галадоўку, — нечакана для самога сябе выпаліў Міхась.
— Гэта тваё права, — раўнуў дзяжурны і зачыніў за сабою жалезныя дзверы.
Міхась зразумеў, што па-добраму тут нічога не даб’ешся. Трэба прымаць іншыя захады. І ён. тут жа прыняў рашэнне аб’явіць галадоўку, пакуль яму не скажуць, у чым яго абвінавачваюць, за што яго тут трымаюць. Ён сказаў сабе: «З голаду загіну, а ў рот нічога не вазьму, пакуль не дачакаюся афіцыйнага адказу на сваё пытанне. Бо я нідзе нікому вады не замуціў. Я — шчыры савецкі чалавек, а не які-небудзь бандзюга-крымінальнік».