А паравоз набіраў пары і імчаўся наперад!.. А куды наперад, ніхто, акрамя аховы і аператыўнікаў, не ведаў. Нарэшце ён спыніўся на нейкай станцыі з мноствам пуцей. Праз некалькі мінут яго загналі ў тупік, на запасны пуць. Ці надоўга — ніхто не ведаў. Убачыўшы ў акенца жанчын з рыдлёўкамі, кіркамі і ламамі, Міхась спытаў у іх:
— Жанчынкі, скажыце, калі ласка, якая гэта станцыя?
— А ці ж вы не бачыце — Краснаярск.
— Акенцы малыя, ды яшчэ і краты на іх… Вось чаму і не маглі разгледзець як след, — не то сур’ёзна, не то жартам адказаў ён жанчынам.
— Бачым, спачуваем, але памагчы не можам, — гаварылі жанчыны. — Мы цяпер самі мала чым адрозніваемся ад вас: галодныя, халодныя і суткамі ходзім у хамуце. І мужыкі нашы таксама, як і вы, недзе будуюць дарогі і здабываюць золата, а каторыя кроў праліваюць…
Праз нейкі час «пасажырам» раздалі запозненае снеданне, якое складалася з аўсянай кашы, салёнай гарбушы і кіпятку.
— А што, калі прапанаваць гэтым жанчынам трошкі рыбы і хоць кавалак хлеба? — сказаў хтосьці са зняволеных. — Яны ж, відаць, галодныя.
— Я першы ахвярую сваю порцыю, — падхапіў Міхась.
— Я таксама, — пачуўся яшчэ адзін голас.
— І я…
— Вазьміце і маю, — чулася з усіх куткоў вагона.
Калі назбіралася некалькі порцый, Міхась як стараста вагона прапанаваў ўсё гэта жанчынам, сваім субяседніцам, ад чаго яны, на здзіўленне, не сталі адмаўляцца. Наадварот, яны ледзь падзялілі між сабою бедныя пачастункі, каб не пасварыцца.
«Пэўна, несалодка цяпер жывецца гэтым маладзіцам, калі яны так узрадаваліся гасцінцам ад зняволеных, — думаў Міхась. — Вось што прыносяць і да чаго даводзяць хапуны і войны».
Апоўдні зняволеных выгрузілі з вагонаў непадалёку ад чыгуначнай станцыі і размясцілі на адкрытай пляцоўцы. Хоць сонца і смаліла, палатак не расстаўлялі, калючым дротам таксама не абносілі. Але замест гэтага яны былі акружаны ўзброеным канвоем з добрым дзесяткам службовых сабак-аўчароў. Трошкі раней там быў выгружаны яшчэ адзін такі ж самы эшалон. Тых пасажыраў прывезлі з-пад Чыты. Да гэтага яны будавалі чыгунку ў Манголію.
Міхась глядзеў на гэтыя тысячы людзей і зноў міжвольна падумаў: «Гэта ж цэлая дывізія! А колькі такіх «дывізій» рассеяна на Поўначы і Паўночным Усходзе краіны! Як бы яны былі цяпер патрэбны там, на Захадзе! Каб кожны з іх знішчыў хоць па аднаму фашысту, і то было б ужо даволі, каб звярнуць шыю агрэсару».
І тут, як праз сон, Міхась пачуў, што яго нехта гукае. Спачатку падумаў, што яму гэта падалося. А калі голас паўтарыў яго імя, ён азірнуўся і ўбачыў перад сабой знаёмую постаць: гэта быў Іван Чуркін, якому ён у Заудзінску дапамагаў уцякаць з лагера.
— Ваня! Няўжо ты? Вачам сваім не веру! Якім ветрам прынясло цябе сюды?
— Эх, браце, насілі мяне розныя вятры і ў розных напрамках. І вось даняслі на сваіх крылах да Краснаярска.
— Ты раскажы мне, толькі ўсё па парадку. А я ж спадзяваўся, што ты «гуляеш па Доне, казак малады». Ці дабраўся ты хоць да свайго Глыбокага?
— Не, браце, не пашанцавала. Вось тут, непадалёку ад Краснаярска, затрымалі.
— І ты з таго часу тут «загараеш»?
— Дзе там, я пабываў ужо чорт ведае дзе!
— Пакуль мы маем час, раскажы, гэта ж цікава!
— Не, падрабязна пра ўсё за два дні не раскажаш.
— Калі не пра ўсё, дык хоць пра галоўнае.
— Дык вось слухай, — пачаў Чуркін. — Пасля таго як ты дапамог мне перабрацца цераз плот з калючым дротам, я цэлы тыдзень ішоў цераз адгор’е Саянаў у напрамку Транссібірскай магістралі. Днём па горна-таежных адхонах, а ноччу ўзбіраўся куды-небудзь на дрэва, прывязваўся поясам і засынаў. Сцярогся не двухногіх — чатырохногіх драпежнікаў, якіх там шмат, заўсёды трымаў напагатове ножык. Калі ж дасягнуў магістралі, дабраўся да бліжэйшай станцыі, а гэта была Зіма, я набыў білет і спакойна сеў у цягнік, які ішоў на захад. Спачатку ўсё было добра, а як толькі наблізіліся да Краснаярска, недзе ў раёне Тайшэта ці Канска, да мяне падышлі два оперсосы і прапанавалі паказаць дакументы.
— Ва ўсіх пасажыраў правяралі ці толькі ў цябе? — спытаў Міхась.
— Ды не, выбарачна. Тут я сам вінаваты, — працягваў Чуркін. — Купіў газету і трымаю яе, як кажуць, дагары нагамі, а сам, як той злодзей, ваджу вачамі па ўсіх кутках вагона. А яны ж, аператыўнікі, ужо спрактыкаваныя, адразу зразумелі, што я зэк-уцякач. Ну, і прычапіліся, маўляў, куды я еду і чаго. Потым запатрабавалі дакументы, а ў мяне іх нікс. І адразу ж узялі за задняе месца. Спачатку прывязлі ў Тайшэт, потым — у Заудзінск. Пасля допыту і лупцоўкі — у Чыту і нарэшце — сюды, у Краснаярск.