Выбрать главу

— Можа, згуляем у шахматы? — прапанаваў Алекса.

Саміні моўчкі пахітаў галавой.

— Што з табою, паважаны? — не вытрымаў нарэшце Алекса.

— Вай-вай, Аль-Іса, не выйдзе з цябе адзіба, — дакорліва паіранізаваў госць. — Не можаш дачакацца, пакуль сам скажу. А прынёс я табе, як чорны вястун, нядобрае.

Пасля госць разгаварыўся.

— Галоўны еўнух атрымаў вялікі падарунак, каб прасіць у эміра тваё месца для свайго родзіча. І праўда, падумай сам — ты жывеш тут, у палацы, ужо тры гады, а не падліпала і не гнешся ні перад кім. Двойчы я адстойваў цябе, але ж са мною таксама можа ўсякае здарыцца… У палацах няма справядлівасці, я нядаўна прагневаў уладара і ад ката выратаваўся цудам.

Ён прагна выпіў піялу, пасля другую.

— Што ж мне рабіць, куды ісці? А бібліятэка. — напачатку ажно разгубіўся Алекса.

— У прыюце для састарэлых ёсць месца наглядчыка. Праўда, гэтае месца — месца тугі і гора, а тваё сэрца ўсё болей становіцца падобным да воску, але ж затое там далёка ад прыдворных і ад горада няблізка… А галоўнае — там жыве мой далёкі родзіч, чалавек смірны і богабаязны, але ён умее паводзіць сябе з вышэйшымі адпаведна… Пакуль не насціг цябе гнеў эміра — а галоўны еўнух умее выклікаць той гнеў, і дастаткова паламанай кветкі, дажджу, таго, што любімая наложніца чхнула… Аль-Іса, сябра мой, ідзі ў прыют! Я дапамагу табе атрымаць званне табіба-лекара.

— Але… грошы? Я толькі пачаў іх збіраць, а званне табіба каштуе нямала, — разгублена казаў Алекса, ды Саміні перабіў яго:

— Я дам іх табе… А ты пасля, калі разбагацееш, аддасі…

— Што ты надумаў? — ціха запытаў Алекса, гледзячы ва ўпор на сябра. Толькі цяпер ён заўважыў, як пастарэў, азыз Саміні. Ён шмат п’е, у хмелю маўчыць і зацята думае аб нечым.

— Не пытайся. — Саміні востра глянуў у вочы Алексу, махнуў рукою, працытаваў:

З-за сыноў смуткуе той, хто мае сыноў. Той, хто мае кароў, плача з-за кароў. Прыхільнасці прыносяць людзям адно гора. Толькі той не смуткуе, хто ні да чаго не прывязаны.

— Бачыш — царствы рассыпаліся, пяскамі замяло камяні, а словы жывыя, і памруць яны, калі памрэ апошні чалавек, — Саміні расчырванеўся, разгаварыўся. Такім гаваркім быў ён упершыню.

— У мяне няма дзяцей, мае жонкі бясплодныя, як зямля ў пустыні, — паскардзіўся. — Я доўга думаў, за што такая няміласць лёсу. А аднойчы прыйшла думка — можа, таму, што вялікі Алах не хоча, каб чалавек сваёй мудрасцю набліжаўся да яго? Ён уклаў у мяне розум, даў галаву і вочы, якія бачаць многае з таго, што не бачаць іншыя… Людзі захапляюцца мною, але наш уладар стаміўся ад мяне, хоча, каб кожнае слова яго прымалася нібы прароцтва… І я, я сам ужо хачу, каб мае вочы і мой язык былі такімі ж, як у навакольных, што крычаць і славяць ягоную мудрасць. Але яны, мае вочы, відаць, выдаюць мяне, бо колькі разоў, сустрэўшыся са мной позіркам, ён цьмянеў і адварочваўся! Што мне рабіць?!

Тым разам яны заседзеліся да раніцы. А праз нейкі час Алекса перайшоў у прыют састарэлых, што знаходзіўся за горадам.

Перавёз няхітры скарб, забраў Айдзін і Заміру.

У бібліятэку ён усё ж прыходзіў Саміні вымаліў гэтую літасць у эміра. Так цягнулася яшчэ два гады.

Але аднойчы, прыйшоўшы як звычайна да дзвярэй кнігасховішча, Алекса ўбачыў у кустах спалоханага Расула, былога свайго памочніка.

— Толькі з-за вашай дабрыні, ака, чакаю вас тут, — сказаў ён.

— Шаноўны Саміні, — тут жа паправіўся, — пракляты Алахам Саміні сказаў дзёрзкасць вялікаму эміру, і сёння ўначы яго пакаралі смерцю. Загадана вынішчыць усіх родзічаў злачынцы. Сцеражыцеся і вы, ака!

Стукаючы зубамі ад жаху, хлопчык знік. Алекса стаяў нерухома. Пасля, ледзь перасоўваючы цяжкія ногі, пабрыў прэч. Спахапіўся, што не запытаўся ў хлопчыка, дзе цела Саміні, але пасля ўспомніў — пакараных смерцю хавалі ля старой дарогі, адразу за гарадскім мазарам — могілкамі гараджан. Яе перасякала новая, вымашчаная каменнем дарога, што вяла да славутых яблыневых садоў Мульяна, спадчыны Саманідаў. Можа, спачатку паехаць дадому, лацвей будзе закапаць гаршчэчак з сярэбранымі дырхемамі, якія збіраў на дарогу да дому? Але не, Саміні ён абавязаны пахаваць сам, сваімі рукамі: «Можа, ты ўспамінаеш пра сябра толькі тады, калі ён патрэбны табе? Хай беражэ вас бог, браты мае, вас, якіх з’ядноўвае… нейкая боская еднасць… вас, якіх з’ядноўвае голас Праўды…»

Ён ішоў да мазара доўга — ацяжэлыя ногі здаваліся жорнамі, круціўся, мітусіўся ў вачах нейкі надаедны, густы рой машкары, так што даводзілася спыняцца, церці вочы. На кароткі час свет яснеў, пасля пачыналася тое самае. Сонца грэла гарачэй і гарачэй.