Ля мазара ён спыніўся. Блакітныя, пашчэрбленыя часам маўзалеі здаваліся прахалоднымі. Трэба было адпачыць, можа, і прылегчы на якую хвіліну — трашчала, раскалвалася галава. Ён прайшоў за грабніцу, на светлых плітках якой паўтараўся раз за разам паўмесяц — і як праваліўся ў не нагрэтую яшчэ зямлю.
Прачнуўся імгненна і не мог адразу ўцяміць, дзе ён і што з ім. Амаль побач раздавалася аднастайнае, цягучае мармытанне, шархацела гліна, сноўдаліся людзі. Некага хавалі. Відаць, пахаванне было багатае, таму што покрыва, у якое загарнулі нябожчыка, было прыгожае, густа затканае фіялетавым і жоўтым, насілкі — з сандалавага дрэва, а на мужчынах, што абкружылі магілу, былі раскошныя апраткі.
Алекса ўстаў, абтрос сухую гліну са штаноў, пайшоў быў з мазара, але не ўтрымаўся, запытаўся ў сухенькага, кволага старога — можа, жабрака, можа, абмывальшчыка:
— Каго хаваюць?
— Бадзію, жонку купца Абдурахмана Ахмада Ібн Мухамада! — адказаў той, міргаючы слязлівымі вочкамі.
— Каго? — перапытаў Алекса і зноў няўцямна паўтарыў: — Каго?
Стары, дакорліва гледзячы на яго, адказаў зноў, а пасля, павагаўшыся, дадаў:
— Калі ты ведаеш купца Абдурахманбека, то памаліся за яго — ён знік без следу ў далёкай дарозе.
…Гарачы вецер нечакана прамчаўся па могілках, закружыў сухі пыл. Алекса затаіў дыханне — раптам прыўзнімецца покрыва, раптам убачыць ён твар Бадзіі… Не, залататканы покрыў быў цяжкі, вецер не змог нават паварушыць яго…
Пасля кароткага сну галава праяснела, але ў грудзях было задушліва, і Алекса дыхаў каротка, сутаргава, хапаючы ротам паветра. Цяжка пайшоў далей — трэба было спяшацца.
…Памочнік галоўнага ката Бухары і яго падручныя былі на месцы — яны заканчвалі капаць магілу, у якую скінуць асуджаных. Здаровыя, звераватыя хлопцы спачатку сустрэлі Алексу варожа, але некалькі дырхемаў адразу змянілі іх настрой.
— Хочаш развітацца — на што? — сказаў памочнік. — Ты ж не ўваскрэсіш Саміні! А так… Відаць, смелы ты чалавек ці абавязаны чым яму, га?
Алекса нічога не адказаў, прысеў каля цела Саміні, закручанага ў грубую рагожку. Галава ляжала тут жа, пад рукой пакаранага, вочы Саміні былі заплюшчаныя, на губах застыла слабая ўсмешка. Смяротная жаўцізна не паспела пакрыць твар, толькі завастрыўся нос ды на шчацэ была крывавая пляма. Алекса ўзняў галаву, пацалаваў Саміні ў схаладнелы лоб. На рукавы халата нечакана лінулася цёмная, амаль чорная кроў нябожчыка.
Памочнік і яго памагатыя тым часам скончылі капаць яму, пачалі сцягваць трупы, яшчэ раз уважліва аглядаючы іх, каб не прапусціць чаго каштоўнага.
— Я пахаваю яго асобна, — папрасіў Алекса. Яны пераглянуліся, і ён аддаў ім апошнюю манету.
Яны ўправіліся з работай першыя і, сеўшы пад чынару, глядзелі, як ён, цяжка дыхаючы, заканчваў сваю работу. Але насыпаць гурбік зямлі над нябожчыкам не дазволілі.
— Чым хутчэй зарасце гэтае месца травою, тым лягчэй трапіць ён у рай, — сказаў памочнік, працытаваў:
Алекса паклаў рыдлёўку, прысеў каля свежай зямлі.
— Правільна, — сказаў ён. — Я ведаю, што
Але, — памаўчаўшы, дадаў ён — Саміні быў абраным, і мне блага без яго.
Памочнік, абмываючы рукі, засмяяўся:
— Малайчына, мусульманін. Шкада, што мы не пагаворым болей пра Рудакі. Але калі табе захочацца самому хаваць сваіх сяброў — прыходзь!
Яны пайшлі, пасмейваючыся, загаварылі пра жанчын, пакінуўшы рыдлёўкі пад навесам.
Алекса да вечара сядзеў пад платанам, глядзеў на зямлю, што паступова падсыхала, рабілася цвёрдаю, як жалеза. Восенню пойдуць дажджы, праб’ецца трава — яна тут гусцейшая, чым дзе, кустоўе расце нібы само сабою… Яблыневым пахам цягнула ад Мульяна, зеляніна на кустах была свежая, магутная, усё буяла і красавалася пад гэтым сінім бяздонным небам… Ён змыў з халата кроў Саміні, яна, разбаўленая вадою, сцякала на зямлю і таксама навечна ўпітвалася ў яе. О, колькі крыві і колькі сыноў сваіх штогод прымае зямля, якая страшная процьма пайшла невядома куды і нашто!
Вечарам, калі нарэшце дабраўся да дому, ён не ўбачыў там ні Айдзін, ні Заміры. Ворагі Саміні пастараліся на славу — забітыя былі яго родзічы, забіты быў бы і Алекса, сябра Саміні, калі б застаўся тут. Што сталася з Айдзін, хто забраў яе — Алекса не стаў шукаць, у каго б запытаць пра гэта.