Ён за гэта ні на кога не крыўдаваў. З усімі быў добры, як талстоўскі Платон Каратаеў. Але гэта быў Мікіта Трахімавіч Галушка, які ні на кога не паходзіў, акрамя як на самога сябе.
Неяк раз ён ціха спытаў у Міхася, калі яны разам везлі на конях пясок:
— Ці праўда, што ты добра знаёмы з начальнікам калоны Шпілерам?
— Праўда і няпраўда, — адказаў яму Міхась.
— Значыць, гэта хлусня?
— Не, не хлусня, — і Міхась расказаў яму ўсё па парадку.
— Выходзіць, што і начальнікі добрае не забываюць?
— Выходзіць так. Калі хто нарадзіўся чалавекам, дык ён і памрэ такім.
— На вялікі жаль, не заўсёды так бывае.
— Я з табой згодзен, ёсць і адхіленні ад ісціны.
— Мне гаварылі, што ён двойчы вызваляў цябе з кандзея. Зрабі яшчэ такую спробу, я хачу пераканацца ў яго чалавечнасці.
— Паспрабую. Толькі хто табе гаварыў пра ўсё гэта?
— Наш агульны сябар — Мікола Расказаў.
У наступны дзень Міхась не выйшаў на работу па прычыне «хваробы», і зноў яму давялося стаяць у страі «вінаватых». Як і першы раз, кожнага апытваў сам начальнік. Ён так жа, як і тады, звярнуўся да яго на «вы» і загадаў ісці ў барак, а астатніх — на работу, але цераз кандзей.
— Ну, як? — спытаў у яго ўвечары Мая. — Дараваў табе твой знаёмы начальнік?
— Як і той раз, ветліва накіраваў у барак.
— Значыць, ён чалавек, а кажуць — звер. Цяпер я ўжо не ведаю, каму і верыць.
— Каму хочаш, таму і вер. Ён, пэўна, двулікі. Ты чытаў калі-небудзь «Капитанскую дочку» Пушкіна?
— Не, я не чытаў, а дзеці мае чыталі.
— Дык вось, там якраз адбываецца тая ж сцэна Грынёва з Пугачовым. Нашто Пугачоў быў бязлітасны да дваран і царскіх афіцэраў, а Грынёву ён усё дараваў за тое, што той у час лютай завеі ў арэнбургскім стэпе падарыў яму свой кажушок. Дык вось, у цяжкую часіну я выручыў Шпілера, затое цяпер выручае і ён мяне.
— А кажуць, што ён і цяпер яшчэ сам зняволены, толькі не такі, як мы, не «контрык», а «бытавік».
— Гэта праўда. Нават жонка за ім ездзіць. Яго ўжо колькі разоў і ў начальнікі ўзводзілі, і пасылалі на агульныя работы. А потым — зноў у начальнікі.
— А як думаеш, доўга ён тут пратрымаецца?
— А хто ж яго ведае, цяжка меркаваць.
— А мне здаецца, што яго скора прагоняць, — неяк упэўнена сказаў Галушка.
Сумная вестка
Ішоў першы месяц лета 1941 года — чэрвень. Устанавіліся цёплыя дні. Прырода набірала сілу: зелянелі травы, цвілі кветкі. Тайга гаманіла птушынымі галасамі. Вакол усё радавала. Здавалася, што папрыгажэлі лістоўніцы і кедры. Лістоўніцы апраналіся ў новае адзенне і бясконца шумелі. Нават зняволеным, якія знаходзіліся ў становішчы рабоў, палягчэла на сэрцах. Як бы яно ні было, а лета — не зіма і не восень, цяпло сагравае не толькі цела.
І вось у адзін з такіх цудоўных дзён Міхась, як звычайна, працаваў, быў у добрым гуморы. Ён абярнуў сваю каламагу і вяртаўся ў кар’ер па новую «порцыю». Насустрач яму з нагружанай каламагай ехаў Мікіта Галушка.
— Прывітанне, Мая! — пажартаваў Міхась.
— Прывітанне, Іюня! — адказаў той. — Толькі, браце, май шчаслівейшы за чэрвень.
— Адкуль табе вядома?
— Адкуль? Адтуль, што чэрвень ужо абліваецца крывёю.
— Я цябе не разумею, Мікіта Трахімавіч, што ты мелеш?
— Не разумееш? Пачалася вайна. Гітлер кінуў на нас сваіх фашыстаў.
— Ты што, жартуеш, Мікіта? — нічога не разумеючы, спытаў Міхась.
— З такім не жартуюць. Толькі што па радыё аб’явілі. А вестку прынёс начальнік аховы. Ужо ўсе ведаюць, акрамя цябе.
— Так, невясёлую вестку прынёс ты, Мікіта, калі гэта праўда.
Такая вестка болем адазвалася ў сэрцы кожнага «ворага народа», як і ў кожнага савецкага патрыёта. Нягледзячы на тое, што работа не спынялася, ранейшага запалу ў працы ўжо не было. Вестка гэтая ўдарыла не так па руках, як па сэрцы кожнага рабацягі. Яна паралізавала ўсё і ўсіх. Бо ў кожнага недзе заставаліся бацькі, жонка, дзеці, браты, сёстры… Цэлы дзень людзі гаварылі пра вайну… Гаварылі сур’ёзна, стрымана. Адным словам, настрой упаў. Надзеі на радасць, на лепшае заўтра патухлі.
А ўвечары, пасля вячэрняй «трапезы», уся калона была пастроена пасярод вялізнага двара. Перад шарэнгамі вязняў выступілі спачатку начальнік КВЧ, які афіцыйна аб’явіў аб пачатку навязанай фашыстамі вайны, потым памочнік начальніка калоны па працы. Ён прачытаў спісы зняволеных па катэгорыях. Спачатку «бытавікоў» (іх было мала), потым «палітычных» (гэтых было значна больш). «Бытавікам» было загадана размясціцца ў першым бараку, «палітычным» у астатніх чатырох. На вышках ля баракаў «палітычных», ці «ворагаў народа», адразу ж былі пастаўлены кулямёты і была ўзмоцнена ахова, чаго не назіралася ля барака «бытавікоў».