— Ой, Міхась, табе тут усе карты ў рукі! Пагавары з ім, і ён цябе ўладкуе так, што будзеш кум каралю і брат міністру.
— Не, Мікола, я гэтага рабіць не буду, — адказаў Міхась свайму новаму сябру. — Па-першае, я прытрымліваюся вядомай прымаўкі: «Подальше от царей — будешь целей», а па-другое, калі б ён захацеў дапамагчы мне, сам бы паклікаў мяне да сябе і зрабіў усё патрэбнае. Можа, ён ужо і забыўся пра мяне?
— Ты не забывай і другой прымаўкі: «Не ясли к коням ходят, а кони к яслям», — даказваў Расказаў.
— Усё роўна такога глупства я рабіць не буду. Мне і так добра. Адказваю сам за сябе, і годзе. Абы пайку давалі,— не згаджаўся Міхась.
— Тады вось што, зрабі такі манеўр. Не выходзь на работу, скажы, што хварэеш, хоць і няма на гэта дазволу лекпома.
— І што далей? — спытаў Міхась.
— Такіх «зайцаў» пасля разводу выганяюць з баракаў і ставяць у шарэнгу. Кожнага з іх правярае сам начальнік. Цікава, што ён скажа адносна цябе? Ці пазнае?
— Вось гэта зрабіць я пастараюся і заадно адпачну ў бараку ці хоць у самым кандзеі,— згадзіўся Міхась.
Так ён і зрабіў. На другі ж дзень пасля той размовы ён аб’явіў сябе хворым і не выйшаў на работу. Пасля таго як усіх адправілі за зону, Міхася разам з іншымі «зайцамі» выгналі з барака і паставілі ў строй. Правяралі «зайцаў» (а іх назбіралася больш як дзесятак) лекпом, нарадчык і сам начальнік.
— Ты чаго не на рабоце? — пытае ў першага начальнік.
— Хворы я, жывот баліць.
— Вызваленне лекпома ёсць?
— Няма, не далі.
— У кандзей яго, на галодны паёк!
— А ты чаго сачкуеш?
— Нага баліць, грамадзянін начальнік.
— Я такі ж грамадзянін, як і ты. Дакумент ёсць, што ты хворы?
— Няма, не далі.
— І яго туды ж, хай падлечыцца на трыста грамах.
— А вы чаго засталіся ў зоне? — ужо іншым голасам спытаў Шпілер у Міхася.
— Хворы я, у баку баліць…
— Ідзіце ў барак, — ласкава сказаў начальнік. І ўжо да лекпома: — Аказаць хвораму неабходную дапамогу.
У барак патрапіў толькі Міхась. Усіх астатніх «зайцаў» спачатку загналі ў ізалятар, а потым пад канвоем павялі на трасу, у пясчаны кар’ер грузіць машыны.
— Ну як? — ужо ўвечары спытаў у Міхася Мікола.
— Ды ўсё атрымалася, як па нотах.
— Я на тваім месцы даўно скарыстаў бы такую магчымасць. Вось так і працягвай, — раіў Расказаў.
— Не магу, не дазваляе характар.
— Прыпячэ, дык і на характар забудзешся.
Неяк раз Міхась спытаў у Міколы:
— Ты вось на сваім кані ўсюды бываеш, у тым ліку і ў калоне механічных майстэрняў. Там часам не працуе інжынерам Уладзімір Уладзіміраў?
— Добра, я заўтра ж высветлю. А што?
— Гэта мой добры сябар. Калі яго напаткаеш — перадавай прывітанне.
Праз дзень, калі Мікола распрог свайго каня і прыйшоў у барак, Міхась спытаўся:
— Ну як, знайшоў майго сябра?
— Знайшоў. Ён працуе там галоўным інжынерам, прасіў, каб я заўтра абавязкова завітаў да яго. Знайду прычыну і паеду.
— Абавязкова з’ездзі, Міколка. Ён, пэўна, хоча нешта перадаць мне.
— Ну, і знаёмствы ж у цябе! Я ўжо прарабам быў бы, каб мне такое шчасце, а ты ўсё яшчэ, як шашок, у зямлі капаешся. Тут начальнік калоны, там галоўны інжынер. А ты хто? Ніхто. А ўсё сам вінаваты. Сціпласць, браце, добрая рэч, толькі не за калючым дротам.
Міхась адказаў яму вершаванымі радкамі Маякоўскага: «Все мы немножко лошади, каждый из нас по-своему лошадь».
Назаўтра Мікола прывёз ад Уладзімірава цэлую калымагу прадуктаў і запіску, у якой гаварылася: «Дарагі Міхась, я рад, што ты жыў і здароў і не забыў мяне. Але чаму ты зноў у лагеры? Я ж чакаў ад цябе звестак з Ленінграда. Як жа гэта ўсё здарылася, што ты зноў тут? Пасылаю табе сёе-тое з прадуктаў. Чакай выкліку ў мае механічныя майстэрні. Пішы мне праз свайго знаёмага. Я буду вельмі рады. Ул. Уладзіміраў».
«Не, браце, сябры цябе не забываюць. Відаць, ты варты такой павагі», — падумаў сам сабе Міхась.
У зоне калоны працаваў ларок, у якім за грошы можна было набыць кавалак хлеба, пернікаў, цукерак-ледзянцоў, салёнай воблы і махоркі. Але магчымасць і дазвол на такую «раскошу» меў не кожны. Ларком карысталіся толькі стаханаўцы і зрэдку тыя, хто дзень у дзень выконваў нормы выпрацоўкі. Міхась пад гэтыя катэгорыі не падыходзіў, але праз Міколу ён пазнаёміўся з ларочнікам Зэлікам Супярфінам, і той калі-нікалі атаварваў яго. Ларочнік гэты, яўрэй па нацыянальнасці, лічыўся «бытавіком» і адбываў пяцігадовы тэрмін таксама па выдуманым артыкуле СВ, расшыфроўку якога ён ніяк не мог запамятаць, а тым больш — зразумець. Быў ён ужо немалады. Высокі, худы, з пасівелымі валасамі на галаве і на барадзе, якую ён ніяк не хацеў здымаць. Гаварыў, што яна выратоўвае яго.