— Стараюся, але нічога не магу зрабіць, — апраўдваўся, як мог, Асцёрскі.
А калі ўжо брыгада пачала атрымліваць не па 500, а нават па 300 грамаў хлеба на дзень, ад чаго зусім заняпала, Міхась канчаткова вырашыў адмовіцца ад брыгадзірства. Ён прыйшоў да земляка Мароза-нарадчыка і катэгарычна заявіў яму аб сваёй адстаўцы з пасады брыгадзіра.
— Больш на такое свавольства я глядзець не магу. Гэта ж свядомае забойства. Гэта не рабства Старажытнага Рыма, каб так здзекавацца з людзей!
— З выразамі папрашу быць асцярожней! — папярэдзіў Мароз Міхася. — Не забывай, хто ты і за што сюды трапіў.
— Не хвалюйся, я ведаю, што гавару. А баяцца мне няма чаго. Горшага ўжо не будзе. Брыгадзірам жа я больш не буду! Хопіць з мяне.
— Гэта канчатковае тваё рашэнне ці ты цану сабе набіваеш?
— Канчатковае. А наконт цаны, дык прымі яе ў свой адрас.
— Можаш ісці! Не, пачакай! За тое, што самавольна пакідаеш брыгаду, я абяцаю табе суткі карцэра і яшчэ двое сутак — за рымскае рабства! Ідзі ў барак, па цябе прыйдуць.
Нарадчык не схлусіў: праз гадзіну па Міхася прыйшоў ахоўнік і загадаў ісці ў абяцаны нарадчыкам кандзей. Але там Міхась прасядзеў адну толькі ноч. Назаўтра раніцай, пасля разводу, у карцэр зайшоў начальнік калоны Шпілер, спытаў у Міхася, за што яго пасадзілі, пасля чаго даў каманду выпусціць.
— Ідзіце ў барак. Сёння адпачніце, а заўтра пойдзеце ў брыгаду Аргокава, будзеце працаваць з канём — вазіць на калымазе зямлю. Нарадчык паступіў з вамі няправільна, за што будзе пакараны.
Калі назаўтра Міхась выйшаў на работу, то здзівіўся, што ў той жа брыгадзе апынуўся і Мароз — учарашні нарадчык.
— Ну што, землячок, вось і сустрэліся. Як я рады такой сустрэчы, — з’едліва сказаў Міхась.
— Не выхваляйся, — апраўдваўся Мароз. — Гэта тваё шчасце, што начальнік пра ўсё даведаўся і па старым знаёмстве выратаваў цябе, а то пеў бы ты там рэпку.
— Табе таксама па знаёмстве дапамог начальнічак.
— Што, здзекуешся? — пакрыўдзіўся Мароз.
— Няма жадання здзекавацца. Ты проста — нікчэмны нягоднік, вось і ўсё, — сказаў Міхась. І крыкнуў на каня, на якім вазіў зямлю:
— Но, пайшоў!
Мароз стаяў, як апляваны, не ведаючы, што сказаць у адказ свайму калючаму земляку. Так яны і працавалі потым цэлы месяц плячо ў плячо, пакуль не адбылася непрыемная падзея, пра якую будзе расказана трошкі пазней.
Новыя знаёмствы
Неяк так здарылася, што Міхась застаўся без сяброў і знаёмых — адзін як перст. На гэта былі дзве прычыны. Па-першае, на новай калоне (камандзіроўцы) ён быў амаль што навічок, а па-другое, пасля адмовы ад брыгадзірства яго адразу ж перавялі ў другі барак і накіравалі працаваць у другую брыгаду. А таму адзіным сябрам у яго заставаўся Ілья Чаўчавадзе — томік выбраных вершаў гэтага паэта, які падарылі яму год назад грузіны. З ім ён не расставаўся ні днём, ні ноччу. Спрабаваў і сам нешта крэмзаць. Але ўсё напісанае ў час кожнага «шмону» (вобыску) даводзілася знішчаць. Бо займацца такою справай у лагеры строга забаранялася.
І вось, на шчасце Міхася, з’явіўся новы сусед па нарах Мікалай Расказаў, які адбываў тэрмін па так званым артыкуле СВ, пра сэнс якога ён і сам не ведаў. Гэта быў зусім яшчэ малады чалавек, прыблізна гадоў 25, па спецыяльнасці тэхнік-сувязіст, а па схільнасці — літаратар. Яны пазнаёміліся і хутка пасябравалі. Расказаў працаваў на гэтай калоне-камандзіроуцы возчыкам: падвозіў на кухню ваду і прадукты, а таксама паліва. Калі ён убачыў у Міхася томік з вершамі Ільі Чаўчавадзе, спытаў у яго.
— Ты, Асцёрскі, відаць любіш паэзію? — І, пачуўшы станоўчы адказ, прапанаваў Міхасю пачытаць яго любімую кніжачку паэзіі рускага сучаснага паэта Аляксандра Яшына «Северянка».
Гэты зборнік адразу ж палюбіўся Міхасю. І не толькі палюбіўся, а больш таго — уеўся ў памяць і ўзяў у свой палон. Міхась і сам не ведаў чаму. Мо таму, што вершы гэтага зборніка былі задушэўнымі, а можа, і таму, што ён даўно ўжо не чытаў сапраўдных паэтычных радкоў. Бачачы, што новы сябар не расстаецца з «Северянкой», Мікола сказаў яму:
— Бачу я, што кніжка гэта табе вельмі спадабалася, а таму я дару яе табе ў знак нашага знаёмства.
Міхась падзякаваў свайму сябру і хацеў быў узамен падарыць яму свайго Чаўчавадзе, але той адмовіўся:
— Як мне здаецца, ты і з гэтай кніжкай зжыўся, а таму і з ёю табе цяжка будзе расставацца. Чытай, дружа, абедзве, бо яны — духоўная твая страва.
Міхась расказаў аб сваім завочным знаёмстве (больш нікому ён пра гэта не гаварыў) з начальнікам калоны Міхаілам Шпілерам.