Выбрать главу

— Калі затрымалі, білі? — зноў спытаў Міхась.

— Не, там, у Тайшэце, не білі, а вось як толькі прывязлі ў Заудзінск, так ужо здзекаваліся, што думаў не выжыву ці застануся без рэбраў. Яны, гадзюкі, білі так, што я траціў прытомнасць, адлівалі вадою. Білі і прыгаворвалі: «Будзеш ведаць, падлюка, як парушаць савецкія законы і падводзіць сумленных людзей — ахоўнікаў. Ах, контрык, і тут правацыруеш! Не задаволен савецкім заканадаўствам? Ухіляешся ад адказнасці? Бег да Гітлера па абарону? Не выйдзе! Савецкая ўлада моцная! Моцныя і нашы законы з іх ахоўнымі органамі! Як чарвяка раздушым!» — так яны ўвесь час прыгаворвалі, калі білі. Паўжывога, паўмёртвага кінулі мяне ў цэнтральны ізалятар Южлага, а праз некалькі дзён адвезлі ў Чыту, дзе таксама змясцілі ў ізалятар. Не ведаю, колькі мяне там трымалі б і дзе я зараз быў бы, каб не гэта падзея, усенароднае гора, — працягваў Чуркін свой расказ. — Чуў, што рыхтавалі мяне і яшчэ добрую сотню такіх, як я, накіраваць у раён Нерчынскіх руднікоў, дзе калісьці «загаралі» дзекабрысты. Але падзея перапыніла. Як толькі дайшлі чуткі аб пачатку Айчыннай вайны з нямецкім фашызмам, нас, уцекачоў, разам з «паслухмянымі» нявольнікамі пасадзілі ў таварныя вагоны і прывезлі сюды. Ты сюды прыехаў толькі сёння, а я ўжо «загараю» тут трэція суткі. Як ты думаеш, куды нас цяпер накіруюць? Бо ў Краснаярску такой процьме людзей рабіць няма чаго.

— На такое пытанне не магу адказаць. Можа, яшчэ і само начальства не ведае, што з намі далей рабіць, — сказаў свайму сябру Міхась.

— Кажуць, у Нарыльск павязуць, — разважаў Чуркін.

— Можа, і ў Нарыльск. Там, я чуў, камбінат будуецца. Але пра гэта можна толькі здагадвацца.

— А ты, Міхась, бачыў, хто тут, акрамя такіх, як мы з табой, «загарае» на гэтых енісейскіх берагах? — пытаўся Чуркін. — Афіцэры былых прыбалтыйскіх буржуазных дзяржаў — Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сярод іх ёсць нават генералы. Пойдзем, я табе пакажу.

— Пакажы, я з цікавасцю пагляджу на іх, бо ніколі яшчэ не даводзілася бачыць афіцэраў замежных дзяржаў у форме.

— Ды цяпер яны ўжо не замежныя — нашы, але пакуль што ходзяць у сваёй ранейшай форме.

— Дык яны ж, пэўна, інтэрніраваныя, — заўважыў Міхась.

Чуркін узяў Міхася за руку і павёў да Енісея, дзе размяшчаўся лагер інтэрніраваных — афіцэраў Літвы, Латвіі, Эстоніі. Яны за калючым дротам ганарліва разгульвалі па роўнай пляцоўцы, пагардліва гледзячы на схуднелых, апранутых у лахманы і абутых у рваныя кордавыя чаравікі зэкаў. Глядзелі і пасмейваліся, як з вышыні птушынага палёту.

— Бачыш, як яны пагардліва глядзяць на нас? — заўважыў Чуркін. — Думаюць, што яны самі ніколі такімі не будуць. А таго не ведаюць, што і іх прывязлі сюды не на экскурсію, бо Юзік шуткаваць не любіць.

— Так, ты, Іван, праўду кажаш, — згадзіўся Міхась, — наш «вялікі бацька» дарма хлебам карміць не стане. Праз нейкі час ім дадуць у рукі ламы, кіркі, рыдлёўкі, якімі яны так жа, як і мы, будуць зарабляць сабе на хлеб надзённы. Бачыш, якія яны спраўныя і самаўпэўненыя? А прыйдзе час — яны будуць выглядаць горш за нас з табой. Яны пакуль што пра гэта, канечне, не ведаюць, але хутка зразумеюць.

Трое сутак сябры былі разам на ўзбярэжжы ракі. Яны шмат чаго расказвалі адзін аднаму пра тое, што бачылі пасля разлукі і што перажылі за гэты час. Ім і на самай справе не хацелася цяпер расставацца. Але ж у такіх месцах ды яшчэ ў такі час ніхто з іхнім жаданнем не хацеў лічыцца.

— Як там цяпер адчуваюць сябе мае родныя на ціхім Доне? — уздыхаў Чуркін. — Добра як добра, а калі немец дойдзе да тых мясцін, што тады?

— Ад фашыстаў дабра не чакай. Калі яны дойдуць да нашых мясцін, то нашы родныя хлёбнуць гора-горачка, — гаварыў Міхась. — Фашызм — страшная з’ява на зямлі!..

Омскія прэлюдыі

Неўзабаве пасля гэтай гутаркі на пляцоўку, дзе быў размешчаны эшалон нявольнікаў, з’явіўся нейкі лагерны начальнік са спісам у руцэ і звярнуўся да ўсіх:

— Увага, слухайце ўважліва. Асобы, прозвішчы і імёны якіх буду называць, падыходзьце да мяне і станавіцеся вось тут, збоку.

І ён пачаў чытаць спіс.

Праз нейкі час збоку ад яго стаяў ужо амаль увесь былы эшалон. У гэтым спісе быў і Міхась.

— А цяпер бярыце свае рэчы і за мною, — скончыў ён.

— Вы забылі назваць прозвішча Чуркіна Івана, — не стрымаўся сам Чуркін.

— Чуркіна паклічам у наступны раз, а пакуль у спісе ён не значыцца, — адказаў начальнік.

— Ну што ж, Ваня, бывай, а можа, і зноў дзе-небудзь сустрэнемся, — сказаў на развітанне Міхась да свайго засмучанага сябра.