Выбрать главу

Алекса глядзеў на Айдзін, што корпалася ля ачага, а начамі нячутна слізгала да яго ў ложак, як пакорлівая рабыня, і адчуваў віну перад ёю, таму што сэрца яго было халодным, як у зімовую доўгую ноч згаслая жароўня. Ён быў сталым, моцным мужчынам, скроні яго серабрыліся шэранню, ён мог абдымаць позіркам вялізны свет і зазірнуць у чалавечыя душы — але свая душа нібы выслізвала ад уласнага позірку, расплывалася, цьмянела… Яму хацелася даць хаця трохі цяпла гэтай жанчыне, ён абдымаў яе, і часта шаптаў ласкавыя словы, і гладзіў яе худзенькае цела. А яна аднойчы сказала горка:

— Вы не любіце мяне, таму не хочаце, каб я нараджала вам дзяцей…

Ён спачатку здзівіўся, хацеў запярэчыць, а пасля зразумеў, што гэта так і ёсць, што ён не хоча нічога, што звязвала б яго з гэтай жанчынай. Калісьці ён кахаў, і сэрца рабіла насуперак розуму, але розум узяў сваё, кіраваў пачуццямі і спапяляў любы парастак, што мог яшчэ ўзрасці ў яго душы.

— Тады ідзі ад мяне, я дам табе волю, — сурова сказаў ён Айдзін, ды тая ўпала ў ногі і, абняўшы іх, плакала так, што ён нарэшце паклаў руку на яе галоўку, але адчуў жорсткасць валасоў і тонкія костачкі чэрапа і адно змог прамовіць глуха:

— Заставайся, толькі не лезь у душу…

І яна маўчала, толькі часам абдымала яго, як непрытомная, і ён усур’ёз думаў пра тое, што піяла з чаем, які яна падае яму кожную раніцу, адцясніўшы Заміру і зрабіўшы яе пакорлівай, можа стаць для яго апошняю…

Аднойчы, калі дыспут скончыўся, галоўны кадзі Бухары аб’явіў, што за ерась і супраціўленне законнай уладзе прысуджаны да смяротнага пакарання багаслоў Рашыд з подлага племені Саманідаў, якія ўсё яшчэ лічаць сябе ўладарамі Бухары.

Вяшчальнік яшчэ раз паўтарыў гэта гучным голасам і прачытаў указ. І тут жа на мінарэце, што ўзвышаўся над плошчай насупраць новага, які толькі пачаў будавацца, паказаліся маленькія постаці людзей, што трымалі за рукі чалавека ў белай павязцы на твары. Ён выгінаўся і адчайна адбіваўся ад вартаўнікоў.

Народ на плошчы аслупянеў: хаця пакаранні смерцю былі частыя, Саманідаў не чапалі — занадта свежай была памяць аб эміру Ісмаілу, пры якім Бухара стала багатай і славутай. Цюркі Сельджукіды, якія зусім нядаўна прыйшлі да ўлады, лічыліся з былой славай папярэднікаў, асабліва не чапалі тут і багасловаў, а Рашыд быў адным з самых знатных і вядомых.

— Праклятыя югуры! — прашаптаў нехта побач. — Невукі, якім бы хацелася зрабіць такімі ж і нас, іранцаў!

Злавіўшы погляд Алексы, чалавек у жаху закрыў рот, ціха слізгануў у натоўп.

Алекса хацеў пайсці адсюль, але было позна — народу прыбывала, з навакольных вуліц, пачуўшы вестку, беглі рамеснікі і гандляры. Натоўп ужо хваляваўся, шумеў. Прачытаўшы ўказ, вяшчальнік падняў галаву, і ў той жа момант суддзя махнуў белай хусткай.

Нейкае жудаснае імгненне здавалася, што чалавек завіс у паветры — халат яго шырока раскрыўся, рукі былі растапыраныя… Людзі кінуліся ва ўсе бакі — і амаль у той жа момант пачуўся глухі пляскат, удар і крык, які адразу ж захлынуўся, заглух…

Багаслоў Рашыд упаў ля самых ног Алексы. Чэрап яго трэснуў і разваліўся на кавалкі, густая чырвоная кроў хутка паплыла ад галавы, і бела-ружовае месіва, што пырснула на ногі і на халат Алексы, здалося распаленай рудой, якая прапякае наскрозь, да самых касцей… Закружылася галава. Расхінаючы народ рукамі, ён выбраўся з натоўпу, хутка пайшоў дадому.

Нібыта чымсьці атручаны, ён ванітаваў доўга і пакутліва, пасля да ночы піў зялёны кок-чай, дзівячыся з таго, што ён, воін, які столькі бачыў смерцяў і гора, зніякавеў ад выгляду мерцвяка.

Прыходзіў Саміні, але, трохі пагаварыўшы, пайшоў, ціха зачыніўшы дзверы, таксама замаркочаны.

Увайшла Айдзін, стала запальваць папяровыя ліхтарыкі, закрываць шторамі разьбяныя рашэцістыя аканіцы, каб не зазіралі ў пакой чужыя. Тонкія смуглявыя рукі яе дакладна вымалёўваліся на пабеленай сцяне, круглы тварык быў задуменны і таксама маркотны. Нясмела зіркнула на яго — і апусціла вочы, абведзеныя сурмою.

Ён глядзеў на яе не адрываючыся.

— Хадзі сюды, — паклікаў, і яна лёгка скокнула насустрач, абвіла яго плечы рукамі.

Холад і адзінота ў яго сэрцы адступілі, ён лашчыў цёплае смуглявае цела, адчуваючы нястрымную прагу жыцця, шалёную радасць існавання, а пасля — ціхую ўдзячнасць і стому…

Гэтая ноч, калі павярнула на вясну і скрозь цёплы, вільготны туман прабіліся першыя парасткі, з’яднала іх. Жыць стала трохі цяплей.

Аднойчы Саміні прыйшоў заклапочаны і пахмурны. Пакуль жанчыны мітусіліся, накрываючы дастархан, ён сядзеў, зрэдку ўстаўляючы колькі слоў.

— Прынясі віна! — коратка загадаў Заміры.