Выбрать главу

Назаўтра на работу павялі таксама асобна і «бытавікоў», і «палітычных». «Бытавікоў» вёў адзін стралок, а «палітычных» на кожную партыю — тры-чатыры канваіры з сабакамі-аўчаркамі.

З аднаго боку, «контрыкі» былі вельмі рады, што іх пазбавілі ад жулля: цяпер што б дзе ні паклаў, ляжыць на месцы, ніхто чужога не кране. Ды і на рабоце сумленным рабацягам ніхто не псуе нерваў. Любата! З другога ж боку, раздзяленне гэта іх насцярожыла. «Чорт яго ведае, што надумала начальства зрабіць з намі,— гаварылі паміж сабою, — добра як добра, а калі тут задумана нешта іншае, больш страшнае?..»

А тут яшчэ «разумнае начальства» пачало ўмешвацца і ў сам працоўны працэс: «палітычным» забаранілі працаваць на конях. Іх усіх загналі ў кар’ер грузіць машыны пяском і гравіем, і толькі некаторым было дазволена працаваць з тачкай ды яшчэ пілаваць лес. Яно па сваёй блізарукасці пасяліла ў голавах людзей падазронасць.

Міхась, як і раней, на новым месцы пасяліўся побач з Галушкам. Расказаў да іх ужо не трапіў, яго пасялілі ў бараку «бытавікоў».

— Мая, як ты думаеш, што цяпер з намі будзе? — пытаўся Міхась у Галушкі.

— А хто ж іх ведае, што яны надумалі, гэтыя спрытныя начальнікі,— гаварыў той. — Адно скажу — нам не давяраюць. Жулікам і бандзюгам вераць, а нам не. А ці мы ж ворагі свайго народа і сваёй дзяржавы? Па-ранейшаму яны лічаць нас ворагамі. А ворагаў жа, як табе вядома, знішчаюць, на гэта ёсць дазвол, — дадаў ён.

— Не, да гэтага, па-мойму, не дойдзе. Бо вельмі ж многа трэба будзе знішчаць, зямлі на могілкі не хопіць.

— Хопіць, тайга вялікая, бяскрайняя.

— У тайзе нязручна ямкі для магіл капаць, — сказаў Міхась і горка засмяяўся.

Не паспелі насельнікі тайгі апамятацца ад аднаго няшчасця, як прыляцела другое — загарэлася тайга. А пажар у тайзе — страшная стыхія. Начальства плюнула, махнула рукой на раздзел зняволеных людзей на катэгорыі і пагнала ўсіх разам змагацца з агнём. Адбывалася ўсё гэта адвячоркам пасля рабочага дня. Так што работа чакалася начная. Бо да месца здарэння трэба было дыбаць добрых 10 кіламетраў. Ды і там намячаліся абходы-пераходы. А людзі па ўзросту і здароўі былі розныя, так што не разгонішся.

Паядынак з агнём быў цяжкім. У час пажару, як звычайна, падымаецца вецер, асабліва ў лесе, тым больш у тайзе. Моцны вецер пераносіць полымя з аднаго месца на другое на некалькі кіламетраў. Пры такіх сітуацыях гіне ўсё: дрэвы, людзі, звяры. Так было і на гэты раз. Загінула шмат звяроў, у тым ліку мядзведзяў і ваўкоў, а таксама некалькі чалавек зняволеных. Міхась жа са сваімі двума напарнікамі таксама цудам засталіся жывымі. Яны ледзь выбраліся з зацягнутага дымам таежнага ўчастка і, змораныя, на ўскрайку тайгі ляглі адпачыць хоць на некалькі мінут, але адразу ж паснулі. Іх ужо лічылі загінуўшымі, а яны а палове наступнага дня наўздагад, не ведаючы дарогі, прыйшлі ў зону без ніякага канвою. Пасля кароткага допыту іх пад канвоем адразу ж пагналі ў кар’ер «трудом искупать свою вину».

Пры такім строгім рэжыме і непасільнай працы Міхась вытрымаў усяго толькі тыдзень, пасля вырашыў зрабіць прыпынак — адпачыць. Тут неабходна нагадаць, што ў тагачасных лагерах не існавала ніякіх выхадных. Ды і самі рабочыя дні цягнуліся па 12–14 гадзін, а ў летні час — і ўсе 16. Адным словам, працавалі ад сонца і да сонца. Гадзіннікаў не прызнавалі. Як і ў папярэднія разы, Міхась не выйшаў на работу, спасылаючыся на хворы страўнік. Ён спадзяваўся, што начальнік калоны пашкадуе яго і па-ранейшаму прапануе ісці ў барак. Але атрымалася наадварот. Начальніка ў час праверкі «зайцаў» не было, замест яго гаспадарнічаў яго памочнік па працы. Ён загадаў яго разам з іншымі «зайцамі» загнаць у кандзей на цэлыя суткі з тым разлікам, каб раніцай наступнага дня адправіць пад строгім канвоем на работу, у пясчаны кар’ер.

Калі Міхасёвы сябры даведаліся пра гэта, дамовіліся з вахцёрам на перадачу яму сяго-таго з прадуктаў. А калі ты не галодны, дык у летні час і карцэр не страшны. Зімою дык яшчэ холад даймае, а гэта ж лета.

Назаўтра раніцай Міхасю прапанавалі ісці на работу, але ён заўпарціўся:

— Прама з карцэра я на работу не пайду. Выпускайце мяне не раніцай, а ўвечары, каб я добра адпачыў у бараку і, як людзі, паеў. Вось тады можна і на работу пасылаць. А інакш я не згодзен.

— Вунь чаго ён захацеў — асабістай згоды. Не дачакаешся! — лютавалі лагерныя начальнікі.